Дадзеныя дасьледаваньня Генадзя Коршунава заснаваны на 30 глыбінных інтэрвію, піша «Люстэрка». 15 рэспандэнтаў знаходзяцца ў Беларусі, восем — у Польшчы і сем — у Літве. Удзельнікаў дасьледаваньня выбіралі па наступных крытэрыях: удзел у падзеях 2020-2021 гадоў у Беларусі і прыналежнасьць да пэўных сфэр дзейнасьці. Гэта журналістыка, адукацыя і навука, студэнцтва, мэдыцына, IT, бізнес, адвакатура, сфэра культуры, трэці сэктар і працоўны рух.
Чаму губляецца сувязь паміж беларусамі па розных баках мяжы?
З часам блізкія сувязі паміж беларусамі за мяжой і ўнутры краіны слабеюць — гэта адзначаюць практычна ўсе рэспандэнты. Асноўнымі прычынамі павелічэньня дыстанцыі становяцца час і побыт. А дакладней, непазьбежнае назапашваньне рознага досьведу рашэньня розных праблем.
Прычым гэта адбіваецца ня толькі на адносінах між тымі, хто «зьехаў» і «застаўся», але і на падтрыманьні сувязі паміж беларусамі з розных краін. Як адзначаў адзін з рэспандэнтаў, «праблемы розныя нават у Літве і Польшчы».
Уплывае і розьніца ў глыбіні перажываньняў і рэфлексіі. Паводле слоў Генадзя Коршунава, найбольш высокі яе ўзровень у тых, хто працягвае грамадзка-палітычную актыўнасьць унутры краіны. Асабліва гэта характэрна для сфэр, якія практычна поўнасьцю разбурылі: НДА, СМІ, культурны і мясцовы актывізм.
Сярод прычын ускладненьня ўзаемаадносін дасьледчыкі таксама называюць немагчымасьць або нежаданьне тых, хто знаходзіцца за мяжой, максымізаваць бясьпеку партнэрства з тымі, хто «застаўся». А таксама розныя інфапрасторы: беларусы ўнутры краіны вымушаныя абмяжоўваць прагляд рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі», а тыя, хто знаходзіцца за мяжой, як правіла, чытаюць менавіта іх. Такім чынам разбураецца адзінства інфармацыйнага поля.
У чым прычыны канфлікту?
Сярод прычын неразуменьня і крытыкі сацыёлагі выдзяляюць і суб’ектыўныя фактары.
У першую чаргу, гэта боль і фрустрацыя, якія ўзьнікаюць праз немагчымасьць рэалізаваць патрэбу ва ўласнай бясьпецы і прадказальнай будучыні. Але хаця рэальнасьць шмат у чым аднолькавая, спосабы спраўляцца зь ёй у беларусаў унутры краіны і за мяжой розныя. І гэта вядзе да назапашваньня рознага досьведу выжываньня.
У выніку беларусы па абодва бакі мяжы сутыкаюцца з непрапрацаванымі траўмамі, якія толькі пагаршае пастаянны працэс рэтраўматызацыі.
Другое пачуцьцё, пра якое казалі рэспандэнты, — крыўда і зайздрасьць. Як адзначае Коршунаў, на гэта шмат у чым уплывае «фэномен Instagram», калі ў сацыяльных сетках людзі ствараюць прыгажэйшую карціну свайго жыцьця, чым яна ёсьць насамрэч.
«У сацсетачках жа ніхто не посьціць, што, каб выжыць, выкладаецца на трох працах», — прыводзіць ён словы рэспандэнткі, якая жыве ў Польшчы.
Яшчэ адзін момант — недахоп інфармацыі, недаацэнка сытуацыі па іншы бок мяжы.
«Вы не разумееце ўсёй сытуацыі, бо вы не жывяце тут, вы не ведаеце ўсяго ціску», — казаў адзін з рэспандэнтаў, які знаходзіцца ў Літве.
Сацыёлагі таксама папрасілі суразмоўцаў апісаць тыя абвінавачаньні, якія, як яны мяркуюць, маглі б гучаць у іх бок. Так, беларусы, якія зьехалі, часьцей за ўсё чакаюць пачуць у свой бок інтэрпрэтацыю адʼезду як здрады, таму што «калі б столькі народу ня зьехала, мы б даўно перамаглі». А таксама абвінавачваньні ў тым, што хаця зьяжджалі дзеля таго, каб рабіць нешта карыснае для краіны, цяпер жывуць у бясьпецы, падарожнічаюць і думаюць толькі пра свае дыяспарныя праблемы.
Тыя, хто застаўся ў краіне, адзначалі, што чакаюць у свой адрас абвінавачваньні ў «здрадах» агульных мэтаў і ў вяртаньні да звыклага жыцьця, папрокі ў страху і маўчаньні, адсутнасьці актыўнасьці і нават абвінавачваньні ў калябарацыянізьме з рэжымам.
Пры гэтым рэспандэнтам з-за мяжы было даволі складана апісаць прэтэнзіі, якія «беларусы, якія зьехалі», прадʼяўляюць тым, хто застаўся. Тое ж самае казалі суразмоўцы ўнутры краіны. Практычна ўсе засяродзіліся на прэтэнзіях у свой адрас, што гаворыць аб большай адчувальнасьці да абвінавачаньняў, чым жаданьні абвінавачваць. А таксама пра тое, што шмат для каго важней апраўдаць свой выбар, чым крытыкаваць пазыцыю іншых. Таксама часта рэспандэнты казалі пра спагаду тым, хто знаходзіцца з процілеглага боку мяжы.
Форум