Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бялградзе зьявіліся плякаты ў падтрымку Лукашэнкі. Хто за імі стаіць? ФОТА


Плякат у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Бялграда, 19 лютага 2024
Плякат у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Бялграда, 19 лютага 2024

Ультраправая арганізацыя «Нашы кансэрватыўныя рухі» расклеіла ў Бялградзе плякаты ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Плякаты з абліччам Аляксандра Лукашэнкі і надпісам «Сэрбія з Лукашэнкам» заўважылі карэспандэнты сэрбскай службы Радыё Свабодная Эўропа ў цэнтры Бялграда 19 лютага. Плякаты былі расклееныя за некалькі дзён да дня галасаваньня ў Беларусі, прызначанага на 25 лютага.

Здымкі гэтых плякатаў таксама даслалі і ў беларускую службу Радыё Свабода.

Плякаты ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Бялграда, 19 лютага 2024
Плякаты ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Бялграда, 19 лютага 2024

Арганізатары акцыі паведамілі, што Лукашэнка «зьяўляецца засьведчаным сябрам Сэрбіі, падтрымка якога мела вялікае значэньне падчас агрэсіі NATO супраць Югаславіі ў 1999 годзе, калі ён наведаў Бялград і аказаў падтрымку сэрбскаму народу».

«Напярэдадні маючых адбыцца парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, прызначаных на 25 лютага 2024 года, кансэрватыўны рух „Нашы“ выказвае поўную падтрымку прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, які вядзе незалежную і сацыяльна арыентаваную палітыку», — напісалі арганізатары акцыі.

.

Плякат у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Бялграда, 19 лютага 2024
Плякат у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Бялграда, 19 лютага 2024

Хто стаіць за рухам, які расклеіў плякаты?

Кансэрватыўны рух «Нашы» — незарэгістраваная арганізацыя. Ён адкрыта падтрымлівае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, выступае супраць эўраінтэграцыі Сэрбіі і адстойвае антыімігранцкія погляды.

Гэтая арганізацыя была створаная Сэрбскім народным рухам «Нашы», іншай незарэгістраванай арганізацыяй, забароны якой у 2012 годзе дамагалася пракуратура Сэрбіі, сярод іншага, за распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай, расавай і сэксуальнай варожасьці і дыскрымінацыі.

Аднак Канстытуцыйны суд краіны тады палічыў, што ўмовы для забароны іх працы не былі выкананыя.

Лукашэнка зьяўляецца адным зь нешматлікіх саюзьнікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, а Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі Эўрапейскага зьвязу за яе ролю ва ўварваньні Расеі ва Ўкраіну.

Сэрбія выбарачна далучылася да санкцый супраць Беларусі, але настойліва адмаўляецца ўвесьці іх у дачыненьні да Расеі.

Беларусь 17–19 лютага наведвае дэлегацыя Рэспублікі Сэрбскай (Босьнія і Герцагавіна) на чале зь яе прэзыдэнтам Міларадам Додзікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG