Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы дырэктар БелАЭС расказаў, што станцыя працуе на поўную магутнасьць


Беларуская АЭС. Архіўнае фота
Беларуская АЭС. Архіўнае фота

Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021-га), другі — з 13 траўня 2023 году.

Генэральны дырэктар Беларускай атамнай станцыі Сяргей Бабовіч заявіў, што цяпер станцыя працуе на поўную магутнасьць.

«Станцыя працуе на поўную магутнасьць, двума блёкамі і з поўнай загрузкай. Яшчэ некалькі дзён — і будзе 23 мільярды кіляват-гадзін выпрацоўкі», — сказаў Сяргей Бабовіч у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».

51-гадовы ўраджэнец Гомля Сяргей Бабовіч стаў новым генэральным дырэктарам БелАЭС 4 студзеня. З 10 жніўня 2020 году ён працаваў намесьнікам гендырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднаньня «Белэнэрга». Да яго, зь першых дзён рэалізацыі праекту, БелАЭС кіраваў Міхаіл Філімонаў.

Цягам тыдня гэта было другое звальненьне топ-кіраўнікоў, якія адказвалі за працу БелАЭС: 29 сьнежня рашэньнем ураду адправілі ў адстаўку намесьніка міністра энэргетыкі 68-гадовага Міхаіла Міхадзюка, які быў непасрэдным куратарам працы БелАЭС. На пасадзе намесьніка кіраўніка Мінэнэрга Міхадзюк працаваў з 2005 году.

За ўвесь час з пачатку эксплюатацыі БелАЭС яе першы энэргаблёк спыняўся некалькі дзясяткаў разоў. Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі ў сваёй справаздачы адзначала, што ў 2022 годзе першы энэргаблёк БелАЭС не вырабляў электраэнэргіі 54,6% часу.

16 сьнежня 2023 году гэты блёк уключылі ў сетку пасьля чарговага плянава-папераджальнага рамонту.

Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021-га), другі — з 13 траўня 2023 году.

У той жа час дагэтуль ня выбралі пляцоўку для захоўваньня радыяактыўных адкідаў зь БелАЭС.

Начальніца Дзяржатамнагляду Вольга Лугоўская паведаміла, што ўжо падрыхтавалі дзьве «саюзныя» праграмы, якія датычаць стварэньня інфраструктуры для абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі.

«Адна зь іх датычыць разьвіцьця інфраструктуры з радыяактыўнымі адкідамі. Яна зьвязана з будаўніцтвам у нашай краіне пункту захаваньня радыяактыўных адкідаў, але будзе ахопліваць больш шырокае кола пытаньняў, напрыклад зьвязаных з разьвіцьцём кадравага патэнцыялу, распрацоўваньнем нарматыўных актаў, правядзеньнем дасьледчых работ», — сказала Вольга Лугоўская ў інтэрвію дзяржаўнаму агенцтву БелТА.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG