Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сама меней 254 палітвязьні знаходзяцца ў асаблівай рызыцы за кратамі. Блінкен і Ціханоўская заклікалі іх вызваліць


Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Сярод больш як 1400 палітычных зьняволеных у Беларусі ёсьць тыя, якія знаходзяцца ў вельмі кепскім стане.

2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што шэраг асуджаных з палітычных матываў у Беларусі неўзабаве могуць выйсьці на волю.

Гаворка найперш пра цяжкахворых (перш за ўсё на анкалёгію) асуджаных у Беларусі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году.

«Не зьдзіўляйцеся, калі празь некалькі дзён на волю выйдуць „вельмі цяжкахворыя“, як пішуць, нашы, якія не пасьпелі зьбегчы і знаходзяцца ў месцах не такіх аддаленых, якія ламалі і разбуралі краіну ў 2020 годзе. Але гэта сапраўды цяжкахворыя. У асноўным з ракавымі захворваньнямі», — сказаў Лукашэнка.

Паводле стану на 3 ліпеня, у Беларусі 1409 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, пры гэтым рэальная колькасьць асуджаных з палітычных матываў можа быць большай.

Некаторыя палітвязьні маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым неабходнай мэдычнай дапамогі яны, як правіла, не атрымліваюць. Паводле зьвестак «Вясны» на пачатак траўня, праваабаронцам вядома сама меней пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы, сярод іх — 91 чалавек зь цяжкім станам здароўя, 65 тых, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем), 16 з інваліднасьцю.

Хто зь беларускіх палітзьняволеных знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі

Паводле зьвестак на пачатак траўня, праваабаронцам вядома ня менш як пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх:

  • 91 чалавек у цяжкім стане здароўя;
  • 65 чалавек, старэйшых за 60 гадоў (шмат хто зь іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем);
  • 40 шматдзетных маці і бацькаў;
  • 23 маладзёны, якія былі затрыманыя непаўналетнімі;
  • 16 чалавек з інваліднасьцю;
  • 10 чалавек з мэнтальнымі разладамі;
  • Вядома пра як мінімум пра 5 сямей, дзе абое бацькоў знаходзяцца за кратамі.

Самы старэйшы з палітвязьняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, якога адправілі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычную лякарню за абразу Лукашэнкі.

Як мінімум 91 чалавек цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні ў цяжкім стане здароўя. У няволі кожнае захворваньне прагрэсуе хутчэй: акрамя адсутнасьці кваліфікаванай мэдычнай дапамогі, на гэта ўплываюць умовы ўтрыманьня — нястача сьвежага паветра, дрэннае харчаваньне, пастаянны псыхалягічны ціск і стрэс. Гэта прыводзіць да таго, што нават тыя праблемы, якія не абвастрыліся б у нармальных умовах, у зьняволеньні зьяўляюцца для людзей сур’ёзнымі праблемамі.

У цяжкім фізычным стане знаходзяцца Андрэй Войніч, Аляксандар Фядута, Мікіта Залатароў, Арсень Майсейчык, Ігар Мінц, Яўген Люльковіч, Вольга Залатар, Арцём Баярскі.

Ёсьць палітвязьні без хранічных хваробаў, але якія цяжка перахварэлі за кратамі. Гэта Яўген Бароўскі, Марфа Рабкова. У многіх іншых — Марыі Калесьнікавай, Анджэя Пачобута, Дзяніса Івашына і г. д. — таксама былі праблемы.

Яшчэ мінімум 16 чалавек у зьняволеньні маюць інваліднасьць. За кратамі ўтрымліваюць і людзей з анкалягічнымі захворваньнямі, напрыклад Ксенію Луцкіну, Паўла Кучынскага, Руслана Слуцкага, Яўгена Бурло.

Рыгор Кастусёў, акрамя таго, што хворы на рак, яшчэ ўваходзіць і ў катэгорыю палітвязьняў, старэйшых за 65 гадоў. Таксама ў ёй Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Галіна Дзербыш, Вацлаў Арэшка і іншыя.

Мінімум дзесяць чалавек знаходзяцца ў месцах зьняволеньня з мэнтальнымі разладамі.

Сяргей Верашчагін, Вячаслаў Рагашчук, Аляксандар Капшуль, Віталь Мельнік сутыкнуліся з праблемамі са здароўем пасьля затрыманьня.

Ціханоўская заклікала да вызваленьня

Беларуская дэмакратычная лідэрка нагадала грамадзкасьці, што за кратамі памерлі ўжо сама меней 6 чалавек, якія знаходзіліся ў турмах Беларусі на палітычных падставах. Яна заклікала да вызваленьня тых, хто знаходзіцца ў цяжкім стане.

«Яны мусяць быць вызваленыя безумоўна. Іх неадкладнае вызваленьне — не палітычнае, а гуманітарнае пытаньне», — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

13 чэрвеня Ціханоўская паведаміла пра падрыхтаваны дэмакратычнымі сіламі «гуманітарны сьпіс» палітвязьняў, якіх заклікаюць неадкладна вызваліць. У яго ўвайшлі 16 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі, 91 — зь цяжкімі захворваньнямі, 65 пэнсіянэраў, 10 чалавек з псыхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама ня менш як пяць сем’яў, у якіх абое бацькоў знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі.

На 3 ліпеня ў Беларусі 1409 чалавек, якіх праваабаронцы прызнаюць палітвязьнямі. У рэальнасьці грамадзян, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме з палітычных прычын, значна больш.

Дзярждэпартамэнт ЗША: «Нашыя думкі зь іхнымі блізкімі»

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Энтані Блінкен павіншаваў беларусаў «з афіцыйным Днём Незалежнасьці». У віншаваньні, зьмешчаным на афіцыйнай старонцы Дзярждэпартамэнту, гаворыцца:

«Мы шануем мужнасьць 1500 беларускіх палітычных зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў палоне проста за спробу рэалізаваць свабоды, якія, як мяркуецца, нясе незалежнасьць. Мы заклікаем да іх безумоўнага вызваленьня, і нашыя думкі зь іхнымі блізкімі ў гэты дзень. Мы падтрымліваем тых, хто асьвятляе шлях да незалежнай, дэмакратычнай і сувэрэннай Беларусі, і мы працягнем узвышаць іх галасы, пакуль яны мужна перажываюць гэтыя цяжкія часы».

Што папярэднічала

Напярэдадні Лукашэнка загаварыў пра магчымае вызваленьне некаторых беларускіх палітвязьняў.

«Шэраг асуджаных праціўнікаў уладаў найбліжэйшым часам могуць выйсьці на волю», — цытуе заяву Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе з нагоды 3 Ліпеня ТАСС.

Як вынікае з заявы Лукашэнкі, гаворка найперш пра цяжкахворых (перш за ўсё на анкалёгію) асуджаных у Беларусі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году.

«Не зьдзіўляйцеся, калі празь некалькі дзён на волю выйдуць вельмі цяжкахворыя, як пішуць, нашы, якія не пасьпелі зьбегчы і знаходзяцца ў месцах не такіх аддаленых, якія ламалі і разбуралі краіну ў 2020 годзе. Але гэта сапраўды цяжкахворыя. У асноўным з ракавымі захворваньнямі», — сказаў Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG