Пуцін прапанаваў правесьці сустрэчу ў чацьвер, 15-га траўня, у Стамбуле. Перамовы Расея прапануе пачаць без папярэдніх умоваў.
Пры гэтым Пуцін заявіў, што не выключае дамоўленасьці аб новым перамір’і ў ходзе перамоваў, дадаўшы, што цяпер «мяч на баку Ўкраіны».
«Заўтра ў нас заплянаваная размова з прэзыдэнтам Турэччыны спадаром Эрдаганам, я хачу папрасіць яго, каб ён даў такую магчымасьць правядзеньня перамоваў у Турэччыне. Спадзяюся, ён пацьвердзіць сваё жаданьне спрыяць пошуку міру ва Ўкраіне», — адзначыў Уладзімір Пуцін.
Кіеў пакуль не пракамэнтаваў прапанову расейскага прэзыдэнта.
Выступ Пуціна пачаўся прыкладна ў 1.30 маскоўскага часу і заняў каля 20 хвілін.
Апоўначы завяршылася аб’яўленае ў аднабаковым парадку спыненьне агню. Пра яго працяг Пуцін не сказаў. Аднак пасьля прэс-канфэрэнцыі прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў пацьвердзіў, што перамір’е, абвешчанае на дні 80-годдзя Перамогі (8–10 траўня), прапанаванае Пуціным, завершанае.
Увечары 10 траўня лідэры Францыі, Германіі, Польшчы, Вялікай Брытаніі і Ўкраіны выпусьцілі сумесную заяву, якая заклікае Пуціна абʼявіць з панядзелка, 12 траўня, «поўнае і безумоўнае спыненьне агню на тэрмін, ня меншы як 30 дзён, у паветры, на моры і на сушы». У выпадку, калі Расея адмовіцца ад гэтай прапановы, палітыкі прыгразілі ўжыць жорсткія санкцыі.
Форум