Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа рахунак з грашыма Каардынацыйнай рады расказаць, што адбылося з Анжалікай Мельнікавай


Анжаліка Мельнікава, архіўнае фота
Анжаліка Мельнікава, архіўнае фота

Доступу да зьвестак пра фінансавыя сродкі, якімі распараджалася зьніклая сьпікерка Каардынацыйнай рады, няма дагэтуль. Расказваем, якую інфармацыю можа ўтрымліваць рахунак.

Пра зьнікненьне сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнкіавай стала вядома 28 сакавіка, калі пра гэта публічна паведаміў Павал Латушка. З словаў палітыка, заяву аб зьнікненьні Мельнікавай у польскую паліцыю ён падаў яшчэ раней — 25 сакавіка. А на сувязь Анжаліка выходзіла апошні раз 21 сакавіка.

За гэты час ані польскія праваахоўныя органы, якія займаюцца справаю Мельнікавай, ані СМІ, ані яе паплечнікі не змаглі высьветліць, дзе знаходзіцца Мельнікава і што стала прычынай яе ад’езду з Польшчы і зьнікненьня. Невядома таксама, што стала з грашыма, прызначанымі на дзейнасьць Каардынацыйнай рады і суполкі «Кібэрпартызанаў», да якіх мела доступ зьніклая сьпікерка. Новага кіраўніка фонду Białoruś Liberty, на рахунках якога былі грошы, прызначылі 9 красавіка. Ім стаў былы беларускі вайсковец Віталь Пацехін, асуджаны ў Менску завочна за спробу атакі на спэцназаўскую базу. Аднак афіцыйнай інфармацыі аб стане рахунку няма дагэтуль.

Віталь Пацехін, архіўнае фота
Віталь Пацехін, архіўнае фота

«Калі доступ да рахунку фонду мела толькі Анжаліка Мельнікава, то нават прызначэньне новага кіраўніка не азначае аўтаматычнага пераходу кантролю над рахункам да іншага чалавека, — сказала ў размове з Свабодай на ўмовах ананімнасьці крыніца, знаёмая з тым, якім чынам захоўваюцца сродкі, прызначаныя на дзейнасьць беларускіх грамадзкіх і палітычных арганізацыяў. — Усё залежыць ад канкрэтнай арганізацыі, вядома. Статуту фонду, банку, дзе заведзены рахунак, іншых рэчаў. Агулам дзіўна, што доступ быў толькі ў Мельнікавай, як нам гавораць. Аднак гэта магчыма, такое можа быць, калі фонд адносна невялікі. Замінка ў доступе да гэтага канкрэтнага фонду можа быць выкліканая тым, што паводле працэдуры сама Мельнікава павінна перадаць усе справы новаму кіраўніку. А паколькі ніхто ня ведае, дзе яна, то і права на доступ перадаць яна ня можа».

З словаў суразмоўцы, акрамя Анжалікі Мельнікавай інфармацыя аб перамяшчэньні сродкаў на рахунках фонду можа быць дасяжная бухгальтару. Пры ўмове, што такі супрацоўнік, хай сабе і на аўтсорсе, у фонду быў.

Афіцыйна інфармацыю аб сродках на рахунку фонду Białoruś Liberty камэнтуе прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Юльяна Шаметавец. У размове з Свабодай яна паведаміла, што новы кіраўнік Віталь Пацехін ужо фізычна знаходзіцца ў Польшчы і нават быў у банку, дзе заведзены рахунак арганізацыі. Аднак поўнага доступу да ўсёй інфармацыі аб стане рахунку і праведзеных на ім апэрацыях ён пакуль ня мае празь бюракратычныя складанасьці.

«Пакуль да рахункаў няма поўнага доступу, — кажа Шаметавец. — Калі зьявіцца, то будзем публікаваць інфармацыю на нашым канале (у тэлеграм-канале ініцыятывы „Кібэрпартызаны“. — РС). Бо кіраўнік толькі вярнуўся з паездкі на мінулым тыдні. Бюракратыя плюс выходныя (маюцца на ўвазе доўгія выходныя ў Польшчы з 1 па 5 траўня. — РС). Пакуль не магу камэнтаваць наконт сумаў».

Юльяна Шэметавец, архіўнае фота
Юльяна Шэметавец, архіўнае фота

118 тысяч эўра

Апошнюю на гэты момант інфармацыю аб тым, што адбывалася з рахункам фонду Białoruś Liberty ў сакавіку, апублікавала аўтарытэтнае польскае выданьне Polityka. Аўтары публікацыі сьцьвярджаюць, што прызначаныя на дзейнасьць Каарыднацыйнай рады і «Кібэрпартызанаў» 118 тысяч эўра прыйшлі на рахунак фонду ўжо пасьля ад’езду Мельнікавай з Польшчы — 13 сакавіка. Пасьля чаго былі зьнятыя зь яго. Падобныя сумы раней у размове з Свабодай, а таксама іншымі мэдыя неафіцыйна агучвалі і паплечнікі Мельнікавай у Каардынацыйнай радзе.

«Я ня думаю, што зараз нехта сьвядома хавае інфармацыю аб стане рахунку фонду, якім кіравала Мельнікава, — расказвае Свабодзе на ўмовах ананімнасьці супрацоўнік аднаго з фондаў, зьвязаных зь дзейнасьцю беларускіх арганізацыяў за мяжой. — Поўнага доступу насамрэч можа пакуль ня быць, у Польшчы грашовыя пытаньні забюракратызаваныя. Але калі грошы з рахункаў насамрэч былі зьнятыя ўжо пасьля ад’езду Мельнікавай з Варшавы, то, атрымаўшы доступ да рахунку, можна лёгка высьветліць, калі дакладна іх зьнялі, якім чынам, хто гэта зрабіў і, самае цікавае, дзе. Бо, як разумею, грошы былі зьнятыя з-за мяжы. Зь Беларусі гэта было б зрабіць тэхнічна складана. Але з большасьці краін сьвету — даволі лёгка».

З словаў суразмоўцы, акрамя новага кіраўніка фонду Białoruś Liberty, інфармацыю аб перамяшчэньнях сродкаў з дакладным часам і месцам правядзеньня апэрацыяў могуць атрымаць таксама польскія праваахоўнікі. Гэта дазваляе працэдура вядзеньня сьледзтва. Аднак пакуль Нацыянальная пракуратура Польшчы, якая афіцыйна вядзе сьледзтва, такой інфармацыі не агучвала. Паводле інфармацыі Свабоды, пакуль няма актыўных сьледчых дзеяньняў з удзелам чальцоў Каардынацыйнай рады, паплечнікаў у Народным антыкрызісным упраўленьні і знаёмых Мельнікавай. Выбары новага сьпікера Каардынацыйнай рады прызначаныя на бліжэйшы аўторак, 13 траўня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG