Улады Беларусі не публікуюць у адкрытым доступе статыстыкі аб колькасьці грамадзян, якія выехалі за мяжу. Паводле падлікаў незалежных экспэртаў, якія грунтуюцца на падставе зьвестак аб дазволах на жыхарства ў іншых краінах, колькасьць тых, выехаў пасьля 2020 году зь Беларусі, можа сягаць адзнакі ў 600 тысяч.
І гэты працэс не спыняецца. 10 лютага супольнасьць «Кібэрпартызаны» апублікавала ўнутраны дакумэнт сталічных уладаў — даведку аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці Менска за студзень–травень 2022 году. У ёй прыводзяцца зьвесткі, што кожны трэці жыхар Менску гатовы выехаць зь Беларусі назаўжды ці на некаторы час. Прычына — напружанасьць на лініі грамадзтва — улада.
«Значная частка сталічных жыхароў (40%) мяркуе, што адносіны паміж уладай і народам характарызуюцца вострымі супярэчнасьцямі. Неабароненымі ад свавольства чыноўнікаў адчуваюць сябе 43% рэспандэнтаў. Толькі 4% зьвязваюць надзеі на паляпшэньне свайго жыцьця зь мясцовымі органамі ўлады, 8% — з агульнадзяржаўнымі», — гаворыцца ў дакумэнце.
Свабода пагаварыла зь некалькімі беларусамі, якія зусім нядаўна выехалі ў іншыя краіны, і распытала іх аб прычынах ад’езду.
«З эміграцыі здаецца, што нібыта ўсе выехалі, але яно ня так»
Антон (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) выехаў зь Беларусі зусім нядаўна, бо непакоіўся за сваю бясьпеку. Затрыманьні пачаліся ў вузкім коле знаёмых.
«Людзей знаёмых выехала шмат, але і шмат тых, хто застаецца ў Беларусі, хто заангажаваны ў беларушчыну. І далёка ня ўсе зьедуць. Прыкладна можна сказаць, што з майго кола знаёмстваў палова зьехалі, палова засталіся», — кажа суразмоўца.
Таксама Антон адзначае, што жыцьцё ў Беларусі не замёрла. Ёсьць культурныя імпрэзы, ёсьць новыя музыкі і творцы.
«Падрастае пакаленьне, якое не было закранутае рэпрэсіямі 2020 году, яны так ці інакш будуць нарошчваць культурны слой. З эміграцыі здаецца, што нібыта ўсе выехалі, але яно ня так. Нават калі нехта застаецца ў андэрграўндзе, ён стварае культурны слой і культурнае поле», — кажа суразмоўца.
На ягоную думку, эміграцыя зь Беларусі цяпер набыла рысы «роўнага патоку». Шмат хто выяжджае ў іншыя краіны, бо «не адчуваецца ніякіх пэрспэктыў і прасьвету».
«Хваляў выезду не відаць, гэта ідзе нейкім роўным патокам. Рэпрэсій ня стала менш; нехта выходзіць з-за кратаў, але гэта не азначае, што яны паменшалі. Рэпрэсіі сталі менш публічнымі. Машыну рэпрэсій можна спыніць толькі зьверху, а пакуль загаду ня будзе, нічога ня зьменшыцца», — падсумоўвае суразмоўца.
Антон гаворыць і пра тое, як успрымаюцца ў Беларусі лідэры дэмакратычных сілаў у эміграцыі.
«Патрабуюць санкцыі і ціск — ок. Яны заяўляюць, што ціснуць на рэжым, а не на беларусаў, а пасьля ўвялі забарону, што нельга прывезьці ў краіну туалетную паперу і яшчэ процьму тавараў. І супраць каго гэта?», — дадае суразмоўца.
Трэцяга чэрвеня 2024 году Літва забараніла экспарт сельскагаспадарчых і шэрагу іншых тавараў зь Беларусі, у выніку беларусы сутыкнуліся пры перасячэньні мяжы з сытуацыяй, калі не маглі перавезьці празь яе прадукты для асабістага карыстаньня.
«Заставаўся б, калі б ня моцная небясьпека»
Марк (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) адбыў у Беларусі 15 дзён адміністрацыйнага арышту, бо трапіў пад адну зь перадвыбарных «зачыстак». Пасьля пад пагрозай крымінальнай справы вымушаны быў выехаць за мяжу. Гэта адбылося некалькі месяцаў таму.
«У мяне з групы, у якой я вучыўся ва ўнівэрсытэце, у Беларусі засталіся 2-3 чалавекі з 30і. Нехта таксама хоча выехаць, але яго не рэлякуе кампанія, няма магчымасьці паехаць. У асяродку актывістаў, удзельнікаў НДА людзі выяжджаюць. Аднак шмат і застаюцца», — кажа хлопец.
Таксама ён згадвае маладое пакаленьне, якое ў 2020 годзе яшчэ вучылася ў школе.
«Яны ўсё гэта назіралі праз навіны, абмяркоўвалі ў школе. Яны больш асьцярожныя, але і сьвядомыя таксама. Яны не засталі нейкіх „тыдняў роднай мовы“ ці тусовак. У іх ёсьць беларускамоўныя гурты, і ўсё. Аднак яны вельмі дасьведчаныя. Наогул, знутры няма адчуваньня „выпаленай зямлі“. Там мы ўсе граем ролю такога Штырліца», — кажа хлопец.
Таксама Марк дадае, што людзі, не зьвязаныя з актывізмам, не гавораць пра пераезд.
«У іх зразумелае жыцьцё, у іх на радзіме бацькі, мінімальная маёмасьць. Я б таксама не выяжджаў, калі б не небясьпека. І гэта нягледзячы на тое, што бачыш гэтыя чацьвёркі сілавікоў у горадзе ўвесь час», — разважае суразмоўца.
«Хваля эміграцыі цяпер не такая рэзкая і экспрэсіўная»
Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў Уладзімер Жыгар зьвяртае ўвагу на рост колькасьці вакантных працоўных месцаў у Беларусі, што сьведчыць аб працягу эміграцыі.
«Тады людзі маглі сабрацца і паехаць у адзін дзень. Пасьля пачалася вайна і выяжджалі людзі, якія не маглі з гэтым зьмірыцца, яны баяліся, што вайна закране і іх. Цяпер відаць, што эміграцыя працягваецца: амаль 200 тысяч вакантных працоўных месцаў, рынак працы правісае. Цяпер гэта больш удумлівыя рашэньні. Людзі прадаюць маёмасьць, рыхтуюцца», — кажа Жыгар.
На гэты момант у агульнай рэспубліканскай базе вакансій 188 435 працоўных месцаў. Пра рост дэфіцыту кадраў чыноўнікі ў Беларусі гавораць з 2022 году.
Форум