Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыехаў лідэр басьнійскіх сэрбаў Додзік, вядомы сваёй прарасейскай пазыцыяй


Міларад Додзік, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Міларад Додзік, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Беларусь 17-19 лютага з рабочым візытам наведвае дэлегацыя Рэспублікі Сэрбскай Босьніі і Герцагавіны на чале зь яе лідэрам Міларадам Додзікам, піша БелТА са спасылкай на прэс-службу МЗС Беларусі.

Падчас візыту плянуюць абмеркаваць пытаньні разьвіцьця гандлёвых сувязяў, узаемадзеяньня ў сфэрах прамысловасьці, аховы здароўя, навукі і адукацыі, пашырэньня двухбаковай дамоўна-прававой базы, піша дзяржаўнае агенцтва. Міларад Додзік ужо наведаў Менскі навукова-практычны цэнтар хірургіі, транспланталёгіі і гематалёгіі.

Візыт у Менск Додзік анансаваў у сьнежні 2023 году. «Я ўжо быў у Беларусі і зачараваны вашай краінай. Беражыце свайго прэзыдэнта і сваю свабоду, свой сувэрэнітэт. Калі вы гэта страціце, то страціце сябе», — заявіў тады Додзік.

Додзік любіць падкрэсьліваць свае шчыльныя сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам. Раней Додзік крытыкаваў санкцыі супраць Расеі і асуджаў заявы іншых басьнійскіх палітыкаў, якія падтрымалі Ўкраіну. Таксама ён супраціўляецца рэформам у БіГ, ад чаго краіна ня рухаецца далей у пытаньнях эўраінтэграцыі і ўступленьня ў NATO.

16 лютага Додзік у Маскве прымаў удзел у форуме партыі «Адзіная Расея» «За свабоду нацый!». У сваім выступе ён заявіў, што РФ «была вымушаная правесьці ваенную апэрацыю і абараняць свой сувэрэнітэт, у адказ заходнія краіны ўводзяць пастаянныя санкцыі — гэта яшчэ адзін від каляніяльнай экспансіі».

64-гадовы Додзік стаў прэзыдэнтам Рэспублікі Сэрбскай па выніках выбараў 2022 году. Блёк апазыцыйных партый абвінаваціў яго ў фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і запатрабаваў пераліку галасоў.

У сьнежні 2023 году ў Сараеве пачаўся суд над Додзікам. Ён абвінавачваецца ў непадпарадкаваньні рашэньням высокага прадстаўніка ААН Крысьціяна Шміта, якому даручана сачыць за выкананьнем Дэйтанскіх пагадненьняў, што паклалі канец крывавай грамадзянскай вайне ў краіне ў 1990-х гадах. Міларад Додзік неаднаразова пагражаў аддзяленьнем Рэспублікі Сэрбскай ад Босьніі і Герцагавіны, і, калі яго прызнаюць вінаватым на працэсе, яму можа пагражаць да 5 гадоў турэмнага зьняволеньня, а таксама забарона займацца палітыкай.

Рэспубліка Сэрбская — аўтаномія ў складзе Босьніі і Герцагавіны. Створаная ў 1992 годзе як самаабвешчаная дзяржава, стала складовай часткай Босьніі і Герцагавіны па выніках Дэйтанскіх пагадненьняў 1995 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG