«Вы прыехалі да сяброў»,— сказаў Аляксандар Лукашэнка Мілараду Додзіку на сустрэчы ў Менску.
«Вы павінны ведаць галоўнае: калі вам у Беларусі нешта падыходзіць у пляне тэхналёгій і іншых пытаньняў у сельскай гаспадаркі, прамысловасьці, ахове здароўя, мы заўсёды рады аказаць вам дапамогу і падтрымку», — сказаў Лукашэнка, якога цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Додзік адказаў Лукашэнку:
«Я вельмі рады нашай сустрэчы. Вас асабіста я ўспрымаю як сябра нашага народа, нават больш — брата... Нягледзячы на ўсе выклікі, наша сяброўства працягваецца. Я ведаю, што і ваша краіна таксама пад ціскам і санкцыямі Захаду. Мы ў Рэспубліцы Сэрбскай не дазволілі, каб Босьнія і Герцагавіна галасавала за санкцыі. Вядома, нам нялёгка было адолець ціск і Брусэля, і Вашынгтона. Але мы засталіся пасьлядоўнымі ў сваім рашэньні. Усё кіраўніцтва Рэспублікі Сербскай на дадзены момант пад брытанскімі і амэрыканскімі санкцыямі».
Раней Міларад Додзік ужо наведаў Менскі навукова-практычны цэнтар хірургіі, транспланталёгіі і гематалёгіі і сустрэўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам.
Свой візыт у Менск Додзік анансаваў у сьнежні 2023 году.
«Я ўжо быў у Беларусі і зачараваны вашай краінай. Беражыце свайго прэзыдэнта і сваю свабоду, свой сувэрэнітэт. Калі вы гэта страціце, то страціце сябе», — заявіў тады Додзік.
Чым вядомы Додзік
Прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай Міларад Додзік знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах ЗША і Вялікай Брытаніі за перашкоды выкананьню Дэйтанскага пагадненьня і парушэньне легітымнасьці і функцыянальнасьці дзяржавы Босьнія і Герцагавіна.Таксама ён супраціўляецца рэформам у Босніі і Герцагавіне, ад чаго краіна ня рухаецца далей у пытаньнях эўраінтэграцыі і ўступленьня ў NATO.
Пасьля Менску ён зьбіраецца паехаць у Маскву, дзе, паводле яго, сустрэнецца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Прэзыдэнт басьнійска-герцагавінскага ўтварэньня Рэспубліка Сэрбская — адна зь нямногіх афіцыйных асобаў, якія ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну сустракаліся з расейскімі і беларускімі афіцыйнымі асобамі, што знаходзяцца пад санкцыямі за агрэсію ва Ўкраіне.
Босьнія і Герцагавіна далучылася да санкцый ЭЗ супраць Расеі і Беларусі, але ня выканала іх з прычыны абструкцыі ўраду Рэспублікі Сэрбскай на чале зь Міларадам Додзікам.
Додзік любіць падкрэсьліваць свае шчыльныя сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам. Раней Додзік крытыкаваў санкцыі супраць Расеі і асуджаў заявы іншых басьнійскіх палітыкаў, якія падтрымалі Ўкраіну.
16 лютага Додзік у Маскве браў удзел у форуме прапуцінскай партыі «Адзіная Расея» «За свабоду нацый!». У сваім выступе ён заявіў, што Расея нібыта «была вымушаная правесьці ваенную апэрацыю і абараняць свой сувэрэнітэт, у адказ заходнія краіны ўводзяць пастаянныя санкцыі — гэта яшчэ адзін від каляніяльнай экспансіі».
64-гадовы Додзік стаў прэзыдэнтам Рэспублікі Сэрбскай па выніках выбараў 2022 году. Блёк апазыцыйных партый абвінаваціў яго ў фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і запатрабаваў пераліку галасоў.
У сьнежні 2023 году ў Сараеве пачаўся суд над Додзікам. Ён абвінавачваецца ў непадпарадкаваньні рашэньням высокага прадстаўніка ААН Крысьціяна Шміта, якому даручана сачыць за выкананьнем Дэйтанскіх пагадненьняў, што паклалі канец крывавай грамадзянскай вайне ў краіне ў 1990-х гадах.
Міларад Додзік неаднаразова пагражаў аддзяленьнем Рэспублікі Сэрбскай ад Босьніі і Герцагавіны, і, калі яго прызнаюць вінаватым на працэсе, яму можа пагражаць да 5 гадоў турэмнага зьняволеньня, а таксама забарона займацца палітыкай.
Рэспубліка Сэрбская — аўтаномія ў складзе Босьніі і Герцагавіны. Створаная ў 1992 годзе як самаабвешчаная дзяржава, стала складовай часткай Босьніі і Герцагавіны па выніках Дэйтанскіх пагадненьняў 1995 году.