Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія СМІ публікуюць новыя дэталі пра затрыманых у Польшчы беларусаў, якія нібыта плянавалі новыя падпалы


Ілюстрацыйнае фота. Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы
Ілюстрацыйнае фота. Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы

У Польшчы па падазрэньні ў дывэрсійнай дзейнасьці і працы на расейскую выведку затрымалі дваіх грамадзян Беларусі і аднаго паляка.

Падпалы ў гандлёвых цэнтрах, рэстаранах, будаўнічых складах плянавалі затрыманыя 28 траўня ў Польшчы двое грамадзянаў Беларусі і паляк, паведамляе выданьне rp.pl.

Са спасылкай на свае крыніцы, мэдыя зазначае, што група дзейнічала па заданьні Галоўнага ўпраўленьня выведкі Расеі, за кожную дывэрсію ім належала ўзнагарода ў памеры 10 тыс. эўра.

«Мэтай падпалаў было выклікаць хаос, неспакой, запалохваньне, нанясеньне шкоды маёмасьці і, ня выключана, людзям», — гаворыцца ў публікацыі.

Сьцьвярджаецца, што дывэрсіі былі ўчыненыя ў Гдыні і пад Варшавай, спроба была ў Гданьску.

Паводле зьвестак выданьня, затрыманых беларусам 37 і 35 гадоў, адзін з іх мае «карту паляка».

29 траўня Ніжнесылескім аддзяленьнем Нацыянальнай пракуратуры Польшчы выстаўлена абвінавачаньне ў справе аб дзейнасьці па заданьні расейскай выведкі. Як паведаміла прэс-служба ведамства, у справе праходзяць тры чалавекі — двое грамадзян Беларусі і грамадзянін Польшчы.

Іх абвінавачваюць ва «ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, накіраваным на правядзеньне дзейнасьці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча», у абмен на «атрыманьні фінансавай выгады». Сукупна па двух крымінальных артыкулах абвінавачаным пагражае тэрмін зьняволеньня аж да пажыцьцёвага.

28 траўня польскія СМІ паведамілі аб затрыманьні Агенцтвам унутранай бясьпекі (АУБ) некалькіх чалавек праз падазрэньне ў зьдзяйсьненьні падпалаў на тэрыторыі краіны. Заяўлялася, што ў ліку затрыманых два беларусы.

Пры вобшуку аўтамабіля Renault, які належыць грамадзяніну Беларусі, выявілі «пустыя каністры, буйная сума наяўных грошай у рознай валюце, а таксама кабэлі, лом і прадметы, якія нагадваюць батарэйкі».

21 траўня прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што сярод падазраваных у арганізаваных Расеяй спробах дывэрсій ёсьць грамадзяне Беларусі. Размова ішла, у прыватнасьці, аб спыненай спробе падпалу заводу па вытворчасьці фарбаў ва Ўроцлаве (Ніжнесылескае ваяводзтва).

«На гэты момант у нас ёсьць дзевяць падазраваных, арыштаваных і абвінавачаных ва ўдзеле ў дывэрсіях у Польшчы на запыт расейскіх службаў. Гэта тычыцца нападу, падпалу і спробы падпалу», — сказаў ён.

Па словах палітыка, гаворка ідзе пра людзей з «крымінальнага сьвету»:

«Гэта датычыцца грамадзян Украіны, Беларусі і Польшчы. Гэтае пытаньне ня носіць нацыянальнага характару».

Такія дзеяньні плянаваліся таксама ў Літве, Латвіі і Швэцыі, сьцьвярджае кіраўнік польскага ўраду.

Двух беларусаў і паляка затрымалі 27 траўня ў Варшаве і ў горадзе Прушкаве Паморскага ваяводзтва супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі (AWB), паведаміла прэс-служба агенцтва.

Пасьля прадʼяўленьня абвінавачаньняў беларусаў і паляка ўзялі пад варту на 3 месяцы ў рамках папярэдняга зьняволеньня.

Арышты прайшлі ў рамках расьсьледаваньня дзейнасьці арганізаванай злачыннай групы, задача якой — зьдзяйсьненьне дывэрсіяў, у прыватнасьці падпалаў, на замову расейскіх спэцслужбаў. Раней, у студзені 2024 году, Служба ўнутранай бясьпекі Польшчы затрымала грамадзяніна Ўкраіны, які рыхтаваўся падпаліць будынкі ва Ўроцлаве, піша прэс-служба AWB.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG