Міністарка аховы здароўя Славаччыны Зузана Далінкава паведаміла журналістам, што прагноз для здароўя прэм'ер-міністра краіны Робэрта Фіцы пасьля замаху станоўчы.
«Учорашняя апэрацыя, якая доўжылася дзьве гадзіны, спрыяла пазытыўным прагнозам стану здароўя прэм'ер-міністра», - сказала Далінкава, маючы на ўвазе другую апэрацыю, зробленую прэм'еру, піша AFP.
У 59-гадовага Фіцу 15 траўня некалькі разоў страляў, як мяркуецца, 71-гадовы славацкі паэт Юрай Цынтула. Замах адбыўся ў горадзе Гандлёва пасьля выязнога паседжаньня ўраду. Падазраванага ў замаху затрымалі на месцы здарэньня. Афіцыйныя асобы лічаць напад палітычна матываваным.
Цынтула 18 траўня прывезены ў суд, які прымае рашэньне аб меры стрыманьня. Фіца з моманту замаху знаходзіцца ў шпіталі.
Фіца быў прызначаны кіраўніком ураду ў кастрычніку, пасьля перамогі яго папулісцкай партыі «Курс – Славацкая сацыял-дэмакратыя» на парлямэнцкіх выбарах. Партыя прытрымліваецца эўраскептычнай і нацыяналістычнай арыентацыі і перад выбарамі выступала за абмежаваньне вайсковай дапамогі Ўкраіне і за рэзкае ўзмацненьне міграцыйнага кантролю.
Некаторыя саюзьнікі Фіцы па ягонай партыі і кіроўнай кааліцыі рэзка крытыкуюць апазыцыю і журналістаў, фактычна ўскладаючы на іх ускосную адказнасьць за замах. Лідэр Нацыянальнай партыі, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, Андрэй Данка заявіў, што для яго партыі зараз «пачынаецца палітычная вайна», і параіў супернікам ураду «сядзець ціха».
Форум