Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі ў Нацбанк шукаюць 85 спэцыялістаў. Як кадравы голад закрануў беларускі дзяржапарат


Каляж
Каляж

Нястача кадраў Беларусі закранула і чыноўнікаў. Ім прапануюць больш за 4800 рублёў заробку і абяцаюць сацыяльныя гарантыі. Глядзім, каго шукаюць і пра што гэта сьведчыць.

136 739 вакансій цяпер у агульнарэспубліканскай базе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Шукаюць таксама чыноўнікаў. Глядзім, што ім гатовая прапанаваць дзяржава.

Нацбанк – 85 вакансій

Дзяржаўны рэгулятар у банкаўскай сфэры – Нацбанк – мае цэлых 85 вакансій. Самы высокі заробак, 3578 рублёў, прапануюць начальніку аднаго са структурных падразьдзяленьняў. Патрабуюць досьвед працы 5 гадоў і вышэйшую адукацыю.

На ўсіх вакансіях у Нацбанку абавязковая ўмова – адсутнасьць крымінальнай судзімасьці. Тут жа гэтай умовы не прапісалі.

У Нацбанку шукаюць таксама сыстэмнага аналітыка, дарадцу, сьлесара, сантэхніка, кіроўцу ды іншых спэцыялістаў.

Міністэрства энэргетыкі – 4 вакансіі

Міністэрства энэргетыкі шукае адразу чацьвярых спэцыялістаў. Кансультанту прапануюць 2026 рублёў на месяц. Трэба мець вышэйшую адукацыю, досьвед працы ў энэргетычнай сфэры працягласьцю 4 гады і веданьне заканадаўства ў сфэры ядзернай энэргетыкі.

У Мінэнэрга таксама шукаюць яшчэ аднаго кансультанта з заробкам у 2026 рублёў. Патрабаваньні падобныя да першай вакансіі, але яшчэ трэба знацца на абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі.

У Міністэрства энэргетыкі патрабуюцца інжынэр (1417 рублёў заробку) і эканаміст з такой жа заработнай платай.

Аблвыканкам – два судовыя выканаўцы

Упраўленьне юстыцыі Горадзенскага аблвыканкаму шукае адразу 6 спэцыялістаў, зь іх двое – гэта судовыя выканаўцы ў два розныя раёны.

Судоваму выканаўцу ў Ашмянах прапануюць да 2600 рублёў заробку. Больш, чым у Міністэрстве энэргетыкі вузкаму спэцыялісту. З патрабаваньняў – вышэйшая адукацыя. Абяцаюць выплату дапамогі на аздараўленьне да адпачынку.

Судоваму выканаўцу ў Шчучыне прапануюць менш – 1954 рублі.

У гэтым жа аблвыканкаме шукаюць таксама рэфэрэнта (да 1300 рублёў заробку), двух юрыстаў (да 2100 рублёў) і аднаго спэцыяліста (да 700 рублёў).

Дырэктару раённай жыльлёвай гаспадаркі – 4678 рублёў

Адміністрацыя Партызанскага раёну Менску шукае чатырох спэцыялістаў. Найбольш прапануюць дырэктару жыльлёвай камунальнай гаспадаркі Партызанскага раёну Менску – да 4678 рублёў.

Патрабаваньне да патэнцыйнага супрацоўніка адно – наяўнасьць вышэйшай адукацыі.

Як стала вядома Свабодзе, падрабязнасьці вакансій і патрабаваньні да кандыдатаў кадравікі па тэлефоне абмяркоўваюць неахвотна, часта раяць проста «прыслаць рэзюмэ».

«Ня мара кожнага школьніка»

Праца чыноўніка ня самая распаўсюджаная “прафэсія мары” ў Беларусі, кажа старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна. Таму дэфіцыт кадраў закрануў чыноўнікаў, асабліва цяжка стала з добрымі спэцыялістамі.

«У дзяржаўнае кіраваньне раней ішлі людзі, але гэта ня самы прыярытэтны кірунак, ня мара кожнага школьніка. Там не стае кадраў і цяжкасьці з пошукам спэцыялістаў. Пытаньне і ў іх кваліфікацыі. Людзей і так бракуе, а высакаклясных спэцыялістаў не хапае зусім. Праз палітычную сытуацыю ёсьць фактар праверкі на ляяльнасьць сыстэме. Могуць узяць горшага спэцыяліста, але каб ён быў “надзейны”», – прыводзіць прыклад Анастасія Лузгіна.

Празь нястачу кадраў нявыкананы аб’ём працы кладзецца на іншых супрацоўнікаў, адсюль зьяўляюцца перапрацоўкі, пераход старых кадраў на іншую працу, дадае экспэртка.

«Дзяржаўная кіраваньне – гэта нялёгкая праца, там трэба досьвед і кваліфікацыя. Калі ёсьць праблемы з кадрамі, няхватка кіраўнікоў зьніжае якасьць дзяржаўнага кіраваньня і адбіваецца на ўсёй эканоміцы. Ускосна гэта ўплывае на кожнага беларуса», – дадае Анастасія Лузгіна.

У кастрычніку мінулага году дасьледчы цэнтар Beroc рабіў маніторынг становішча малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі. Больш за 40% апытаных рэспандэнтаў назвалі «няхватку пэрсаналу» галоўным фактарам, які перашкаджае разьвіцьцю кампаніі. Дэфіцыт кадраў у Беларусі працягвае расьці, найбольш бракуе сьлесараў, дактароў, інжынэраў, будаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG