Пра гэта піша амэрыканская газэта The New York Times.
На чым мэдыкі засяродзіліся цяпер
Навукоўцы, якія вывучаюць эвалюцыю вірусу і імунныя рэакцыі арганізму, спадзяюцца прадухіліць новы ўздым пандэміі і лепш зразумець сам працяглы пэрыяд ковіду.
Дасьледаваньні ідуць у трох кірунках. Вучоныя спрабуюць зразумець, як паводзіць сябе і разьвіваецца каранавірус па меры таго, як насельніцтва назапашвае імунітэт.
Іншыя каманды дасьледуюць рэакцыю арганізму людзей на так званы зацяжны ковід.
Таксама навукоўцы спрабуюць ацаніць эфэктыўнасьць вакцыны ў густанаселеных цэнтрах, дзе адбываецца пастаянны рэсьпіратарны кантакт.
«Інтэлектуальна гэты вірус, прынамсі для мяне, становіцца ўсё больш цікавым, — кажа біёляг-эвалюцыяніст з Чыкаскага ўнівэрсытэту Сара Кобі. — У некаторым сэнсе SARS-CoV-2 стаў выдатным напамінам пра некаторыя з самых глыбокіх пытаньняў у гэтай галіне, і аб тым, як далёка нам трэба будзе зайсьці, каб адказаць на іх».
Навошта вучоныя зьбіраюць экскрэмэнты
Для пошуку адказаў вывучаюць нават экскрэмэнты грызуноў, хатніх жывёл і людзей.
«Дбайны аналіз новых варыянтаў, якія зьяўляюцца ў сьцёкавых водах, можа дапамагчы прадказаць, якія дадатковыя формы вірусу могуць зьявіцца, — сказаў The New York Times вірусоляг з унівэрсытэту штату Місуры Марк Джонсан. — Яны дапамагаюць атрымаць інфармацыю аб эвалюцыі вірусу і аб тым, што можа адбыцца далей, і, магчыма, нават аб тым, як стварыць лепшую вакцыну».
Праблема зацяжнога ковіду
Цяпер мэдыкі ўжо ведаюць, што ў невялікай колькасьці людзей вірус можа заставацца у розных частках цела на шмат месяцаў. Такі чалавек можа заставацца заразным. Якраз гэта і можа быць адной з прычын працяглай пандэміі ковіду. Але ня толькі. Менавіта ў аслабленых доўгай інфэкцыяй людзей узьнікаюць новыя варыянты, якія яшчэ лягчэй абыходзяць імунную абарону.
У Ейльскім унівэрсытэце доктарка Акіко Івасакі і яе калегі пачалі вывучаць імунныя рэакцыі на каранавірус практычна адразу пасьля яго зьяўленьня. І па меры разьвіцьця пандэміі стала відавочна, што ў многіх людзей каранавірус пакідае пасьля сябе ўстойлівую спадчыну ў выглядзе праблем з імунітэтам.
Як пандэмія зьмяніла сытуацыю з вакцынамі
Вакцыны цяпер можна вырабляць прасьцей і нашмат хутчэй, чым раней, таму «сапраўднае разуменьне таго, як разьвіваюцца вірусы, мае ўсё большую практычную карысьць», — кажа біёляг-эвалюцыяніст з Інстытуту Фрэда Гатчынсана ў ЗША Джэсі Блюм.
Цяпер зьяўляюцца камбінаваныя вакцыны, якія абараняюць адначасова, напрыклад, ад каранавірусу і ад сынтыніцыяльнага вірусу, а ёсьць і такія, якія могуць абараніць адразу ад чатырох і болей вірусаў.
Дакладная ацэнка эфэктыўнасьці наяўных вакцын, якая цяпер адбываецца, будзе мець вырашальнае значэньне для распрацоўкі каранавіруснай вакцыны для кожнага рэсьпіратарнага сэзону, а таксама для падрыхтоўкі да яго лекараў і пацыентаў.
Па меры таго як зьяўляліся ўсё новыя і новыя варыянты каранавірусу, стала зразумела, што, хоць вакцыны і забясьпечваюць магутную абарону ад цяжкіх варыянтаў хваробы і сьмерці, яны ўсё ж значна менш эфэктыўныя ў спыненьні распаўсюджваньня вірусу наогул.
Каля 15 гадоў таму навукоўцы высьветлілі, што большая частка ахоўных сіл арганізму забясьпечваецца ня толькі клеткамі і органамі імуннай сыстэмы, але і іншымі тканкамі нашага цела. Таму мэдыкі зразумелі, што для таго, каб вакцына прадухіляла інфэкцыю яшчэ больш эфэктыўна, яна павінна стымуляваць выпрацоўку антыцелаў ня толькі ў крыві, але і ў месцах пранікненьня вірусу ў арганізм — такіх, як сьлізістыя абалонкі носу і лёгкіх.
Таму ў гэтым кірунку і будзе далей разьвівацца распрацоўка вакцын. Некаторыя зь іх будуць назальнымі — гэта значыць, прымяняцца праз нос.