Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рэстаўрацыю касьцёлу Божага Цела ў Нясьвіжы накіруюць 10 млн даляраў


Касьцёл Божага Цела ў Нясьвіжы (справа), архіўнае фота
Касьцёл Божага Цела ў Нясьвіжы (справа), архіўнае фота

Стала вядома, колькі працягнуцца работы, ці закрыюць храм для парафіі і турыстаў.

Пра пачатак рэстаўрацыі інтэр’ераў касьцёлу Божага Цела ў Нясьвіжы даведаўся Katolik.life — цяпер заканчваецца працэдура выбару падрадчыка для чацьвертай чаргі рэканструкцыі субожні.

Касьцёл у Нясьвіжы 1593 году пабудовы зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Гэта адзіны рэлігійны аб’ект Беларусі, які ёсьць у сьпісе Усясьветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ён вядомы як другі ў сьвеце і першы ва Ўсходняй Эўропе касьцёл у стылі раньняга барока.

Да гэтага на працягу 13 гадоў праводзілася рэстаўрацыя фасадаў, якая завяршылася ў 2023 годзе. У красавіку 2025 году пачнуцца падрыхтоўчыя работы па рэстаўрацыі інтэр’ераў. Ужо гатовая ўся дакумэнтацыя.

У апошні раз касьцёл рэканструявалі ў пачатку-сярэдзіне XVIII стагодзьдзя, гаворыцца ў абгрунтаваньні праектных рашэньняў «Белрэстаўрацыі». Касьцёл унутры і звонку быў нанова атынкаваны і багата расьпісаны, зьявіліся новыя алтары. З тых часоў інтэр’еры атрымалі мноства пашкоджаньняў — фота, якія іх дэманструюць, прыводзяцца ў дакумэнце «Белрэстаўрацыі».

Напрыклад, гэта страта малюнку фрэсак з-за замочваньня скляпеньняў, разбурэньне фрагмэнтаў скульптураў, шматгадовыя пыл і закуранасьць на барэльефах, аварыйны стан абразоў.

Будаўнічы праект прадугледжвае рэстаўрацыя жывапісу малельнай залы, бабінца, прэсьбітэрыя, памяшканьня правай сакрыстыі ва ўзроўні першага паверха, хораў, сьценаў лесьвіцы правай сакрыстыі ва ўзроўні другога паверху, рэстаўрацыя алтароў, амбону, аднаўленьне люстраў, спавядальні, лавак і іншыя працы. Адзначаецца, што гэты праект зьяўляецца толькі пачатковым этапам навуковай рэстаўрацыі інтэр’ераў.

Агульная працягласьць работ складзе 66 месяцаў — пяць з паловай гадоў. Работы плянуецца пачаць ужо ў красавіку 2025 году, яны працягнуцца да канца 2030 году. Мяркуючы па фота турыстаў, падрыхтоўчыя работы ўжо пачаліся — паміж калёнамі храма — будаўнічыя лясы.

На рэстаўрацыю вылучаць амаль 34 млн рублёў — гэта больш за 10 млн даляраў па цяперашнім курсе. Ліміт фінансаваньня на 2025 год складае 1 млн 330 тыс. рублёў.

Нягледзячы на маштабныя работы, храм не плянуецца цалкам закрываць для парафіі — толькі для турыстаў.

«На пэрыяд выкананьня работ па рэстаўрацыі інтэр’ераў для забесьпячэньня бясьпекі будынак касьцёлу эксплюатавацца ня будзе. У непрацоўны час дапускаецца выкарыстаньне храму ў богаслужбовых мэтах. Таксама ў асобныя ўзгодненыя пэрыяды будзе плянавацца эксплюатацыя храму для правядзеньня набажэнстваў», — гаворыцца ў будаўнічым праекце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG