Добры дзень, Алесь!
Вельмі рады за цябе, што шмат чытаеш і што кнігі збольшага даходзяць. Ведаю з уласнага досьведу, што чытаньне кніг ня проста задавальненьне, але і значная для грамадзтва дзейнасьць. Не-не, ня сьмейся, так і ёсьць.
Калісьці, у пачатку 1990-х, мы першы раз пераехалі ў Вільню зь Беларусі, памянялі кватэру. Тады такія справы рабіліся толькі праз абмен, а Літва яшчэ была Савецкім Саюзам, так бы мовіць, адзінай прасторай. Настрашаныя літуанізацыяй расейцы тады ўцякалі зь Літвы ў Беларусь, а мы, наадварот, ехалі ў Літву, каб наладзіць тут беларускае жыцьцё: Таня мелася стварыць у Вільні беларускую тэлевізію, а я зь сябрамі аднаўляў выхад легендарнай віленскай беларускай газэты «Наша Ніва». Апроч іншага, мы мелі схільнасьць да перамены месцаў і раз на тры гады пераяжджалі.
Дык вось, у кожнай новай кватэры (аднойчы гэта нават была кватэра беглага бандыта ў вышуку) Таня дні напралёт чытала кнігі — «чысьціла аўру». Прычым чысьціла да такой ступені, што атмасфэра ў доме рабілася лёгкай і прыцягальнай. У нас заўсёды зьбіралася шмат сяброў. А перад чарговым пераездам ужо стаяла чарга ахвотных жыць у нашым жытле.
Я ўявіў сабе, калі б сёньня ў Беларусі ў кожнай кватэры людзі заселі за чытаньне кніг — і такім чынам даволі хутка ачысьцілі б аўру цэлай краіны. Тады зь Беларусі прыходзілі б толькі добрыя навіны, якія пакуль што калі і прыходзяць, дык толькі з далёкага сьвету.
Вось Джо Байдэн уступіў у вольныя муляры, стаў 16-м прэзыдэнтам ЗША — масонам, паведаміла Канфэрэнцыя Вялікіх Майстроў. У гэтай гісторыі шмат незвычайнага. І тое, што адбылося ўсё 19 студзеня, у апошні дзень прэзыдэнцкай кадэнцыі Байдэна, напярэдадні інаўгурацыі Трампа. Гэта значыць, Байдэну важна было зафіксаваць сваё масонства не калі-небудзь, а менавіта як дзейнаму прэзыдэнту. І тое, што Байдэн стаў чальцом Вялікай лёжы Prince Hall штату Паўднёвая Караліна, якая з часоў расавай сэгрэгацыі аб’ядноўвае галоўным чынам афраамэрыканцаў. І асабліва тое, што новага брата прынялі адразу ў ступені майстра, мінуўшы дзьве папярэднія — вучня і чалядніка. За заслугі перад Амэрыкай.
Мяне як знаёмага з масонствам знутры зьдзівіла якраз гэта — новы брат ня стаў вучнем, гэта значыць не прайшоў рытуалу ініцыяцыі — умоўнага завяршэньня ранейшага жыцьця і нараджэньня для жыцьця новага.
Але падумаў я не пра Байдэна, а пра «нашы агароды». Годнасьць масона ў беларускім вольным мулярстве ніколі не надавалася «за заслугі» ці «экстэрнам». Бо такі парадак супярэчыць рэгулярным масонскім статутам усіх часоў і народаў на працягу трохсот гадоў вольнага мулярства. Самых высокіх і заслужаных людзей Беларусі (а таксама людзей паважнага веку) прымалі толькі праз ініцыяцыю. То бок у Prince Hall фармальна парушылі працэдуру, што ў Беларусі цалкам недапушчальна. Вядома, у кожным правіле бываюць выключэньні і ці так ужо добра, што ў нас, беларусаў, іх ня можа быць?
Пра беларускую адданасьць парадку, дысцыплінаванасьць і чынашанаваньне шмат дыскутуюць у сеціве. І пра тое, якімі гранямі можа часам павярнуцца гэты крышталь парадку, які мы, беларусы, так шануем у сабе. Парадак, на першы погляд, гэта добра, але ж пасьлядоўны, «геамэтрычны» (калі ўсё пад лінарку) працяг яго раптам і абарочваецца тым, што сёньня робяць беларусы ў Беларусі ў дачыненьні да сваіх суайчыньнікаў. Маю на ўвазе гвалт сілавікоў і хлусьню судзьдзяў, выслужлівасьць сьледчых і пракурораў — тое, што становіцца важнейшым за факты. У фанатычным падпарадкаваньні вышэй пастаўленаму начальству яны забываюць і пра закон, і пра тое, што яны такія самыя беларусы, як і тыя, каго яны гвалтуюць. Не магу ўявіць сабе ў такой ролі, напрыклад, літоўцаў ці палякаў, — каб мучылі сваіх супляменьнікаў. Дакладней, уявіць магу, але толькі ў тыя часы, калі яны былі несвабодныя, а кіравалася ўсё з Масквы.
У Літве я з гэтым сутыкнуўся яшчэ ў пачатку 1990-х, калі мы на год спазьніліся прыватызаваць кватэру, бо законны тэрмін прайшоў, пісаць заяву не выпадала, і нам параілі напісаць просьбу. Мы толькі пераехалі зь Беларусі і зь вялікім зьдзіўленьнем пераконваліся, што гэта працуе. Вакол блякада, дэфіцыты, неўладкаванасьць... Пэнсіянэрам няма чым плаціць «камуналку». Яны пішуць просьбу, і... такім чынам іх жыцьцё наладжваецца. А жыцьцё людзей у маштабах краіны гарманізуецца. Інакш кажучы, усталяваная такая сыстэма, калі рэальна працуюць законы і калі яны нязьменна на баку чалавека, а ня ўлады, не чыноўнікаў. Тут самы лепшы індыкатар — прэзумпцыя невінаватасьці, закон, які ў падмурку мае якраз не парадак, а гармонію.
Гіпэрбалізаваны парадак імкнецца да прымітыўнага падпарадкаваньня чалавека ўладзе, калі можа быць «не да законаў», калі заўсёды мае рацыю ўлада (чыноўнікі), а вінаваты заўсёды чалавек, за падаткі якога і існуюць чыноўнікі. У Беларусі цяпер такая мадэль даведзеная да сваёй дасканаласьці, то бок, па сутнасьці, да абсурду.
Адваротная мадэль, якая, між іншым, выразна прапісаная ў большасьці канстытуцыяў сьвету, у тым ліку і беларускай, — гармонія. На праўдзівым шляху да гармоніі заўсёды захоўваецца вяршэнства законаў. Як паўтараюць, між іншым, вольныя муляры ўсяго сьвету на сваіх паседжаньнях: «Толькі закон можа даць нам свабоду».
Сканчаю, каб не тлуміць табе галавы.
Трымайся і шмат чытай.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум