Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня трэба мыцца часта. Тры крокі да здаровай скуры


На думку дэрматолягаў, многія з нас, дбаючы пра скуру твару, забываюць пра ўсё астатняе цела. Пра тое, чаму гэтага рабіць ня варта, у сваёй мэдычнай рубрыцы піша амэрыканская The New York Times.

Да дэрматолягаў пастаянна прыходзяць пацыенты зь бездакорнай скурай на твары, але на астатніх частках цела ў іх зусім іншая карціна, скура там пераважна сухая і зморшчаная. Шмат хто мае сухія плямы на сьпіне або цёмныя плямы на руках і запясьцях.

Таму лекары настойліва нагадваюць, што скура астатніх частак цела патрабуе такой жа ўвагі, як і скура твару.

Менш — гэта насамрэч больш

Скура — самым вялікі орган чалавека. Яна выконвае шмат важных функцый. Гэта і рэгуляваньне тэмпэратуры цела, і абарона ад абязводжваньня, і ад пашкоджаньня ўльтрафіялетам, і ад заражэньня патэнцыйна шкоднымі мікробамі.

Лекары ведаюць, што любая праблема са скурай, якая ўзьнікае на твары — сухасьць, вугры, пашкоджаньні ад сонца ці нават рак скуры — можа ўзьнікаць і на астатніх частках цела. У людзей са сьветлым адценьнем скуры мэлянома звычайна пачынаецца на грудзях і сьпіне ў мужчын і на нагах — у жанчын, што таксама зьвязана з узьдзеяньнем сонца і зь недастаткова абароненай і дагледжанай скурай.

«Калі справа даходзіць да рэжыму догляду за скурай цела, то лепей меней, ды лепей», — сказаў выданьню дэрматоляг Ліндсі Бардонэ зь Нью-Ёрку.

Для вырашэньня гэтых праблем дэрматолягі прапануюць наступныя тры крокі да здаровай скуры.

Крок 1: Ачышчайце скуру правільна

Як часта вы прымаеце душ, залежыць ад вас. Але мыць кожны сантымэтар цела з мылам і кожны дзень — гэта лішняе, асабліва калі вы схільныя да сухасьці скуры ці экзэмы, кажа доктар Бардонэ.

Большасьць гатункаў мыла утрымліваюць паверхнева-актыўныя рэчывы, якія дапамагаюць змываць бруд і тлушч, але могуць і разбурыць ахоўны бар’ер скуры, што прыводзіць да сухасьці і раздражненьня.

Дэрматолягі лічаць, што намыльваць усё цела трэба ня больш як два-тры разы на тыдзень. Многія пацыенты дзівяцца такой рэкамэндацыі.

Насамрэч людзям трэба чысьціць кожны дзень толькі тыя ўчасткі цела, якія рэгулярна забруджваюцца або пацеюць: рукі, ногі, падпахі, пахвіны і крумянкі (ягадзіцы).

Таму лекары прапануюць кожны дзень мыць цела з мылам толькі ў тым выпадку, калі ваша праца патрабуе частага кантакту зь людзьмі ці мікробамі, напрыклад, у сфэры аховы здароўя ці адукацыі.

«Вы можаце карыстацца гелем для душа або мылам, але варта пераканацца, што гэты ачышчальны сродак мяккі», — кажа дэрматоляг з Паўднёвай Караліны Ларэн Плох.

Лекары рэкамэндуюць мыйныя сродкі з гліцэрынай, ніацынамідам, мачавінай, гіялюронавай кіслатой або цэрамідам, якія падтрымліваюць вільготнасьць скуры.

Рэкамэндуецца пазьбягаць антыбактэрыяльнага мыла: яно можа зьнішчаць карысныя бактэрыі, якія жывуць на скуры, і рабіць яе ўразьлівай да інфэкцый.

Таксама ня варта карыстацца грубымі мачалкамі, якія шкрабаюць цела, і мыйных сродкаў з араматызатарамі, якія могуць скуру раздражняць.

Крок 2: Увільгатненьне скуры

Па словах сучасных дэрматолягаў, наносіць лясьён ці крэм на ўсё цела, асабліва на рукі, ногі, тулава і цяжкадаступныя ўчасткі, такія як сьпіна, — неабходная для здароўя скуры працэдура.

«Некалькі разоў на дзень прыходзяць пацыенты і скардзяцца на сьверб у сьпіне, — кажа доктарка Плох. — У дэрматалёгіі мы называем гэта зімовым сьвербам».

Сьверб — адна з праяў сухой скуры, таму штодзённае ўвільгатненьне абараняе і аднаўляе скурны бар’ер і захоўвае яго вільготным, а гэта зводзіць да мінімуму імавернасьць сухасьці і раздражненьня.

Па словах доктара Бардонэ, у зімовыя месяцы ўвільгатняць скуру трэба часьцей. Тое самае трэба рабіць, калі вы схільныя да сухасьці скуры. Але калі ў вас скура сама па сабе тлустая або схільная да вугроў, то ўвільгатняць яе, наадварот, трэба радзей.

Выбірайце сродкі з інгрэдыентамі для ўвільгатненьня такімі самымі, як і ў ачышчальных сродках: кераміды, гіалюронавая кіслата, мачавіна, гліцэрына і алей насеньня шыа, якія падтрымліваюць вільготнасьць скуры. Калі ж у вас ёсьць вугры, то трэба выкарыстоўваць безалейныя сродкі.

Па словах доктара Бардонэ, найлепшы час для ўвільгатненьня скуры — адразу пасьля душу. Крэм трэба наносіць на зьлёгку вільготную скуру, каб яна захавала вільгаць на працягу дня.

Крок 3: Выкарыстоўвайце сонцаахоўныя крэмы

«Заўсёды трэба наносіць сонцаахоўны крэм на любыя ўчасткі цела, якія будуць пад узьдзеяньнем сонца, напрыклад твар, грудзі, рукі, ногі і запясьці», — кажа доктарка Плох.

У пажылых пацыентаў скура на сьпіне і плячах часта чыстая, але ніжэй за рукавы адзеньня скура пакрытая крапінкамі і плямамі — гэта прыкмета пашкоджаньня сонцам.

Большасьць экспэртаў рэкамэндуюць выкарыстоўваць сонцаахоўны крэм з SPF 30 або вышэй і наносіць яго паўторна не радзей, чым кожныя дзьве гадзіны.

Штодзённае выкарыстаньне сонцаахоўных крэмаў абараняе скуру ад шкодных ультрафіялетавых прамянёў, зьніжае рызыку раку скуры і зводзіць да мінімуму прыкметы старэньня, такія як сонечныя плямы, зьмены пігмэнтацыі і зморшчыны, кажа доктарка Плох.

Калі трэба зьвяртацца да дэрматоляга

Калі ваша скура па-ранейшаму здаецца сьцягнутай, сухой або раздражнёнай нават пасьля штодзённага выкарыстаньня мяккага ачышчальнага сродку і ўвільгатненьня, варта зьвярнуцца да спэцыяліста. У вас можа быць захворваньне скуры, напрыклад, экзэма або кантактны дэрматыт, што патрабуе спэцыяльнага лячэньня.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG