28 сакавіка стала вядома, што прарасейскую актывістку Вольгу Бондараву арыштавалі на 13 дзён. Сьпярша пра гэта паведаміў блізкі да яе тэлеграм-канал (неўзабаве паведамленьне выдалілі). Пасьля інфармацыю пра яе арышт журналістам «Люстэрка» пацьвердзілі ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Прычыну, зь якой Бондаравай прысудзілі арышт, у судзе не назвалі.
Вольга Бондарава вядомая сваімі даносамі, яна змагалася супраць культурных дзеячоў, беларускай гісторыі і мовы. Найбольш заўважна яе дзейнасьць адбілася на скасаваньні канцэртаў, фэстываляў, выставаў, зьвязаных з традыцыйнай беларускай культурай, пагатоў такія падзеі і так праходзяць раз на год, і чыноўнікі ня бачаць сэнсу іх абараняць. Прыгадваем, якія сьвяты забрала ў беларусаў прарасейская актывістка.
Бондарава — актывістка з Горадні, цяпер жыве ў Менску, пераважна ня маючы афіцыйнай працы. У 2018 годзе непрацяглы час была на невядомай пасадзе ў штаце кампаніі «Чысты свет плюс». Сёлета стала вядома, што прарасейская актывістка працавала 5 месяцаў ў менскай саўне «Вентонеро». Датуль яна каля году была адказным сакратаром ў штаце газэты «Коммунист Беларуси. Мы и время», а пасьля крытыкавала гэтае выданьне. Бондарава замужам, мае дачку.
«Сьвята сонца» на Купальле
20 сакавіка стала вядома, што Вольга Бондарава дамаглася скасаваньня фэстывалю «Сьвята Сонца» з амаль дзесяцігадовай гісторыяй. Яна назвала яго «нэапаганскім шабасам з свастыкай і рунамі».
Бондарава пахвалілася, што пасьведчаньне, выдадзенае на правядзеньне і арганізацыю фэсту ад Пухавіцкага райвыканкаму, анулявалі. З стужкі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА нават выдалілі навіну пра фэстываль.
Гэты традыцыйны фэстываль на Купальле праходзіў з 2016 году ў музэі ў Дудутках пад Менскам. На пляцоўцы фэстывалю ў розныя гады пасьпелі выступіць Лявон Вольскі, гурт Irdorath, Naviband, Стары Ольса, Іван Кірчук ды іншыя.
Апошнімі гадамі склад удзельнікаў фэсту быў абмежаваны, бо зь Беларусі зьехалі многія музыкі, аднак «Сьвята Сонца» заставалася адзіным летнім фэстам, дзе можна было паслухаць беларускіх музыкаў у стылі фольк і этна, а таксама адзіным летнім фэстам, прысьвечаным беларускай культуры.
Выстава карцін пра міталёгію
13 сакавіка, праз два дні пасьля адкрыцьця, спыніла працу выстава «Беларускі бэстыярый» з малюнкамі і працамі іншых жанраў на тэмы міталёгіі. На ёй выстаўляліся творы Яўгена Ката і ручныя працы Яўгеніі Кот. Тут можна было пабачыць выявы беларускіх мітычных істотаў: зюзі, кікімары, агневіка, баламутня ды іншых.
На другі дзень працы экспазыцыі абурылася паплечніца Вольгі Бондаравай мастачка Сьвятлана Жыгімонт. Яе ўзрушыла, што «такія выставы праходзяць у Вялікі пост». Гэтае абурэньне падтрымала і Вольга Бондарава, якая ўбачыла ў выставе «сатанізм і нэапаганства». 13 сакавіка выстава, якая мусіла працаваць да 22-га, закрылася.
Выстава пра абрады беларусаў
1 сьнежня летась у музэі Янкі Купалы ў Менску мусіла адкрыцца выстава мастака Алеся Сушы пад назвай «Добры вечар добрым людзям». Мэтай праекту было паказаць даўнія звычаі і абрады беларусаў перад Калядамі. Выставу скасавалі пасьля абурэньня Бондаравай. Пазьней яна накінулася і на сам музэй Купалы, бо «на ім шыльды толькі па-беларуску і па-ангельску». Няма расейскай мовы.
Канцэрт на Дзяды
Летась 3 лістапада ў менскім клюбе «Рэактар» мусіў прайсьці канцэрт да дня памяці продкаў — сьвята Дзяды. На ім плянавалі выступіць фольк-гурты: Іван Кірчук (экс-«Троіца»), Iva Sativa, Guda. Факт правядзеньня такой імпрэзы абурыў Вольгу Бондараву, неўзабаве стала вядома і пра скасаваньне канцэрту.
«Будуць сьвяткаваць так званыя „дзяды“. Зьвяртаю ўвагу ГУБАЗ на дадзеную правакацыю», — пісала Бондарава ў сваіх сацыяльных сетках.
Iva Sativa расказвала ў сваім акаўнце ў Інстаграме, што на канцэрт купілі 400 квіткоў.
Пратэст супраць Адама Мальдзіса
Вольга Бондарава змагалася супраць Астравецкай раённай бібліятэкі, якая носіць імя дасьледніка беларускай літаратуры Адама Мальдзіса.
Прарасейская актывістка прасіла мясцовыя ўлады не прысвойваць бібліятэцы імя Мальдзіса і дамаглася таго, што на будынак ня сталі вешаць шыльду з імём Адама Мальдзіса — аднак зьмяніць назву бібліятэкі ёй не ўдалося.
Змагалася супраць беларускай мовы
Вольга Бондарава намагалася забараніць беларускую мову паўсюль, дзе гэта магчыма. Яна пісала скаргі ў Менсктранс, каб прыпынкі грамадзкага транспарту абвяшчалі таксама і па-расейску.
Прапаноўвала закрыць беларускамоўныя школы на вёсцы, аргумэнтуючы гэта тым, што пасьля выпускнікі ня могуць паступіць на тэхнічныя спэцыяльнасьці ў ВНУ.
Аднак многія імпрэзы, не зьвязаныя зь беларускай культурай, Бондаравай скасаваць не ўдалося. Канцэрт расейскага музыкі GSPD прайшоў у Менску, нягледзячы на скаргі Бондаравай. Артыст выступіў летась 15 сакавіка ў Палацы спорту. У 2022 годзе яна нацэлілася на канцэрты ў Менску і Горадні расейскага сьпевака Філіпа Кіркорава, але нічога не дабілася.
Адзін з суразмоўцаў, знаёмы з сфэрай культуры ў Беларусі, у размове з Свабодай адзначыў, што Бондарава скасоўвала імпрэзы непалітычныя, але якія аб’ядноўваюць грамадзтва.
«Беларуская традыцыйная культура — гэта ці не адзіная бясьпечная і кансалідацыйная для грамадзтва тэма, якая засталася ў краіне. І менавіта супраць яе Бондарава змагалася. Празь яе рэгулярна скасоўвалі абсалютна непалітычныя імпрэзы, якія патэнцыйна маглі б сабраць людзей з рознымі поглядамі», — патлумачыў суразмоўца.
Форум