«Відавочна, некаторыя людзі лічаць яго небясьпечным ворагам», — сказала яна, размаўляючы з карэспандэнтам агенцтва AFP у Менску, дзе яна засталася, нягледзячы на пагрозу рэпрэсій.
68-гадовы Мікола Статкевіч — даўні апанэнт аўтарытарнага лідэра Аляксандра Лукашэнкі, які кіруе Беларусьсю больш за тры дзесяцігодзьдзі. 63-гадовая Адамовіч кажа, што яе муж адседзеў у турме «больш за 11 з паловай гадоў» з моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе.
У дзень свайго апошняга перавыбраньня 26 студзеня Лукашэнка папярэдзіў, што тыя, хто выступае супраць яго, апынуцца ці ў выгнаньні, ці ў турме. Турма — для тых, хто «занадта шырока разявіў рот», сказаў ён.
Статкевіч, былы афіцэр савецкай арміі, і Марына Адамовіч былі часткай поўнага надзей маладога пакаленьня, калі іх радзіма стала незалежнай у 1991 годзе, піша агенцтва.
«Людзі думалі, што кожны дзень будзе лепшым за папярэдні», — сказала яна.
«Павольнае забойства»
Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе і з таго часу ўмацоўваў сваё праўленьне шляхам жорсткіх рэпрэсій супраць апанэнтаў і прымусам грамадзянскай супольнасьці да маўчаньня, піша далей AFP.
Крытыку ўраду зачышчаюць, а служба бясьпекі КДБ, якая захавала назву з савецкіх часоў, зноў стала ўсемагутнай.
Упершыню Статкевіч трапіў у турму ў 1999 годзе, а затым у 2005 і 2011 гадах пасьля няўдалай барацьбы з Лукашэнкам. Ён атрымаў 6 гадоў пазбаўленьня волі за арганізацыю масавых дэманстрацый, перш чым быў памілаваны Лукашэнкам у 2015 годзе пасьля «чатырох гадоў, васьмі месяцаў і трох дзён» турмы, сказала Адамовіч.
Свой досьвед Статкевіч называў «павольным забойствам».
31 траўня 2020 году яго зноў арыштавалі, затрымаўшы па дарозе на акцыю з заклікам вызваліць блогера Сяргея Ціханоўскага, арыштаванага пасьля таго, як абвясьціў пра свае пляны балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах у жніўні таго ж году.
Жонка Ціханоўскага Сьвятлана Ціханоўская ў выніку вылучыла сваю кандыдатуру, што прывяло да беспрэцэдэнтных масавых пратэстаў супраць абвінавачаньняў у фальсыфікацыях.
У сьнежні 2021 году Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў змове з мэтай арганізацыі масавых беспарадкаў. Праваабарончыя групы лічаць гэта чарговай расплатай за гады апазыцыі Лукашэнку.
Яго адправілі ў папраўчую калёнію № 13, турму строгага рэжыму, дзе ўтрымліваюць рэцыдывістаў, якія лічацца небясьпечнымі, а таксама зьняволеных, першапачаткова асуджаных на сьмяротнае пакараньне, якім потым зьмянілі кару на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Адамовіч гаворыць, што ягоная камэра там мае памеры «мэтар на тры мэтры», у якасьці ложка — мэталічная дошка. Ёсьць пацукі, а на шпацыр зьняволеным даюць толькі паўгадзіны на дзень.
Спачатку яна атрымлівала ад яго лісты два разы на тыдзень. Але празь некалькі тыдняў пасьля шпіталізацыі з пнэўманіяй уся сувязь абарвалася. Апошні раз яна нешта атрымлівала два гады таму — 9 лютага 2023 году.
«З таго часу я нічога ня чула», — сказала Адамовіч.
Бяссонныя ночы
Іншыя зьняволеныя апанэнты Лукашэнкі, такія як Ціханоўскі і Марыя Калесьнікава, таксама знаходзяцца пад вартай бяз зносінаў з вонкавым сьветам. Агулам у краіне каля 1200 палітвязьняў, у тым ліку ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, паведамляе праваабарончая арганізацыя «Вясна».
Чаканьне асабліва балючае для Марыны Адамовіч, бо многія сябры і сваякі сужэнцаў уцяклі за мяжу пасьля рэпрэсій у 2020 годзе. Яе саму некалькі разоў затрымлівалі.
Яна гаворыць, што ў гэтыя дні можа заснуць толькі каля 5-й раніцы — час пад’ёму ў турме.
«Я кажу яму „прывітаньне“ і толькі тады кладуся спаць», — сказала яна.
«Я веру ў яго, я веру, што ён будзе трымацца», — сказала яна, выказаўшы надзею на «цудоўную будучыню» для іх як пары і для краіны агулам.
Калі Статкевіч апошні раз выходзіў на волю ў 2015 годзе, Марына Адмовіч сказала, што амаль пяці гадоў разлукі як быццам не было.
«Спадзяюся, што так і будзе», — са сьлязьмі на вачах сказала яна.
Форум