Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», толькі за студзень 2025 году зафіксавана 506 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій — затрыманьні, вобшукі, адміністрацыйны і крымінальны перасьлед. Усяго ж з 2020 году як мінімум 7915 чалавек сутыкнуліся з крымінальным перасьледам з палітычных матываў. У адносінах да 6650 чалавек былі вынесены палітычна матываваныя прысуды, сьцьвярджаюць праваабаронцы.
Пры гэтым, паводле беларускага заканадаўства, у 2025 годзе заканчваецца тэрмін прыцягненьня да адказнасьці паводле некаторых так званых «экстрэмісцкіх артыкулаў».
«Цяжкія», «менш цяжкія» і «асабліва цяжкія»
Тэрміны прыцягненьня да адказнасьці прапісаныя ў артыкуле 83 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Паводле яго, чалавек вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, калі з моманту зьдзяйсьненьня злачынства прайшло 2, 5, 10 ці 15 гадоў. «Экстрэмісцкія» артыкулы падпадаюць пад розныя катэгорыі. Гэта «менш цяжкія» (5 гадоў прыцягненьня да адказнасьці), «цяжкія» — 10 гадоў і «асабліва цяжкія» — 15 гадоў.
Да «менш цяжкіх» адносяцца наступныя «экстрэмісцкія» артыкулы:
- абраза Лукашэнкі ці службовай асобы (артыкулы 368, 369);
- садзейнічаньне ці фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці (артыкулы 361-4, 361-2);
- зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў (артыкул 370);
- удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342);
- дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (артыкул 369-1).
Калі падазраваны ці абвінавачаны выехаў за мяжу, то бок «хаваецца ад сьледзтва і суду», адлік тэрміну даўнасьці прыпыняецца. У такім выпадку тэрмін адновіцца з дня затрыманьня ці яўкі з павіннай.
Тэрмін даўнасьці 10 гадоў маюць такія злачынствы, як:
- удзел у масавых беспарадках (артыкул 293);
- гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненьні міліцыянта (артыкул 364);
- распальваньне варожасьці (артыкул 130);
- стварэньне ці ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні (артыкул 361-1);
- заклікі да санкцый (артыкул 361).
15 гадоў — тэрмін прыцягненьня да адказнасьці за:
- здраду дзяржаве (артыкул 356);
- змову з мэтай захопу ўлады (артыкул 357);
- акт тэрарызму (артыкул 289).
Прыпыняць і падаўжаць
Як стала вядома Свабодзе, ужо ў студзені 2025 году некаторыя абвінавачаныя паводле палітычных артыкулаў сутыкнуліся з тым, што прайшоў 5-гадовы тэрмін даўнасьці з моманту «зьдзяйсьненьня злачынства». У прыватнасьці, гаворка пра «неляяльныя да ўладаў» камэнтары, пакінутыя ў 2020 годзе.
«Сапраўды, у маёй практыцы было такое, што майму падабароннаму здымалі некаторыя артыкулы за 2020 год. Але пакінулі тыя, дзе тэрмін прыцягненьня да адказнасьці 10 гадоў. Гэта тычыцца найперш камэнтароў у інтэрнэце. Некаторыя былі расцэненыя як „абраза прадстаўніка ўлады“, іншыя — як „распальваньне варожасьці“, дзе тэрмін прыцягненьня да адказнасьці 10 гадоў», — патлумачыў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці юрыст, які працягвае практыку ў Беларусі.
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва дадае, што большасьць «экстрэмісцкіх» артыкулаў маюць тэрмін даўнасьці 5 гадоў. Але гэта ня значыць, што калі чалавек правёў гэтыя гады за мяжой, то можа вяртацца ў Беларусь і не баяцца палітычнага перасьледу.
«Калі чалавек гэтыя ўсе 5 гадоў быў у Беларусі і толькі ў 2025-м, скажам, у канцы гэтага 2025 году па яго „прыйдуць“, вылічыўшы на здымках ці відэа, то яго ня змогуць прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел у акцыі пратэсту. Скончыўся тэрмін даўнасьці. Калі ж чалавек знаходзіцца ў вышуку ці хаваецца ад органаў сьледзтва і суду, то тэрмін даўнасьці прыпыняецца», — патлумачыла юрыстка.
Форум