Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр Рэспублікі Сэрбскай пасьля выбараў зноў заклікаў да развалу Босьніі і Герцагавіны


Перадвыбарчы плякат Міларада Додзіка
Перадвыбарчы плякат Міларада Додзіка

Міларад Додзік зноў выказаўся пра аддзяленьне сваёй аўтаноміі ад дзяржавы Босьнія і Герцагавіна. Гэта адбылося праз тыдзень пасьля таго, як усеагульныя выбары ў этнічна падзеленай краіне паказалі, што партыя Додзіка Саюз незалежных сацыял-дэмакратаў (SNSD) застаецца дамінуючай сярод сэрбаў.

Міларад Додзік справакаваў найцяжэйшы палітычны крызіс у пасьляваеннай Босьніі ў сьнежні мінулага году, калі паспрабаваў вывесьці Рэспубліку Сэрбскую з ключавых дзяржаўных інстытутаў, такіх як судовая і падатковая сыстэмы і аб’яднаныя ўзброеныя сілы, піша Reuters.

Сутыкнуўшыся з санкцыямі ЗША і Вялікай Брытаніі і павелічэньнем міжнароднай прысутнасьці ў Босьніі, выкліканай асьцярогамі, што вайна ва Ўкраіне можа паслужыць сыгналам да пачатку чарговага канфлікту басьнійскімі сэрбамі на Балканах, Додзік стрымаўся, заявіўшы, што ў той час ён марудзіў, а не адмаўляўся ад пляну. Санкцыі ўведзеныя і супраць мэдыя, якія залежаць ад Додзіка, за іх распальваньне сэрбскага сэпаратызму.

На прэс-канфэрэнцыі ў Бялградзе, сталіцы Сэрбіі, якая зьяўляецца ключавым саюзьнікам басьнійскіх сэрбаў, Додзік аднавіў сваю крытыку цяперашняга ладу Босьніі, заявіўшы, што гэта «нежыцьцяздольная дзяржава, створаная іншаземцамі».

Згодна з Дэйтанскім мірным пагадненьнем, якое паклала канец вайне 1992–1995 гадоў, Босьнія была падзелена на дзьве аўтаномныя вобласьці — Рэспубліку Сэрбскую і Фэдэрацыю, дзе кіруюць харваты і башнякі. Складовыя часткі злучаныя слабым нацыянальным урадам.

«Мы стварылі Рэспубліку Сэрбскую як незалежную дзяржаву, ... і мы ніколі не ўспрымалі Босьнію як сумесную дзяржаву», — сказаў Додзік, які займаў пасады прэзыдэнта і прэм’ер-міністра рэгіёну з 1998 году, а таксама займаў пасаду сэрбскага члена трохбаковага міжэтнічнага прэзыдэнцкага органу краіны.

«Босьнія павінна быць пераасэнсаваная і вернутая да арыгінальнай канстытуцыі. Калі гэта немагчыма, а гэта немагчыма, яна павінна распусьціцца», — дадаў Додзік.

Раней Додзік раскрытыкаваў санкцыі супраць Расеі і асудзіў заявы іншых басьнійскіх палітыкаў, якія падтрымалі Ўкраіну. Таксама ён супраціўляецца рэформам у БіГ, ад чаго краіна ня рухаецца далей у пытаньнях эўраінтэграцыі і ўступленьня ў NATO.

Додзік, які любіць падкрэсьліваць свае шчыльныя сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам, абвясьціў перамогу сваёй партыі SNSD на ўсіх узроўнях улады, у тым ліку ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай. Ён сказаў, што хоча зьвярнуцца да сэрбскіх СМІ, таму што некаторыя «спрабавалі паставіць пад сумнеў яго перамогу».

Блёк апазыцыйных партый абвінаваціў яго ў фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і запатрабаваў пераліку галасоў. Праціўнікі прарасейскага палітыка правялі акцыі пратэсту ў фактычнай сталіцы рэгіёну Баня-Луцы, у якіх прынялі ўдзел тысячы людзей.

Выбарчая камісія Босьніі і Герцагавіны заявіла, што разгледзіць усе запыты на пералік галасоў пасьля таго, як канчатковыя вынікі выбараў будуць абвешчаны ў пачатку лістапада.

Додзік таксама заявіў, што яго юрыдычная каманда паспрабуе аспрэчыць пазыцыю міжнароднага пасланьніка ў пытаньнях міру Крысьціяна Шміта, заявіўшы, што той «узурпаваў» пасаду без мандату Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG