Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2025 году ў Беларусі ў некалькі разоў павялічылася колькасьць адміністрацыйных працэсаў паводле артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») і 24.23 («Несанкцыянаванае пікетаваньне»). Паводле праваабаронцаў і экспэртаў, улады перастрахоўваліся. Зь «нядобранадзейнымі» праводзіліся прафіляктычныя гутаркі, іх запалохвалі, каб людзі «не высоўваліся».
Падчас такіх размоваў сілавікі пачалі даставаць пасты, перапосты з сацсетак, якія людзі рабілі яшчэ ў далёкім 2020-м. Хаця гэта практыкавалася і раней, але ня так актыўна, сьцьвярджае юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС).
«У 2024 годзе кожны працоўны дзень адбывалася мінімум 20 адміністрацыйных судоў (усяго за год — 5890). Амаль палова вядомых выпадкаў — паводле артыкула 19.11 („Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў“). Гэта толькі зафіксаваныя выпадкі, бо часта і сваякі асуджаных, і самі людзі не хацелі публічнасьці і замоўчвалі ўсё. Думалі, што чалавек адседзіць ціхенька 15 дзён і пра яго забудуцца. А тут перад выбарамі — істотны рост выпадкаў адміністрацыйнага перасьледу.
Гэта можа быць зьвязана і з тым, што сыстэма ня можа спыніцца, пакуль не было адпаведнай каманды зьверху. Таксама гэта можа быць зьвязана са справаздачнымі момантамі — у заканадаўстве аб барацьбе з экстрэмізмам адкрыта напісана, што ўсе органы мусяць даваць справаздачу: хто з сыстэмы які ўнёсак робіць», — кажа Вікторыя.
Яна тлумачыць, што гэта прапісана ў пастанове Савету Міністраў Беларусі ад 12 кастрычніка 2021 г. № 575 «Аб захадах процідзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму». Органы, якія вядуць гэтую барацьбу, мусяць даваць справаздачу ў МУС не радзей за адзін раз на паўгода (не пазьней за 15 студзеня і 15 ліпеня). Магчыма, тэрмін 15 студзеня амаль супаў з выбарам, і таму сілавікі актывізаваліся.
Канвэер пасьля выбараў
У папярэднія перад выбарамі тыдні толькі ў Берасьцейскай вобласьці паводле артыкулу 19.11 судзілі па 20-30 чалавек у тыдзень. Выбары прайшлі, а за тыдзень з 27 па 31 студзеня 2025 году ў той жа Берасьцейскай вобласьці за перапост экстрэмісцкіх матэрыялаў асудзілі сама меней 42 чалавекі, сьцьвярджаюць праваабаронцы. 28 і 31 студзеня ў судзе Берасьцейскага раёну судзілі дзьве сям’і: Васіля, Сьцяпана, Людмілу і Паліну Кавальчукоў, а таксама Паўла, Аляксандра і Данілу Сьцепанюкоў.
Шмат людзей асудзілі ў Віцебскай вобласьці. У Паставах маладую сямейную пару Яўгена і Луізу Радзевічаў, у Мёрах — загадчыцу сэктару «Беларусбанку» Алу Катлярэнку, піша @vicspring.
5 лютага ў Гомлі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі Дзьмітрыя і Васіля Стагурскіх — брата і бацьку палітычнага ўцекача, які браў удзел у акцыі ў Ізраілі, прымеркаванай да выбараў, і якому пагражаў прапагандыст Рыгор Азаронак.
У Рагачове былую палітзняволеную Юлію Касьцючэнку, якая ў 2023 годзе была асуджаная за абразу Лукашэнкі на 1 год калёніі і цалкам адбыла тэрмін, двойчы асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»: 22 студзеня і 5 лютага. Вынікі мінулага і новага суду невядомыя, піша «Гомельская Вясна».
40-гадовага Андрэя (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) таксама двойчы асудзілі паводле артыкула 19.11. Першы раз яшчэ да выбараў, на 15 дзён. Нібыта знайшлі ў тэлефоне ў сацсетках «ВКонтакте» і ў Facebook перапосты артыкулаў з парталу Tut.by за 2019 і 2020 гады, калі партал яшчэ ня быў прызнаны экстрэмісцкім. А пасьля выбараў мужчыну судзілі другі раз.
«Пасьля першых 15 сутак а 19-й гадзіне мяне выпусьцілі, але літаральна праз 15 хвілін затрымалі зноў. На наступны дзень быў суд, гэтам разам далі 10 сутак, таксама за перапосты. Я зразумеў, што гэта можа быць бясконца... Ніякія аргумэнты, што я даўным-даўно ўжо не карыстаюся сеткай „ВКонтакте“, ды і перапостам з Tut.by ужо больш за 5 гадоў, і парталу ўжо няма больш за 4 гады, ня мелі плёну. Мне наагул пагражалі крыміналкай. Не хачу я гэта абмяркоўваць, няма сэнсу — вычысьціў і закрыў усе акаўнты», — расказаў Свабодзе пасьля адбыцьця другога тэрміну Андрэй.
«Каб трымаць людзей у напружаньні»
Былая адвакатка, а цяпер юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill, якая пагадзілася пагутарыць са Свабодай на ўмовах ананімнасьці, зазначае, што ў нармальнай сытуацыі адказнасьці за перапосты ў інтэрнэце на палітычныя тэмы не павінна быць. Але ў Беларусі відавочна, што гэта выключна палітычны склад правапарушэньня.
«Улады могуць бясконца так рабіць, калі вы ў Facebook ці Instagram посьцілі нейкія СМІ, якія прызналі экстрэмісцкімі. Гэта робіцца, каб прыцягнуць да адказнасьці людзей, нязгодных з уладай.
Калі было б штосьці іншае (не палітычны складнік), нават паводле беларускага заканадаўства гэта можна было кваліфікаваць як так званае „працяглае правапарушэньне“, і быў бы адзін суд і адно рашэньне — „суткі“ ці штраф. Гэта робіцца спэцыяльна, каб трымаць людзей у напружанасьці, ціснуць на іх», — мяркуе юрыстка.
Калі гэта адбывалася да так званых «выбараў», гэта яшчэ можна было зразумець, дадае яна. Навошта гэта робіцца цяпер?
«Я мяркую, што ў большасьці людзей былі надзеі, што пасьля выбараў штосьці зьменіцца, рэпрэсіі спыняцца. Але гэтага не адбылося», — кажа юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill.
Адзіночнае пікетаваньне выявай «харчовай прадукцыі»
Акрамя артыкулу 19.11 («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), улады ўсё часьцей сталі выкарыстоўваць і артыкул 24.23 («Несанкцыянаванае пікетаваньне»), заўважылі праваабаронцы.
Два тыдні таму Свабода расказвала пра настаўніцу матэматыкі зь Ляхавічаў Тацяну Крапіневіч, якая праз данос Вольгі Бондаравай вымушаная была тэрмінова пакінуць краіну. Крапіневіч пагражаў судовы працэс за «несанкцыянаванае пікетаваньне». Пад уражаньнем прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, пратэстаў супраць фальсыфікацый вынікаў Тацяна апублікавала некалькі пастоў з фатаздымкамі ў Instagram увосень 2020-га. У прыватнасьці, бел-чырвона-белую пасьцілу і майку з надпісам «Перамены пачынаюцца на нашых уроках». У 2021 годзе Тацяна выдаліла ўсе падпіскі і пасты. Але перад выбарамі, у сьнежні 2024 году, яны нечакана «ўспылі» ў сацсетках даносчыцы Бондаравай: цягам 5 дзён тая апублікавала 9 допісаў, у якіх абвінавачвала настаўніцу ў «змагарстве».
У пратаколе, які Тацяна Крапіневіч атрымала зь Ляхавіцкага РУУС, сьцьвярджалася наступнае:
«21 лістапада 2020 года, у дакладна ня вызначаны час, у нявызначаным месцы, зь нявызначанай прылады ў сваім акаўнце сацыяльнай сеткі Instagram, без адпаведнага дазволу Ляхавіцкага райвыканкаму, у парушэньне арт. 9–1 закону Рэспублікі Беларусь „Аб масавых мерапрыемствах“, публічна выказваючы асабістыя і грамадзка-палітычныя інтарэсы, пратэстуючы супраць дзейнай улады, разьмясьціўшы фатаграфію з выявай „Перамены пачнуцца на тваіх уроках“ і фатаздымак з выявай бела-чырвона-белай харчовай прадукцыі, ня маючы на тое адпаведнага дазволу, ажыцьцяўляла адзіночнае пікетаваньне».
Юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill кажа, што, паводле беларускіх законаў, за 4 гады скончыўся тэрмін даўнасьці за такое «злачынства».
«У артыкуле 7.6 дакладна прапісана, што адміністрацыйнае спагнаньне можа быць накладзена не пазьней за 2 месяцы з дня зьдзяйсьненьня, пры працяглым злачынстве — не пазьней за 2 месяцы з дня выяўленьня.
Ну а тэрміны вынясеньня рашэньня ня могуць перавышаць 1 года з дня ўчыненьня фізычнай асобай правапарушэньня, а пры зьдзяйсьненьні працяглага правапарушэньня — 1 года з моманту яго выяўленьня або спыненьня», — працытавала Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях юрыстка.
Гэта значыць, у выпадку абвінавачваньня настаўніцы Тацяны Крапіневіч, якая пост разьмясьціла ў 2020-м, а ў 2021 годзе выдаліла, яе наагул не маглі прыцягнуць да адказнасьці.
«Але фраза высокага чыноўніка, прамоўленая ў 2020-м („Часам не да законаў“) дзейнічае бясконца», — кажа юрыстка.
Як засьцерагчы сябе ад арышту ці вялізнага штрафу за перапосты, якія цяпер кваліфікуюцца як «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», калі «часам не да законаў?» Праваабаронца «Вясны» Вікторыя выказала такую думку:
«Падчас пэрыяду да выбараў, пачынаючы з восені, рэпрэсіі ў цэлым павялічыліся адпаведна напружаньню Лукашэнкі і яго паплечнікаў. Выбары хаця і прайшлі, але фармальна гэта яшчэ ня ўсё.
Сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў імкліва расьце, пашыраецца штотыдзень. Гэта значыць, што трапіць пад перасьлед яшчэ прасьцей, бо проста немагчыма ведаць усе каналы інфармацыі з гэтага сьпісу. Таму хочацца даць параду: лепш проста ні на што не падпісвацца, ня лайкаць і не камэнтаваць — гэта неадэкватная, але рэалістычная заканамернасьць», — дае параду праваабаронца.
Форум