Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: зьнікла старшыня Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. СМІ: яна вылецела з Эўразьвязу

абноўлена

Анжаліка Мельнікава. Архіўнае фота
Анжаліка Мельнікава. Архіўнае фота

Як паведаміў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ), намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка, 25 сакавіка зьнікла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. З таго часу сувязі зь ёй няма.

Паводле яго зьвестак зьвестак, яна не знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Латушка афіцыйна паведаміў у праваахоўныя органы Польшчы аб зьнікненьні Мельнікавай. Па просьбе праваахоўных органаў гэтая інфармацыя раней не публікавалася.

«Мы спадзяемся на лепшае, але разумеем, што прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі застаюцца прыярытэтнымі мэтамі спэцслужбаў рэжымаў у Беларусі і Расеі» — падкрэсьліў Латушка у паведамленьні ў тэлеграм-канале КР.

Выданьне «Наша Ніва» пазьней паведаміла, што апошняе паведамленьне, якое атрымалі ад Мельнікавай дэлегаты Каардынацыйнай рады, было прысьвечана яе цяжкаму стану здароўя: «я буду на бальнічным бліжэйшыя два тыдні».

Пазьней, паводле выданьня, выявілася, што Мельнікава вылецела з Эўразьвязу, «не папярэдзіўшы нікога».

Хто такая Анжаліка Мельнікава

Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух «За свабоду» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады ў ліпені 2024 году.

Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай гендырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, у выніку сям’я выехала зь Беларусі.

З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» на чале з Паўлам Латушкам.

Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG