Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад першай сустрэчы новага міністра абароны ЗША з калегамі па NATO


Піт Гэгсэт, архіўнае фота
Піт Гэгсэт, архіўнае фота

13 лютага міністры абароны краін NATO зьбіраюцца ў Бруселі на першую ў гэтым годзе сустрэчу. 12 лютага яны возьмуць удзел у першым паседжаньні аб дапамозе Ўкраіне ў фармаце Rammstein пад старшынствам Вялікай Брытаніі.

Усе позіркі на сходзе 13 лютага будуць скіраваныя на новага міністра абароны ЗША Піта Гэгсэта. Пасьля нядаўняга галасаваньня ў Сэнаце ЗША, калі віцэ-прэзыдэнт Дж. Д. Вэнс аддаў за яго вырашальны голас, 31 краіна NATO зараз хоча пачуць думку Гэгсэта пра шэраг рэчаў, у прыватнасьці пра вайну ва Ўкраіне, выдаткі на абарону і абавязаньні ЗША перад NATO, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Візыт Гэгсэта адбываецца на працягу тыдня, калі некалькі чыноўнікаў ураду ЗША прыяжджаюць у Эўропу ўпершыню за час знаходжаньня на пасадзе і на фоне значнай трансатлянтычнай напружанасьці. Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё плянуе наведаць Парыж 12 лютага, каб сустрэцца са сваімі брытанскімі, францускімі, нямецкімі, італьянскімі, польскімі, гішпанскімі і ўкраінскімі калегамі перад тым, як адправіцца на Мюнхэнскую канфэрэнцыю аб бясьпецы, якая зьбірае сусьветных лідараў, чыноўнікаў у галіне абароны і замежнай палітыкі.

Вэнс і спэцыяльны пасланьнік ЗША па Ўкраіне і Расеі Кіт Келаг таксама павінны зьявіцца на бясьпекавай канфэрэнцыі 14–16 лютага, але Гэгсэт адзіны, хто зьявіцца ў афіцыйнай міністэрскай абстаноўцы.

Чаго чакаць ад Гэгсэта ў Бруселі?

У паведамленьні Міністэрства абароны ЗША пасьля яго першай тэлефоннай размовы з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ 28 студзеня сьцьвярджалася, што яны «аб’ядноўваюць абавязаньні ў будаўніцтве больш моцнага альянсу NATO. Абодва кіраўнікі падкрэсьлілі важнасьць павелічэньня выдаткаў саюзьнікаў на абарону і пашырэньня патэнцыялу абаронна-прамысловай базы па абодва бакі Атлянтыкі».

Крыніца ў NATO, абазнаная аб ходзе размовы, сказала мне, што тая прайшла «лепш, чым чакалася». Да таго, як заняў сваю новую пасаду, Гэгсэт заявіў, што саюзьнікі Вашынгтона па NATO «састарэлыя, недаўзброеныя і імпатэнтныя», і сьцьвярджаў, што вайсковая арганізацыя не зьяўляецца «альянсам», а хутчэй «абаронным мэханізмам для Эўропы, аплачаным і гарантаваным Злучанымі Штатамі».

Сябрам NATO ў Эўропе будзе цікава даведацца, ці прытрымліваецца Гэгсэт пункту аб узаемнай абароне NATO, артыкулу 5 Статуту, пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней паставіў пад сумнеў жаданьне Злучаных Штатаў абараняць краіны, якія не выдаткоўваюць дастаткова сродкаў на абарону.

Выдаткі на эўрапейскую абарону абавязкова будуць абмяркоўвацца на сустрэчы міністраў. Прадстаўнікі NATO, зь якімі я размаўляў, лічаць, што Гэгсэт, хутчэй за ўсё, выступіць з рэзкім паведамленьнем. Раней Трамп казаў, што выдаткі на абарону, магчыма, давядзецца падняць да 5% валавога ўнутранага прадукту (ВУП).

Толькі Польшча набліжаецца да гэтых 5 працэнтаў, хоць Эстонія і Літва далі зразумець, што таксама павялічаць выдаткі да гэтага ўзроўню.

Усе, з кім я размаўляў у NATO, пагаджаюцца, што цяперашні ўзровень у 2% замалы, і чакаюць, што новая мэта, якая будзе ўзгоднена на саміце NATO ў Гаазе ў чэрвені, складзе каля 3-3,5%.

Як наконт прысутнасьці амэрыканскіх войскаў у Эўропе? Мала хто верыць, што Гэгсэт закране гэтае пытаньне на сваёй першай сустрэчы на ўзроўні міністраў, але перамовы на гэтую тэму, несумненна, адбудуцца вясной. Каля 100 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў разьмешчаныя на кантынэнце, у асноўным у Нямеччыне, Італіі і Вялікай Брытаніі.

У штаб-кватэры NATO ў Бруселі некаторы час выказваліся здагадкі, што амэрыканскія войскі могуць быць перакінутыя на ўсход, асабліва зь Нямеччыны, або што вялікая іх частка будзе цалкам перадысьлякаваная з Эўропы.

Потым, вядома, ёсьць далікатнае пытаньне Грэнляндыі, дацкай тэрыторыі, да якой Трамп выказаў інтарэс. Пакуль няма ніякіх прыкмет таго, што гэтае пытаньне будзе закранацца на сустрэчы міністраў, але цалкам магчымыя перамовы ў кулюарах.

Дагэтуль лінія NATO палягала ў тым, каб адзначыць, што ўвесь альянс мусіць узмацніць сваю прысутнасьць на Крайняй Поўначы, якая зьяўляецца Арктычным рэгіёнам і самымі паўночнымі часткамі Эўропы і Паўночнай Амэрыкі, пазьбягаючы далікатнага пытаньня, калі адзін саюзьнік па NATO выказвае інтарэс да тэрыторыі іншага сябра альянсу. І хоць Данія абмяркоўвала гэтае пытаньне як з Вашынгтонам, так і са сваімі эўрапейскімі саюзнікамі, Капэнгаген, падобна, не жадае афіцыйна ўносіць яго ў парадак дня ЭЗ і NATO.

Тэма вайны і міру ва Ўкраіне

У Брусэлі таксама будзе прысутнічаць міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў, бо адным з двух паседжаньняў міністэрскай сустрэчы будзе Рада NATO — Украіна. Па сутнасьці, Умераў дасьць абноўленую інфармацыю аб стане вайны, але большая частка размоў у кулюарах, хутчэй за ўсё, будзе сканцэнтраваная на ўзмацненьні размоў у СМІ і сярод дыпляматаў аб тым, што неўзабаве могуць пачацца нейкія мірныя перамовы з Масквой.

Ужо нейкі час я чую ад афіцыйных асоб NATO, што да мірнага пагадненьня яшчэ вельмі далёка. Як сказаў мне адзін амбасадар краіны NATO, «з расейскага боку няма ніякіх прыкмет таго, што яны гатовыя пагадзіцца на якія-небудзь саступкі. Вядома, яны хочуць сядзець за сталом з амэрыканцамі, але яны не зьбіраюцца заключаць дамову зараз, калі адчуваюць, што перамагаюць».

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG