Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН заклікалі памілаваць ці зьмякчыць прысуд зьняволеным за палітычныя погляды пажылым людзям у Беларусі


Турма. Ілюстрацыйнае фота
Турма. Ілюстрацыйнае фота

Незалежныя экспэрты ААН атрымалі сьпіс з 63 чалавек (у тым ліку 15 жанчын), старэйшых за 60 гадоў, якія пазбаўленыя волі ў Беларусі за рэальную або меркаваную прыналежнасьць да палітычнай апазыцыі.

Большасьць з асуджаных пажылых людзей адбываюць турэмнае зьняволеньне тэрмінам да 25 гадоў, іншыя ўтрымліваюцца ў сьледчых ізалятарах ці зазнаюць прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Некаторыя зьняволеныя пакутуюць ад хранічных захворваньняў, вострых ці цяжкіх хвароб, а некалькі зь іх маюць інваліднасьць. Па паведамленьнях, трое зьняволеных ва ўзросьце, старэйшым за 60 гадоў, утрымліваюцца бяз сувязі з вонкавым сьветам.

Некаторыя з гэтых пажылых людзей таксама ўключаныя ў афіцыйныя сьпісы экстрэмістаў ці тэрарыстаў.

«Згодна з рознымі крыніцамі, зьняволеныя, уключаныя ў гэтыя сьпісы, зазнаюць розныя формы жорсткага абыходжаньня, уключаючы ўтрыманьне пад вартай бяз сувязі з вонкавым сьветам і адмову ў своечасовай і адэкватнай мэдыцынскай дапамозе, а таксама абмежаваньні на перапіску і грашовыя пераводы, — заявілі мандатарыі. — Адзін з затрыманых, якому 67 гадоў, утрымліваецца пад вартай бяз сувязі з вонкавым сьветам зь лютага 2023 году і можа быць ахвярай гвалтоўнага зьнікненьня», — гаворыцца ў дакумэнце ААН.

20 чэрвеня 2024 году Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб амністыі, а 3 ліпеня ён быў апублікаваны і набыў моц. Закон прапануе амніставаць асоб, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту (63 гады для мужчын і 58 гадоў для жанчын). Аднак амністыя ня будзе распаўсюджвацца на зьняволеных, асуджаных за такія злачынствы, як грубае парушэньне грамадзкага парадку, дзеяньні, накіраваныя на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім, паклёп на прэзыдэнта ці дыскрэдытацыя Беларусі, якія часта выкарыстоўваюцца для палітычна матываваных перасьледаў. Амністыя таксама ня будзе распаўсюджвацца на зьняволеных, уключаных у сьпісы асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасьці.

Экспэрты ўказалі на супярэчнасьць беларускага заканадаўства аб супрацьдзеяньні тэрарызму і экстрэмізму зь міжнародным правам правоў чалавека і на тое, што яно часта выкарыстоўваецца для перасьледу палітычных апанэнтаў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў і праваабаронцаў.

«Мы зноў заклікаем Беларусь прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць са сваімі міжнароднымі абавязаньнямі і вызваліць усіх асоб, несправядліва асуджаных».

Яны таксама заклікалі забараніць дыскрымінацыю за палітычныя перакананьні і распаўсюдзіць амністыю на ўсіх пажылых людзей, зьняволеных у турму па палітычных абвінавачаньнях.

Адзначаецца, што экспэрты ААН зьвязваліся з урадам Беларусі ў гэтым пытаньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG