У апошнія гады навукоўцы атрымліваюць усё болей доказаў таго, што мець ня самыя стэрыльныя рукі і не баяцца кантактаваць з брудам — гэта карысна для здароўя. Газэта The New York Times сабрала інфармацыю пра гэта і меркаваньні мэдыкаў.
Дасьледаваньні паказваюць, што людзі, якія вырасьлі ў сельскай мясцовасьці, на фэрмах, радзей хварэюць на астму, алергію і хваробу Крона (аўтаімуннае захворваньне кішэчніка). Лекары мяркуюць, што гэта — вынік узьдзеяньня на імунітэт разнастайнага спэктру мікробаў.
Яшчэ ў 1970-я гады навукоўцы знайшлі бактэрыю Mycobacterium vaccae, якая жыве ў глебе і аказвае супрацьзапаленчае ўзьдзеяньне на мозг чалавека, а таксама зьніжае стрэс і паляпшае імунны адказ на яго.
Яшчэ адно адкрыцьцё мінулых гадоў — гэта ўзьдзеяньне мікрабіёму кішэчніка на стан здароўя чалавека, на яго псыхічны і псыхалягічны стан. У выніку адбыўся выбух цікавасьці да мікрабіёму. Людзі па ўсім сьвеце пачалі прымаць прабіётыкі, шукаць ежу з жывымі культурамі і абнаўляць сваю мікрафлёру.
Новыя дасьледаваньні
Калі мы датыкаемся да глебы ці нават проста знаходзімся на прыродзе, то, паводле прафэсара са штату Каларада ў ЗША Крыстафэра Лоўры, зь якім пагутарыла газэта, «мы ўдыхаем велізарную колькасьць мікробнай разнастайнасьці».
Нядаўні экспэрымэнт навукоўцаў у Фінляндыі паказаў, што дзеці, якія наведваюць гарадзкія дзіцячыя садкі, дзе пасаджана мясцовая «лясная падсьцілка», маюць мацнейшую імунную сыстэму і здаравейшы мікрабіём у параўнаньні зь дзецьмі, якія наведваюць дзіцячыя садкі зь пясочнымі дварамі.
Таксама тэсты паказалі, што дзеці, якія хадзілі ў садкі зь «лясной падсьцілкай», і праз гады маюць больш карысных бактэрый у кішэчніку і на скуры.
Але прафэсар Лоўры сьцьвярджае, што кантакт зь лясной глебай карысны ня толькі для дзяцей. Дарослыя таксама могуць атрымаць карысьць ад узьдзеяньня глебавых мікробаў.
Як атрымаць трохі карыснага бруду
Усім нам карысна часам выйсьці на вуліцу і троху выпацкацца. Прафэсар Лоўры кажа, што карыснаю можа быць любая актыўнасьць на прыродзе.
Язда на горным ровары, кемпінг і пешы турызм
Такі спосаб бавіць час на прыродзе — добрая магчымасьць увайсьці ў кантакт з багатай мікробнай экасыстэмай. Прафэсар мяркуе, што людзі недаацэньваюць, наколькі шмат карыснага ўзьдзеяньня мы атрымліваем, нават проста знаходзячыся на вуліцы. Карысьць прыносіць нават удыханьне ня хатняга паветра.
Лясны шпацыр
Вы можаце проста гуляць па лясных сьцежках або паспрабаваць невялікае «купаньне ў лесе»: узяць рукой жменю лясной зямлі з рэшткамі травы і ігліцы. Прасейце яе скрозь пальцы, паднясіце далоні да твару і панюхайце іх.
Прафэсар са Злучаных Штатаў Амас Кліфард, які заснаваў Асацыяцыю прыроднай і лясной тэрапіі, раіць здымаць у лесе абутак і хадзіць па мяккіх і мокрых імхах басанож, як па рачным глеі.
Аматарскі ўдзел у археалягічных раскопках
Гэты від дзейнасьці таксама прыводзіць да інтэнсіўнага кантакту чалавека з багатай мікрафлёрай глебы.
Удзел у сельскагаспадарчых працах ці садоўніцтве
Садоўніцтва здаўна асацыюецца са зьмяншэньнем дэпрэсіі і стрэсу. І гэты від дзейнасьці таксама патрабуе праводзіць шмат часу ў кантакце з брудам.
Мэдыкі сёньня заклікаюць людзей «капацца ў зямлі» на прысядзібных ці дачных участках і нават у гарадзкіх кватэрах.
На прысядзібных участках варта высаджваць ня толькі садавіну і гародніну, але і травы, якімі можна карміць некаторыя віды хатняй жывёлы.
У горадзе раяць разводзіць, напрыклад, памідоры, бо яны не патрабуюць асаблівага догляду і іх можна саджаць у гаршкі ці падвясныя кошыкі на бальконе.
Можна таксама высаджваць трускалкі, часнык і травы, такія як базылік ці мята. Усё гэта дапаможа вам заставацца ў кантакце з глебай.
Калі ў вас няма доступу да адкрытай прасторы, знайдзіце месцы непадалёк ад гарадоў, дзе можна зьбіраць садавіну і гародніну самастойна за невялікую аплату.
Ня бойцеся кантакту зь зямлёй
Навукоўцы кажуць, што ў некаторых людзей разьвілася паталягічнае жаданьне чысьціні. Людзі баяцца дакрануцца да зямлі і адчуваюць стрэс і нэрвовасьць, калі гэта адбылося. У канчатковым выніку гэта робіць іх менш шчасьлівымі.
Парада навукоўцаў — рабіць як дзеці, гэта значыць — не баяцца бруду.
Форум