31 студзеня ў Баранавічах 34-гадовы мясцовы жыхар сарваў чырвона-зялёны сьцяг з фасаду крамы, на яго завялі справу паводле артыкулу аб зьдзеку з дзяржаўнай сымболікі (арт. 370 КК). Пра гэта паведаміла Генпракуратура.
Перамяшчэньне мужчыны адсачылі па гарадзкіх камэрах назіраньня. На допыце ён сказаў, што сарваў сьцяг «пад узьдзеяньнем алькаголю» і ня памятае пра тое, што адбылося.
У Гомлі будзе яшчэ адзін суд за «парушэньні на выбарах»
На 14 лютага ў судзе Савецкага раёну Гомля заплянаваны суд паводле арт. 10.9 КаАП («парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян»). Адміністрацыйная справа, якую прызначаны разглядаць судзьдзя Дзьмітры Юр'евіч, складзеная супраць гомельца Яўгена Бадракова, піша «Гомельская Вясна».
Зусім нядаўна, 29 студзеня, Яўгена Бадракова ў гэтым жа судзе судзілі за «распаўсюд экстрэмізму» (арт. 19.11 КаАП). Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Мохараў. Вынік судовага пасяджэньня высьвятляецца.
У Сянно за «экстрэмізм» судзілі спэцыялістку ў кадрах і ідэалягічнай рабоце Вікторыю Рэксьць
Вікторыя Рэксьць таксама зьяўляецца кіраўніцай нізавой прафсаюзнай арганізацыі Сеньненскага райспажыўтаварыства.
Гэтая «пярвічка» лічыцца адной з найлепшых у раёне, яе кіраўніцу Вікторыю Рэксьць неаднаразова ўзнагароджвалі за актыўнасьць па прафсаюзнай лініі. Апрача гэтага, 34-гадовую жыхарку райцэнтру ў 2016 і 2019 гадах вылучалі ў склад выбарчых камісій ад БРСМ.
11 лютага справу прафсаюзнай актывісткі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») разглядалі ў судзе Сеньненскага раёну. Працэс узначальвала судзьдзя Інна Досава.
Суд Сеньненскага раёну 11 лютага разьбіраў і яшчэ адну справу за «распаўсюд экстрэмізму». Старшыня суду Натальля Барысавец судзіла паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП прадавачку крамы «Беліта-Вітэкс» Юлію Якубовіч. Для дзяўчыны гэта быў ужо другі адміністрацыйны суд за «экстрэмізм», піша «Віцебская Вясна».
Форум