Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму жанчынам у гомельскай калёніі штучна ствараюць дэфіцыт пракладак


Гомельская калёнія, архіўнае фота
Гомельская калёнія, архіўнае фота

Пэрыядычна я думаю, што горш ужо быць ня можа, але кожны раз памыляюся. Улады зноў прыдумалі, як зрабіць жыцьцё зьняволеных жанчын, у тым ліку палітычных, яшчэ больш невыносным. Перадаць у гомельскую калёнію пракладкі цяпер можна толькі двойчы на год.

Рабская праца на швейцы, зьдзекі праз прымус татальна прыбіраць сьнег узімку (да асфальту), гадзінныя пастраеньні і ў сьпёку, і ў вялізны мароз — гэтага ўсяго аказалася недастаткова. Трэба яшчэ больш зьдзекаў, бо ў канцэпцыю беларускай турмы на самой справе не ўваходзіць панятак «выпраўленьне». Турма мусіць калечыць і ламаць.

Адсутнасьць ці нясвоечасовасьць мэдычнай дапамогі, шантаж, пагрозы і прыніжэньні, прымус пісаць прашэньні аб памілаваньні і здымацца ў прапагандысцкіх фільмах — усё гэта робіцца для таго, каб жанчыны ламаліся.

У кнізе Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча» ёсьць такі фрагмэнт: «Ідзем мы. Чалавек дзьвесьце дзяўчат. Сьпёка стаіць, лета, і пасьля нас вось такія чырвоныя плямы застаюцца на пяску... Ну як ты тут што схаваеш». Гэтае апісаньне з Другой сусьветнай вайны хутка, відаць, стане актуальным і ў гомельскай калёніі. Лукашэнка дзесяцігодзьдзямі паўтарае «Абы не было вайны», але вось уласнымі рукамі (відавочна, што ён кантралюе ўсе новаўвядзеньні) стварае жанчынам і вандроўку ў часе, і ўмовы як на вайне. Гэта ён так з жанчынамі не ваюе, трэба разумець.

Былая палітзьняволеная Дар’я Афанасьева пасьля вызваленьня з турмы шмат расказвае, наколькі цяжкія там умовы: «Вольнага часу ў мяне амаль не было. Ты альбо на інвэнтарных работах, альбо на дзяжурстве, альбо прыбіраеш сьнег. Калі ён падае, адпачынак забаронены. І колькі ён кладзецца, столькі мы ходзім і чысьцім, пакуль ня будзе бачны асфальт». Гэта цяжка і ў самыя звычайныя дні, а што, калі мэнструацыя?

А што, калі спачатку яе не было некалькі месяцаў, а потым яна ўжо трэці месяц не спыняецца? Уладам, вядома, пляваць. Колькі пракладак дашлюць у перадачы раз на паўгода, столькі і можна выкарыстаць. Інакш круціся як хочаш.

У TikTok’у я неяк бачыла акаўнт былой зьняволенай з ЗША, якая расказвала, што з адной пракладкі жанчыны там робяць 3–4 тампоны. Амэрыканская сыстэма таксама ня надта клапоціцца пра здароўе і гігіену жанчын, вось і даводзіцца неяк выкручвацца. Праз паўгода-год мы даведаемся, як у новых умовах выкручваюцца беларускі.

Тыя, з кім Лукашэнка не ваюе, і тыя, пра каго так шмат прыгожых словаў кажуць восьмага сакавіка і ў Дзень маці. Мяне гэты спэцыфічны сьвяточны патас раздражняе акурат тым, што ён ніяк не зьвязаны з рэальнасьцю, у якой жывуць жанчыны. На словах шмат клопату, любові і павагі, а на практыцы — калі ўлады маюць магчымасьць сапсаваць нам жыцьцё, яны абавязкова ёю карыстаюцца.

Проста таму што могуць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG