34-гадовую берасьцейку Дзіяну Завадзкую затрымалі неўзабаве пасьля вяртаньня з-за мяжы. Цяпер ёй пагражае да дзесяці гадоў турмы, паведамляе «Наша Ніва».
Суд над Дзіянай Завадзкай пачнецца 26 лютага ў Берасьцейскім абласным судзе. Яе абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- «грубае парушэньне грамадзкага парадку» (арт. 342);
- «фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне ваенных канфліктаў» (ч.2 арт. 361-3).
Паводле другога артыкула ёй пагражае ад 5 да 10 гадоў калёніі.
Дзіяна Завадзкая працуе ў EPAM, узначальвае там каманду тэсьціроўшчыкаў. Яна перайшла ў IT з маркетынгу, працуе ў гэтай сфэры ўжо больш за 7 гадоў.
Пасьля пачатку вайны Дзіяна разам з сынам, якому цяпер 7 гадоў, выехала ў Тбілісі. У нейкі момант яна вырашыла вярнуцца ў Беларусь, хоць час ад часу выяжджала за мяжу. У яе Інстаграме ёсьць фота з Варшавы, якое датуецца 29 чэрвеня 2023 году, праз тры дні быў апублікаваны здымак зь Мірскага замку. А пасьля дзяўчына зьнікла з сацыяльных сетак.
Апошнім часам у Беларусі ўсё часьцей затрымліваюць і судзяць паводле крымінальнага артыкула «фінансаваньне вайны» беларусаў, якія тым ці іншым спосабам дапамагалі Ўкраіне і беларускім добраахвотнікам, што ваююць на баку Ўкраіны. Шмат у якіх выпадках беларусаў затрымлівалі па вяртаньні з-за мяжы.
Пры гэтым тых беларусаў, якія купляюць дапамогу для вайскоўцаў Расеі, не чапаюць. Займаецца гэтым нават афіцыйная праваслаўная царква — Сьвята-Елізавецінскі манастыр штомесяц купляе аўтамабіль для вайскоўцаў з Расеі.