Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як здаровае харчаваньне ў сярэднім веку дапамагае старэць без хваробаў


Тое, што вы ясьце ў 40, 50 і 60 гадоў, можа прадказаць, наколькі здаровымі вы будзеце ў 70 гадоў, піша The Washington Post. Вялікае і шматгадовае дасьледаваньне паказала, што багатая расьліннай ежай і меншай колькасьцю ўльтраапрацаваных прадуктаў дыета наўпрост зьвязана са здаровым старэньнем.

Газэта расказвае пра вынікі 30-гадовага экспэрымэнту, падчас якога аўтары сачылі за харчовымі звычкамі больш 100 000 дарослых амэрыканцаў сярэдняга веку. Вынікі паказалі, што дыеты з адноснва вялікай колькасьцю расьліннай ежы — садавіны, гародніны, суцэльнага збожжа, ненасычаных тлушчаў, арэхаў і бабоў — былі зьвязаныя з больш высокай верагоднасьцю здаровага старэньня.

Дасьледаваньне і яго вынікі

Навукоўцы вывучылі самастойныя паведамленьні 105 015 амэрыканскіх мэдычных працаўнікоў сярэдняга веку пра іх дыетычныя мадэлі з 1986 па 2010 год, а затым ацанілі іх на маркёры здаровага старэньня ў 2016 годзе.

Кожныя чатыры гады ўдзельнікі паведамлялі, як часта яны ядуць тыя ці іншыя прадукты зь ліку 130 названых у анкетах. Пасьля навукоўцы вызначылі, наколькі строга кожны чалавек прытрымліваўся васьмі здаровых дыет, такіх, напрыклад, як міжземнаморская дыета, што аддае перавагу садавіне, гародніне і аліўкаваму алею.

Аказалася, што больш строгае выкананьне любой з васьмі дыетычных мадэляў было зьвязана з больш высокімі шанцамі на здаровае старэньне. Гэтыя дыеты складаліся з параўнальна вялікай колькасьці садавіны, гародніны, суцэльнага збожжа і ненасычаных тлушчаў, а таксама арэхаў, бабовых і абястлушчаных малочных прадуктаў.

Дыеты з высокім утрыманьнем транстлушчаў, натрыю, салодкіх напояў і чырвонага ці апрацаванага мяса былі зьвязаныя зь ніжэйшай верагоднасьцю здаровага старэньня. А ўдзельнікі, якія спажывалі больш за ўсё ўльтраапрацаваных прадуктаў, мелі на 32% ніжэйшыя шанцы на здаровае старэньне.

Таксама навукоўцы зрабілі выснову, што станоўчая карэляцыя паміж дыетай і старэньнем не залежала ад іншых асаблівасьцяў ладу жыцьця, у тым ліку фізычнай актыўнасьці, курэньня і індэксу масы цела.

Яшчэ адзін цікавы вынік экспэрымэнту паказаў, што расьлінная дыета без прадуктаў жывёльнага паходжаньня мае самую слабую сувязь са здаровым старэньнем з васьмі дыетычных мадэляў.

«Гэта сьведчыць аб тым, што тое, што вы ясьце ў сярэднім веку, можа адыгрываць вялікую ролю ў вашым старэньні», — сказала дацэнт катэдры харчаваньня ў Манрэальскім унівэрсытэце і вядучы аўтар дасьледаваньня, вынікі якога апублікаваныя ў Nature Medicine, Эн-Жулі Тэсье.

Агулам калектыў аўтараў складаўся з прадстаўнікоў Гарвардзкай мэдычнай школы, Капэнгагенскага і Манрэальскага ўнівэрсытэтаў. Яны вызначылі тэрмін «здаровае старэньне» як жыцьцё да 70 гадоў без хранічных захворваньняў, такіх як дыябэт і застойная сардэчная недастатковасьць, а таксама са станоўчымі адзнакамі кагнітыўнага, фізычнага і псыхічнага здароўя. Пасьля падвядзеньня вынікаў дасьледаваньня аказалася, што 9 771 яго ўдзельнік дасягнуў таго, што навукоўцы назвалі «здаровым старэньнем».

Звычайна, большасьць пажылых людзей маюць прынамсі адно хранічнае захворваньне. Папярэднія дасьледаваньні паказвалі, што дыеты, у якіх упор робіцца на расьлінную ежу і меншую колькасьць чырвонага і апрацаванага мяса, могуць зьнізіць рызыку сардэчна-судзінных хваробаў і сьмяротнасьці ад усіх прычын.

Але ў гэтым дасьледаваньні навукоўцы хацелі зразумець, ці могуць гэтыя дыетычныя рэкамэндацыі таксама палепшыць якасьць жыцьця чалавека ў пажылым узросьце. І атрымалі станоўчы адказ.

Парады для паляпшэньня рацыёну, калі вы набліжаецеся да 40-годзьдзя

Дасьледаваньне вывучала тэндэнцыі ў рацыёне людзей на працягу дзесяцігодзьдзяў. Восем дыет, якія параўноўвалі мэдыкі, агулам складаюцца з садавіны, гародніны, суцэльнага збожжа і ненасычаных тлушчаў, а таксама ўтрымліваюць менш чырвонага і апрацаванага мяса.

  • Сярод гэтых мадэляў харчаваньня былі так званы Індэкс альтэрнатыўнага здаровага харчаваньня, Альтэрнатыўны міжземнаморскі індэкс (Міжземнаморская дыета), Дыетычныя падыходы да спыненьня гіпэртаніі (DASH), Міжземнаморскае ўмяшаньне DASH пры нэўрадэгенэратыўнай затрымцы (MIND), Здаровая расьлінная дыета, Індэкс плянэтарнага здароўя, Эмпірычная запаленчая мадэль харчаваньня, Эмпірычны дыетычны індэкс гіпэрінсулінэміі.


Напрыклад, высокі бал у Індэксе альтэрнатыўнага здаровага харчаваньня азначае ўжываньне порцыі рыбы адзін раз у тыдзень і ня менш за пяць порцый гародніны, чатырох порцый садавіны, пяці-шасьці порцый прадуктаў з суцэльнага збожжа і адной порцыі арэхаў або бабоў у дзень.

Варыянт Міжземнаморскай дыеты, выкарыстаны ў дасьледаваньні, аддаваў перавагу аліўкаваму алею, рыбе і арэхам. А дыета MIND канцэнтравалася на ягадах.

Вынікі дасьледаваньня паказалі, што ўнівэрсальнай дыеты не існуе. Аўтары лічаць, што людзі могуць самі рэгуляваць перавагі і густы ў выбары здаровых прадуктаў.

Што кажуць іншыя экспэрты

Прафэсар грамадзкай аховы здароўя ва Ўнівэрсытэце Бэргена ў Нарвэгіі Ларс Фэднэс, камэнтуючы вынікі дасьледаваньня, сказаў, што яны вельмі добра карэлююцца зь іншымі дасьледаваньням расьлінных дыет.

Сам Фэднэс правёў некалькі дасьледаваньняў, якія паказваюць, што ўстойлівыя зьмены ў рацыёне чалавека — больш прадуктаў з суцэльнага збожжа, арэхаў, бабоў і менш чырвонага або апрацаванага мяса — могуць прывесьці да істотнага павелічэньня працягласьці жыцьця.

«Гэта ня значыць, што садавіна і гародніна не такія важныя, — кажа Фэдэнс. — Хутчэй, гэта азначае, што для многіх людзей іх першапачатковы рацыён быў бедны на бабовыя і арэхі».

Дацэнт катэдры мэдыцыны ў Бостанскім унівэрсытэце Маўра Ўокер сказала, што для большасьці людзей трэба гаварыць аб «паступовым паляпшэньні» іх рацыёну.

«Большасьць людзей не дасягае гэтай мэты, — кажа доктарка Ўокер. — Калі я гляджу на свае дадзеныя, я бачу, што большасьць людзей ня есьць ніякіх бабовых».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG