Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці добра есьці нанач? Два адказы і парада


Шмат хто з нас мае звычку есьці незадоўга да сну, іншыя любяць пасьля вячэры пад’есьці яшчэ і перад сном. Але лекары і экспэрты-дыетолягі кажуць, што гэта можа мець важныя наступствы для здароўя.

Інфармацыю пра гэтыя наступствы сабрала амэрыканская газэта The New York Times.

Што з намі робіць позьняя вячэра

Паводле нядаўняга дасьледаваньня харчовых звычак, у якім бралі ўдзел больш за 34 тысячы дарослых амэрыканцаў, амаль 60 працэнтаў заявілі, што для іх нармальна есьці пасьля дзявятай гадзіны вечара.

Арганізм чалавека перапрацоўвае пажыўныя рэчывы на працягу дня, а ноччу захоўвае энэргію. Парушэньне гэтага натуральнага рытму можа выклікаць розныя праблемы.

Раней дасьледаваньні паказалі, што вячэра за тры гадзіны да сну можа выклікаць пякотку або іншыя сымптомы кіслотнага рэфлюксу. Таксама, паводле іншых дасьледаваньняў, прыём ежы за адну, дзьве або тры гадзіны да таго, як класьціся ў ложак, прыводзіць да розных парушэньняў сну.

Паводле нэўрабіёляга з Бостану Фрэнка Шыра, адна з самых важных галінаў сучасных дасьледаваньняў — гэта сувязь начнога прыёму ежы з масай цела і мэтабалічным здароўем арганізму.

Падчас дасьледаваньня 2019 году з удзелам 900 дарослых амэрыканцаў сярэдняга і старэйшага веку доктар Шыр і яго калегі выявілі, што тыя, хто спажываў прыкладна 100 (ці больш) калёрый на працягу дзьвюх гадзін перад сном, на 80 працэнтаў часьцей мелі лішнюю вагу або пакутавалі на атлусьценьне, чым тыя, хто ў гэты час нічога ня еў.

Аналягічныя дасьледаваньні ў Швэцыі і Японіі далі такія самыя вынікі.

Летась у Вялікай Брытаніі дасьледаваньне з удзелам 850 дарослых брытанцаў паказала, што аматары перакусіць пасьля дзявятай гадзіны вечара нават пасьля дзённага прыёму ежы мелі ў крыві больш высокія ўзроўні маркера рызыкі дыябэту (HbA1c), а таксама цукру і тлушчаў, у параўнаньні з тымі, хто ня есьць позна.

З аднаго боку, кажа доктар Шыр, такія дасьледаваньні не даказваюць, што позьні прыём ежы наўпрост выклікае павелічэньне вагі або іншыя праблемы са здароўем, бо тут адыгрываюць ролю і такія фактары, як генэтыка, фізычныя практыкаваньні і сон. Але, зь іншага боку, новыя дасьледаваньні, якія кантралююць менавіта гэтыя фактары, паказваюць, што час прыёму ежы наўпрост уплывае на здароўе чалавека.

Ці існуе сувязь паміж калярыйнасьцю ежы і часам яе прыёму

Доктар Шыр таксама расказаў The New York Times пра дасьледаваньне 2022 году, падчас якога ён і яго калегі папрасілі 16 дарослых амэрыканцаў зь лішняй вагой або атлусьценьнем пасяліцца ў лябараторыі, дзе іх харчаваньне, фізычныя практыкаваньні і сон былі старанна рэглямэнтаваныя і дакладна кантраляваліся.

Удзельнікаў экспэрымэнту падзялілі на дзьве групы, якія жылі паводле розных графікаў. Першая група сьнедала адразу пасьля абуджэньня, абедала апоўдні і вячэрала раньнім вечарам. Другая група сьнедала, абедала і вячэрала роўна праз чатыры гадзіны так, каб апошні прыём ежы адбываўся каля дзявятай гадзіны вечара.

Усе ўдзельнікі экспэрымэнту спажывалі аднолькавую колькасьць пажыўных рэчываў і калёрый, але аказалася, што людзі з другой групы мелі большае пачуцьцё голаду ў параўнаньні з тымі, хто трымаўся больш раньняга графіку.

Узровень гармону лептыну, які сыгналізуе пра сытасьць, у другой групы быў на працягу дня ніжэйшы, а ўзровень гармону грэліну, які сыгналізуе пра голад, — вышэйшы.

Таксама людзі з другой групы спальвалі менш калёрый. Пры гэтым, паводле доктара Шыра, ёсьць і іншыя дасьледаваньні, якія паказваюць, што людзі з позьнім графікам прыёму ежы спальваюць менш тлушчу. У сукупнасьці гэтыя вынікі дазваляюць выказаць здагадку, што позьні прыём ежы прыводзіць да павелічэньня вагі.

Але і гэта яшчэ ня ўсё. Дасьледаваньні таксама паказалі, што вугляводы, якія спажываюцца вечарам, прыводзяць да больш моцных скачкоў узроўню цукру ў крыві, чым тыя вугляводы, якія мы ямо днём. Паводле нэўрабіёляга з Чыкаскага ўнівэрсытэту Эрын Гэнлан, гэта зьвязана з тым, што мэлятанін — гармон, які спрыяе сну і ўзровень якога павялічваецца вечарам, — аслабляе выдзяленьне інсуліну, які, як вядома, рэгулюе ўзровень цукру ў крыві. А гэта, у сваю чаргу, можа з часам пашкодзіць крывяносныя судзіны і павялічыць рызыку высокага крывянога ціску і дыябэту другога тыпу.

Які ж правільны час прыёму ежы

Дасьледаваньні паказваюць, што лепш пазьбягаць ежы за тры-чатыры гадзіны да сну, сказала The New York Times доктар Мары-П’ер Сэнт-Онж з Калюмбійскага ўнівэрсытэту.

Такі інтэрвал паміж вячэрай і адыходам да сну, верагодна, найбольш паспрыяе вашаму здароўю ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, дадала доктарка Гэнлан.

Калі ж вы працуеце пазьменна, то позна есьці нярэдка аказваецца непазьбежным. Тым ня менш, радзіць доктар Шыр, старайцеся есьці паміж 7:00 і 19:00.

Калі вы ясьцё пазьней, то, паводле доктаркі Сэнт-Онж, лепш выбіраць невялікія порцыі больш пажыўных страў зь нізкім утрыманьнем тлушчу і цукру, напрыклад, просты ёгурт з садавіной або гародніну з гумусам і цэльназерневымі тостамі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG