Пра новае дасьледаваньне амэрыканскіх інфэкцыяністаў інфармуе DW.
Навукоўцы Нацыянальнага інстытуту здароўя ЗША (кіроўнага амэрыканскага навукова-дасьледчага агенцтва ў галіне здароўя), лічаць, што РНК SARS-CoV-2 можа захоўвацца ў многіх месцах чалавечага арганізму, уключаючы галаўны мозг, на працягу 230 дзён з моманту зьяўленьня першых сымптомаў інфікаваньня.
Гэтак сьцьвярджаюць аўтары дасьледаваньня, падчас якога было праведзена 44 ускрыцьці целаў пацыентаў з COVID-19, якія пры жыцьці ў рознай ступені пацярпелі ад гэтай хваробы. Прэпрынт — вытрымкі з артыкулу — знаходзіцца цяпер на разглядзе часопісу Nature. Спасылку на яе таксама разьмясьціла ў панядзелак, 27 сьнежня, агенцтва Bloomberg. Дасьледаваньне пакуль не прайшло працэдуру рэцэнзаваньня.
«Мы прадэманстравалі, што SARS-CoV-2 шырока распаўсюджаны нават у тых пацыентаў, якія памерлі зь бессымптомнай або лёгкай формай COVID-19, і што рэплікацыя вірусу прысутнічае ў многіх пазалёгачных тканках на раньніх стадыях інфікаваньня», — адзначаюць дасьледнікі.
«SARS-CoV-2 можа заставацца ў арганізьме некалькіх месяцаў»
«Нягледзячы на шырокае распаўсюджаньне SARS-CoV-2 у арганізьме, запаленьне або непасрэдная вірусная цытапаталёгія (дэгенэратыўныя зьмены ў клетачных культурах) за межамі лёгкіх» былі выяўлены слаба, сьцьвярджаюць навукоўцы.
«Нашы дадзеныя даказваюць, што SARS-CoV-2 выклікае сыстэмную інфэкцыю і можа заставацца ў арганізьме цягам некалькіх месяцаў», — канстатуюць аўтары дасьледаваньня.
Яны таксама пішуць, што некаторыя пацыенты, якія перахварэлі COVID-19 у цяжкай форме, пасьля пакутуюць ад так званага «зацяжнога ковіду», пры якім доўгі час адчуваюцца наступствы для сардэчна-судзіннай, дыхальнай і нэрвовай сыстэм арганізму.
«Зацяжны COVID-19»
Раней стала вядома, што так званы посткавідны сындром выяўляюць прыкладна ў 10-15 працэнтаў інфікаваных каранавірусам. Рызыка яго ўзьнікненьня, паводле спэцыялістаў, вышэйшая ў жанчын і людзей пажылога ўзросту.
Навукоўцы з Каралеўскага каледжу Лёндану сабралі даныя каля 1,2 мільёна карыстальнікаў смартфонаў. Удзельнікі заносілі ў дадатак зьвесткі аб тым, калі яны атрымалі прышчэпку, ці заразіліся яны пасьля яе каранавірусам і як доўга ў іх праяўляліся постковідныя сымптомы.
Паводле дасьледнікаў, сярод прышчэпленых колькасьць пацыентаў з «зацяжным COVID-19» была ўдвая меншая, чым сярод непрышчэпленых.