Банк Santander, паслугамі якога ў Польшчы карыстаецца багата беларусаў, пракамэнтаваў «Белсату» паведамленьне пра масавае блякаваньне онлайн-банкінгу і мабільнай праграмы ў кліентаў – грамадзянаў Беларусі. У банку сьцьвярджаюць, што проста выконваюць патрабаваньні заканадаўства аб супрацьдзеяньні адмываньню грошай.
Santander, трэці ў велічыні актываў і колькасьці філіяў банк у Польшчы, належыць гішпанскай кампаніі Banco Santander S.A. Банк стаў папулярным у беларусаў, бо адкрываў рахункі зь мінімумам дакумэнтаў: пашпартам зь візай і нумарам PESEL.
Нядаўна ў эмігранцкіх тэлеграм-чатах зьявіліся скаргі беларусаў на масавае блякаваньне онлайн-банкінгу і мабільнай праграмы ды іншыя абмежаваньні: немагчымасьць зьняць гатоўку ў банкамаце (толькі ў аддзяленьні банку), вылічваньне камісіі за грашовыя пераводы ўнутры Польшчы, недаступнасьць сыстэмы пераводаў BLIK.
Беларусы, якія сутыкнуліся з праблемаю, паведамлялі, што Santander патрабуе дазволу на жыхарства, прычым з тэрмінам дзеяньня звыш году. Гэтую інфармацыю неафіцыйна пацьвердзіў «Белсату» супрацоўнік банку:
«Цяпер для адкрыцьця рахунку патрэбен ДНЖ на 12 месяцаў наперад. То бок на момант адкрыцьця рахунку тэрмін дзеяньня ДНЖ мае быць ня меншым за 12 месяцаў».
Як адзначыў супрацоўнік, пакуль рахункі блякуюць ня ўсім беларусам бяз польскай карты побыту, але невядома, што будзе далей. Паводле якога прынцыпу Santander блякуе рахункі беларусам, незразумела. «Белсат» мае сьведчаньні асобаў, якія адкрывалі рахункі без дазволу на жыхарства ў Польшчы і дасюль не зазналі аніякіх праблемаў.
Паводле супрацоўніка банку, новыя патрабаваньні давяла Камісія фінансавага нагляду Польшчы, і таму «кіраўніцтва ўвяло такія абмежаваньні». Праўда, кіраўнік дэпартамэнту сувязяў з грамадзкасьцю банку Santander Яцэк Баршчэўскі зьняпраўдзіў «Белсату» гэтую інфармацыю:
«Тэза пра тое, што польскія банкі на патрабаваньне Камісіі фінансавага нагляду пачалі ўводзіць істотныя абмежаваньні ў дачыненьні кліентаў – грамадзян Беларусі, не адпавядае рэчаіснасьці. Камісія не давала такога патрабаваньня», — заявіў Яцэк Баршчэўскі.
Баршчэўскі сказаў, што кожны банк працуе з іншаземцамі паводле ўласных правілаў і палітыка банкаў пры адкрыцьці рахункаў нерэзыдэнтам «заснаваная на індывідуальным падыходзе ў кожным канкрэтным выпадку». Пры гэтым Яцэк Баршчэўскі згадаў заканадаўства аб супрацьдзеяньні адмываньню грошай і фінансаваньню тэрарызму і падкрэсьліў, што банкі абавязаныя ацэньваць рызыкі і «рабіць захады фінансавай бясьпекі», аналізаваць апэрацыі кліента. Дзеля гэтага і могуць патрабаваць дадатковыя дакумэнты, растлумачыў прадстаўнік банку.
«У выпадку немагчымасьці ўжываньня любога з захадаў фінансавай бясьпекі абавязак кожнага банку — не наладжваць дзелавых стасункаў з кліентам або спыніць існыя стасункі, а таксама не праводзіць апэрацый праз банкаўскі рахунак», — падсумаваў Яцэк Баршчэўскі.
Камісія фінансавага нагляду Польшчы адмовілася камэнтаваць «Белсату» гэтую гісторыю, спаслаўшыся на тое, што ня мае паўнамоцтваў даваць інфармацыю пра дзеяньні канкрэтных банкаў.
Раней у сувязі з абмежаваньнямі, зь якімі сутыкнуліся беларусы, у польскую Камісію фінансавага нагляду зьвярнуўся старшыня НАУ, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка. Ён папрасіў растлумачыць, ці дала ўстанова якія-небудзь указаньні банку Santander або банк самастойна ўвёў нейкія новыя правілы. У паведамленьні АПК адзначаецца, што аніякіх фінансавых санкцыяў супраць беларусаў у Польшчы няма. Адказу ад польскай Камісіі ён пакуль не атрымаў, паведамілі «Белсату» ў НАУ.
Форум