Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80% беларусаў, якія эмігравалі ў блізкае замежжа, гатовыя вярнуцца дадому пры зьмене ўлады, — экспэрт BEROC Львоўскі


Беларускія нацыянальныя сьцягі ў Вільні, Літва. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія нацыянальныя сьцягі ў Вільні, Літва. Ілюстрацыйнае фота

У апытаньні ўдзельнічалі беларусы, якія жывуць у Польшчы і Літве і былі вымушаныя пакінуць радзіму пасьля падзей 2020 году

80% беларусаў, якія эмігравалі, «зьбіраюцца вярнуцца ў краіну пры ўмове, што ў ёй зьменіцца ўлада», заявіў акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі, прадстаўляючы 17 чэрвеня ў Бэрліне прамежкавыя вынікі апытаньня, якое праводзіцца пры падтрымцы праекту VisiBYlity.

Экспэрт удакладніў на просьбу выданьня «Позірк», што ў апытаньні ўдзельнічаюць беларусы, якія жывуць у Польшчы і Літве і былі вымушаныя пакінуць радзіму пасьля падзей 2020 году, а таксама ўкраінцы, якія зьехалі за мяжу пасьля расейскага ўварваньня ў 2022-м. Паводле яго слоў, дасьледаваньне працягваецца, пакуль гатовыя толькі «першыя высновы», «папярэднія вынікі па выніках апытаньня 300 рэспандэнтаў, палова зь якіх — беларусы».

«Таму дадзеныя нельга лічыць канчатковымі і рэпрэзэнтатыўнымі», — падкрэсьліў Львоўскі.

На прэзэнтацыі акадэмічны дырэктар BEROC канстатаваў, што ўдзельнікі апытаньня — як беларусы, так і ўкраінцы — «настроеныя дастаткова пэсымістычна». На прамое пытаньне, ці зьбіраюцца яны вяртацца ў сваю краіну, толькі 20% рэспандэнтаў — грамадзян абедзьвюх дзяржаў адказалі, што гатовыя гэта зрабіць (украінцы пры ўмове завяршэньня баявых дзеяньняў — 40%, завяршэньня баявых дзеяньняў і зьмены ўлады ў Расеі — 88%).

Леў Львоўскі
Леў Львоўскі

Па словах Львоўскага, папярэднія вынікі паказалі, што ў першы год жыцьця ў новай краіне незадаволеныя сваёй працай 40% мігрантаў, пасьля трох гадоў гэтая лічба зьмяншаецца да 15%.

Дасьледнікаў, адзначыў ён, у першую чаргу цікавілі эмігранты «з высокім чалавечым капіталам», але «неканвэртоўнай прафэсіяй».

«Пасьпяховы адвакат ці юрыст ва Ўкраіне зь веданьнем крымінальнага права сваёй краіны ня будзе вельмі запатрабаваны ў Польшчы ці Літве, — растлумачыў прадстаўнік дасьледчага цэнтру. — Тое ж самае можна сказаць пра выкладчыка ў школе ці ўнівэрсытэце. І некаторыя віды дактароў. Тэрапэўт — канвэртоўная прафэсія, а нэўраанколяг — неканвэртоўная на эміграцыі. Таксама ня вельмі канвэртоўныя на эміграцыі псыхолягі і псыхіятры».

Высокі чалавечы капітал, па словах Львоўскага, «не азначае высокай зарплаты»: «Чым вышэйшая была зарплата ў зыходнай краіне, тым лепш людзі адаптуюцца ў эміграцыі».

«Напрыклад, сярод апытаных з заробкам ніжэйшым за сярэдні ў „хатняй краіне“ толькі 18% кажуць, што іх навыкі спатрэбіліся ў эміграцыі, — адзначыў экспэрт. — 19% тых, хто атрымліваў дома сярэдні заробак і нядрэнна ўладкаваўся на новым месцы. 44% тых, хто зарабляў вышэй за сярэдні, спатрэбяцца навыкі ў новай краіне. [Зараблялі] значна вышэй за сярэдні — больш за тры сярэднія заробкі, сярод іх 72% кажуць, што іх навыкі спатрэбяцца ў новай краіне».

Часьцей за ўсё эмігранты з неканвэртоўнымі прафэсіямі выбіраюць «пачаць усё з нуля» — паспрабаваць перазапусьціць кар’еру, прайсьці кваліфікацыйныя іспыты, сабраць кліенцкую базу, знайсьці працу ў сумежнай індустрыі, якая б не патрабавала перанавучаньня.

Львоўскі падкрэсьліў, што на выбар той ці іншай стратэгіі ў першую чаргу ўплывае «аптымізм наконт вяртаньня на радзіму».

«Найбольш аптымістычныя людзі часьцей выбіраюць пачаць нейкую працу з нуля. Па ўсёй бачнасьці, чакаюць, што змогуць вярнуцца і прадоўжыць карʼеру, а ў новай краіне неяк здабыць на хлеб з маслам — і добра», — растлумачыў ён.

Эмігранты, якія сутыкаюцца зь бюракратычнымі перашкодамі, «часьцей выбіраюць працу ў сумежнай індустрыі». Чым даўжэй чалавек знаходзіўся ў карʼеры, зазначыў экспэрт, тым даўжэй ён імкнецца «захаваць сваю карʼеру і чалавечы капітал».

Каб эмігранты лепш адаптаваліся на новым месцы, дасьледчык рэкамэндаваў краінам іх знаходжаньня «ствараць цэнтры адаптацыі і пошуку працы для людзей, якія маюць з гэтым цяжкасьці».

Праект VisiBYlity, які рэалізуе Інстытут эўрапейскай палітыкі (Нямеччына), пачаўся 1 ліпеня 2023 году і скончыцца 21 чэрвеня 2024-га. Ён закліканы прыцягнуць «большую ўвагу да беларускай дыяспары з боку нямецкай і эўрапейскай грамадзкасьці».

Праект рэалізуецца сумесна з Украінскім экспэртным фондам і беларускай ініцыятывай RADAR_BY.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG