Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны G7 асудзілі рэпрэсіі ў Беларусі і запатрабавалі вызваленьня палітвязьняў


Удзельнікі саміту кіраўнікоў МЗС краін «Вялікай сямёркі»
Удзельнікі саміту кіраўнікоў МЗС краін «Вялікай сямёркі»

Напярэдадні вынікамі сутрэч з удзельнікамі саміту кіраўнікоў МЗС краін «Вялікай сямёркі» падзялілася дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. Беларусь упершыню была прадстаўленая на пасяджаньні G7.

«Мы пацьвярджаем нашае асуджэньне саўдзелу беларускага рэжыму ў вайне Расеі супраць Украіны. Мы выказваем нашу пастаянную занепакоенасьць працягам рэпрэсій рэжыму ў дачыненьні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці, а таксама апазыцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды. Мы таксама асуджаем жорсткае абыходжаньне з палітычнымі зьняволенымі і патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызваленьня», — гаворыцца ў заяве міністраў замежных спраў «Групы сямі» па выніках іх саміту ў Італіі.

18 красавіка дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская паведаміла, што прыцягнула ўвагу вядучых палітыкаў сьвету — Энтані Блінкена, Анналены Бэрбак, Дэйвіда Кэмэрана, Стэфана Сэжурнэ — да гуманітарнага крызісу ў Беларусі і пагрозы яе акупацыі Расеяй.

Таксама лідэрка заклікала ўдзельнікаў да пошуку шляхоў вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў.

«На сустрэчах я заклікала міністраў працягваць падтрымку нашай грамадзянскай супольнасьці і мэдыя, а таксама расказала пра палітвязьняў: нашыя людзі паміраюць у турмах. Мы гаварылі пра прыцягненьне рэжыму да адказнасьці — не толькі за вайну супраць Украіны, але і за рэпрэсіі супраць беларусаў», — заявіла Ціханоўская.

Яна адзначыла, што будзе працягваць рабіць «усё магчымае, каб пытаньне Беларусі не пакідала міжнароднага парадку дня».

  • Беларусь упершыню прадстаўленая на саміце «Вялікай сямёркі».
  • Акрамя саміту G7, Ціханоўская раней атрымала запрашэньне на саміт усіх сьпікераў парлямэнтаў Эўразьвязу, дзе яна будзе ў статусе адмысловага госьця нароўні з каралём Гішпаніі. На такія саміты рэдка клічуць прадстаўнікоў краін, якія не ўваходзяць у гэтыя аб’яднаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG