Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тайвань дадаткова абмежаваў пастаўкі станкоў у Беларусь, каб урэзаць іх магчымае выкарыстаньне ў ваенных мэтах


Акцыя салідарнасьці з Украінай у Тайвані. Архіўнае фота
Акцыя салідарнасьці з Украінай у Тайвані. Архіўнае фота

Новыя абмежаваньні набудуць моц 8 сакавіка, паведамляе Focus Taiwan са спасылкай на Міністэрства эканомікі Тайваня.

У заяве міністэрства гаворыцца, што дадатковыя абмежаваньні паставак станкоў у Беларусь і Расею ўвялі, каб расейскія вайскоўцы не выкарыстоўвалі высокатэхналягічнае тайваньскае абсталяваньне для вайны з Украінай.

Пад экспартны кантроль патрапілі 77 найменьняў станкоў, у тым ліку электрамэханічныя станкі, мэталаапрацоўчыя цэнтры, такарныя, фрэзэрныя і шліфавальныя станкі.

Паводле зьвестак Міністэрства эканомікі, яно таксама зьвярнулася з просьбай да тайваньскіх вытворцаў, якія экспартуюць прадукцыю ў такія краіны, як Турэччына і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, дзе ёсьць высокая рызыка пераадгрузкі прадукцыі, пагадзіцца не перанакіроўваць пастаўкі ў Расею і Беларусь.

Днямі Тайвань больш чым у 15 разоў павялічыў штрафы за пастаўкі ў Беларусь і Расею забароненых тэхналёгіяў.

Акрамя таго, улады Тайваню зробяць больш жорсткім кантроль за пастаўкамі ў Расею тайваньскіх тэхналёгій праз трэція краіны. У прыватнасьці, тайваньскія вытворцы пры экспарце ў «дзяржавы з высокай ступеньню рызыкі рээкспарту (такія як Турэччына, ААЭ і краіны Цэнтральнай Азіі)», павінны задэкляраваць канчатковага карыстальніка абсталяваньня.

  • Вясной 2022 году ўлады Тайваня далучыліся да эканамічных санкцый супраць Расеі. У красавіку 2022 году Тайвань упершыню абмежаваў экспарт у РФ 57 відаў высокатэхналягічных тавараў і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, у тым ліку паўправаднікоў, аэракасьмічных і кампутарных тэхналёгій, лазэраў, датчыкаў і іншых тавараў.
  • У траўні 2022 году аналягічныя абмежаваньні ўвялі адносна экспартных паставак у Беларусь.
  • У студзені 2023 году Тайвань пашырыў дзейны сьпіс яшчэ на 52 пазыцыі, а са студзеня 2024 году — яшчэ на 45 відаў тавараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG