Быццам заклінавала шыю
Як ні круці, гэта вынік мэтанакіраванай палітыкі апошніх трыццаці гадоў, калі ў галовы беларусаў праз кіно, СМІ, інтэрнэт, «кожны прас» і сарафаннае радыё шырокай хваляй ішло і ідзе ўсё амаль толькі расейскае, вольна ці міжвольна фармуючы ва ўсіх завужанае ўспрыманьне сьвету і гэтую самую ўрэзаную дарэшты карціну.
Вядома, цалкам лягічна абмяркоўваць тое, што сходу ведаюць усе, а ня нешта шырока вядомае ў вузкіх колах. З другога боку, крык роспачы паэта Сяргея Прылуцкага (перастаньце!) змушае канстатаваць, што гэтая палітыка дасягнула сваёй мэты: беларусы ў масе сваёй страцілі шматвэктарнасьць, а ў выніку і пэрспэктыву нацыянальнага існаваньня.
Усё сваё, беларускае ў Беларусі калі не забароненае, дык жорстка маргіналізаванае (для нас саміх), усё заходняе — хлуд і заняпад (толькі так пра яго і гавораць з усіх трансьлятараў), нічога суседзкага быццам увогуле не існуе. У выніку ў спэктры абмеркаваньня таго, пра што ведаюць усе, застаецца амаль выключна расейскае. У гэтым сэнсе маем зусім новы, ніколі, бадай, у гісторыі ня знаны пэрыяд дабіваньня беларускай нацыі і, што даводзіцца прызнаць, мы самі міжвольныя ўдзельнікі гэтага вось усяго. Пра што цалкам слушна крычыць Прылуцкі. Але гэта крык адчаю, бо што з гэтым рабіць, ня ведае ніхто. Мы ўсе стаім, павярнуўшы галаву на ўсход. Быццам заклінавала шыю.
«Я не такі! — запратэстуе чытач. — Я гляджу і чытаю на розных мовах і з усяго сьвету». Але гаворка пра калектыўны розум, пра тое, пра што сходу гатовыя гаварыць усе. А яно — расейскае. І нават «Барбі» з «Опэнгаймэрам» ідуць у пакеце, бо па-расейску і з расейскім мэнтальным перакладам.
Такога ніколі не было
У 1960-1980 гады мінулага стагодзьдзя панавала, вядома ж, русыфікацыя, але мы маглі ў аналягавым рэжыме абмяркоўваць тое, што ведалі абсалютна ўсе: польскіх «Чатырох танкістаў і сабаку» ці літоўскі «Ніхто не хацеў паміраць», ці латыскую «Доўгую дарогу ў дзюнах», бо ўсё гэта паказвалі ў тэлевізары. Расейскае, зразумела, дамінавала, але колькасна. У пляне агульнадаступнасьці ўсё было роўнае. А якую сёньняшнюю польскую, літоўскую ці латыскую прэм’еру мы маглі б абмеркаваць у фэйсбуку з той самай заўзятасьцю, зь якой абмяркоўваем «Слова пацана» ці «Майстра і Маргарыту»? Ці нічога такога ўроўню не ствараецца ў суседзяў? Ці справа ў нашай фатальнай страце цікавасьці?
Усе ведалі Алена Дэлёна, Люі дэ Фюнэса і «высокага бляндына ў чорным чаравіку». Усе ведалі ўсіх зорак францускага кіно! Усе ведалі гэдээраўскага індзейца Гойку Міціча і па тры разы хадзілі ў кінатэатар на амэрыканскае «Золата Макены» ці на брытанскае «О, шчасьліўчык».
Мы ведалі зорак польскай, вугорскай, чэскай эстрады — яны штодня гучалі ў хатняй «радыёкропцы». А хто сёньня найпапулярнейшая сьпявачка ў Літве ці Польшчы, ня скажуць нават тыя, хто туды пераехаў жыць.
У кіёсках прадаваліся дзясяткі назваў польскіх, югаслаўскіх, баўгарскіх часопісаў. Многія жанчыны ведалі пра «Kobietu i Życie», а амаль усе юнакі — пра «Mały modelarz»... Усё гэта прадавалася, куплялася і чыталася. Часопіс «Корея сегодня» бралі, каб разам парагатаць з ідэяў чучхэ, а заадно знайсьці карыкатурныя падабенствы з уласнай рэчаіснасьцю. Сёньня б не сьмяяліся, вядома, як ня можа быць сьмеху з «Советской Белоруссии». Як увогуле ня можа быць бясьпечнага сьмеху ў цяперашняй Беларусі.
І няхай улады дэкляруюць «вяртаньне ў СССР», да той карціны сьвету, што была ў СССР, яны ня вернуцца. Ня змогуць вярнуцца. Бо самі загналі сябе і краіну ў нару з адзіным выхадам — на ўсход.
На парадку дня
Але не пра ўлады клопат, а пра нас, пра беларусаў са страчаным навыкам, страчанай пэрспэктывай і заклінаванай шыяй. Мала каму не відавочна, што мала чаго беларускага засталося ў Беларусі. Дзяржаўны апарат цалкам прарасейскі, побытавае жыцьцё таксама. Вынішчаюцца нават асобныя рыскі нашай нацыянальнай адметнасьці — кнігі, помнікі, мэмарыяльныя шыльды.
Усе беларускія людзі ў такой сытуацыі так ці інакш думаюць пра захаваньне нацыі, бо цяперашняя «Корея сегодня» наўрад ці доўга працягне ў цэнтры Эўропы.
Тым часам мы абмяркоўваем расейскія фільмы і не заўважаем, што амаль цалкам страцілі літаратурную, тэатральную і кінакрытыку. Пры тым, што нямала выходзіць нашых беларускіх фільмаў, кніг і спэктакляў. Насамрэч нам ёсьць што абмяркоўваць сваё. І гэта ўжо ня словы на вецер, а словы, якія трапляюць у незанятую нішу страчаных жанраў. Крытычных жанраў, безь якіх культуры дыхаецца нашмат цяжэй.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.