Гэта знакавае сьвята расейскага календара, для намаганьняў Крамля ўзьнесьці ролю СССР у перамозе над нацысцкай Нямеччынай гэта галоўная імпрэза.
Апошнімі гадамі парад у Дзень Перамогі на Краснай плошчы таксама служыў прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну фонам для праслаўленьня вайны Масквы супраць Украіны, бо страты Расеі — колькасьць загінулых і параненых — перавышаюць, паводле заходніх ацэнак, тры чвэрці мільёна.
Для назіральнікаў за Крамлём 9 траўня — гэта падзея, якая прадказвае магчымыя зьмены ў мысьленьні Пуціна, які ўжо 26 гадоў кіруе краінай, і ў палітыцы ўраду ў цэлым. Пагатоў сёлетняе адзначэньне 80-й гадавіны капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны, якое адбываецца праз тры зь лішнім гады пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну.
«Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — нарожны камень палітычнай міталёгіі Ўладзіміра Пуціна, падмурак усёй ягонай вэрсіі ўсясьветнай гісторыі», — напісаў у сваім эсэ Міхаіл Зыгар, расейскі журналіст і аўтар кніг. «Крэмль рыхтаваўся да гэтага моманту цягам месяцаў; гэта цэнтральны элемэнт прапагандысцкага календара рэжыму».
Вось некалькі момантаў, на якія варта зважаць 9 траўня.
Якая менавіта вайна?
Больш за 27 мільёнаў чалавек — вайскоўцаў і мірных жыхароў — загінулі ў Савецкім Саюзе падчас вайны, што расейцы называюць Вялікай Айчыннай. Гэта было беспрэцэдэнтнае спусташэньне, і параза нацыстаў доўга адзначалася як сьведчаньне мужнасьці расейцаў, украінцаў, беларусаў і прадстаўнікоў іншых пацярпелых нацыянальнасьцяў.
З пачатку свайго прэзыдэнцтва ў 2000 годзе Пуцін выкарыстоўваў гэтыя падзеі, каб мацаваць свой аўтарытэт сярод вэтэранаў. Ён таксама выкарыстоўваў іх, каб дзяўбці Захад, прымяншаючы ролю саюзьнікаў у паразе нацыстаў і крытыкуючы, у прыватнасьці, Злучаныя Штаты.
У прамове на Дзень Перамогі 2007 году Пуцін абрынуўся на Злучаныя Штаты, ускосна параўнаўшы палітыку ЗША з палітыкай нацысцкага Трэцяга Райху.
Пасьля ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Пуцін зрабіў усё магчымае, каб «нэанацысты» займалі важнае месца ў яго прамовах, паўтараючы беспадстаўнае абвінавачваньне Крамля для апраўданьня ўварваньня ва Украіну: маўляў, краінай кіруе «нацысцкая» хунта.
Хто дзе сядзіць?
Паводле Крамля, больш за два дзясяткі сусьветных лідэраў папярэдне прынялі запрашэньне прыбыць на маскоўскія імпрэзы, хоць магчымыя былі і адмовы ў апошні момант.
Чакаецца, што прыедуць некалькі лідэраў былых савецкіх рэспублік, такіх як Беларусь, Казахстан і Армэнія, а таксама лідэры Балівіі, Кубы, Вэнэсуэлы, Лаосу, Бразыліі і іншых краін.
Лідэры дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу не прыедуць, з выняткамм прэм’ер-міністра Славаччыны Робэрта Фіцы, які раней крытычна выказваўся пра Ўкраіну.
Усе позіркі будуць скіраваны на прэзыдэнта Кітаю Сі Цзіньпіна, які стаў ключавым хаўрусьнікам Масквы ў яе вайне супраць Украіны.
Пэкін надалей купляе расейскія нафту і газ, дапамагаючы фінансаваць ваенныя дзеяньні Масквы і падтрымліваць расейскую эканоміку на плаве. Нягледзячы на вядомыя асьцярогі, Пэкін публічна ня выказаў ніякай крытыкі расейскага ўварваньня.
«Зьяўленьне Сі ў Маскве падкрэсьлівае, што ў цэнтры замежнай палітыкі Кітаю ўсё больш напружаньня, — напісала ў аналізе Патрыша Кім, навуковы супрацоўнік Інстытуту Брукінгса ў Вашынгтоне. — Яго стратэгічнае партнэрства з Расеяй усё больш супярэчыць яго шырэйшым амбіцыям лічыцца адказным усясьветным лідэрам, устойлівай альтэрнатывай таму, што Кітай малюе як нестабільнасьць Амэрыкі і заняпад Захаду».
Пабачым таксама, ці накіруе Кітай салдацкі кантынгент для маршу па Краснай плошчы, што было б сымбалічнай дэманстрацыяй падтрыманьня Крамля.
Дэманстрацыя тэхнікі
Падчас халоднай вайны парады ў гонар Дня Перамогі былі рэдкасьцю; замест гэтага найбуйнейшая штогадовая імпрэза адбывалася ў лістападзе і ўшаноўвала бальшавіцкую рэвалюцыю 1917 году, часта з наглядным дэманстраваньнем савецкай вайсковай тэхналёгіі.
Заходнія аналітыкі ўважліва вывучалі даўжыню і шырыню ракетных шахтаў і пускавых установак, спрабуючы вызначыць, ці мае Масква перавагу ў гонцы ўзбраеньняў.
Дзёрзкае дэманстраваньне тэхнікі стала нормай цягам апошняга дзесяцігодзьдзя, асабліва калі Крэмль пачаў укладаць грошы ў мадэрнізацыю і пераўзбраеньне войска. Пачынаючы з параду на Краснай плошчы ў 2015 годзе, калі чыноўнікі прадэманстравалі новы баявы танк «Армата» Т-14. Аднак, нягледзячы на публічныя дэманстрацыі, машыну так і не перакінулі ва Ўкраіну.
Праз год чыноўнікі правезьлі па Краснай плошчы новую балістычную ракету далёкага радыюсу дзеяньня РС-24 «Ярс».
Пасьля ўварваньня ў 2022 годзе новае ўзбраеньне зьяўлялася на Краснай плошчы радзей, што ў значнай ступені тлумачыцца істотнымі стратамі рыштунку, якія панесла Расея.
Паглядзіце, якая зброя коціцца па брукаванцы Краснай плошчы або ляціць над ёю. Таксама паглядзіце, ці выстаўляюць расейскія чыноўнікі якую-небудзь захопленую заходнюю тэхніку, напрыклад баявыя машыны Bradley, каб падцерці нос Захаду.
Хто баіцца ўкраінскіх дронаў?
Перад 9 траўня Ўкраіна распачала маштабныя атакі бесьпілётнікаў на расейскія цэлі. Сярод іх атака 6 траўня, якая стала найбуйнейшай за апошнія месяцы.
Кіеў і Масква месяцамі вядуць узаемныя абстрэлы — пераважна бесьпілётнікамі, але таксама ракетамі — нягледзячы на намаганьні ЗША дасягнуць спыненьня агню ці шырэйшага спыненьня вайны.
У мінулым месяцы Пуцін заклікаў да трохдзённага спыненьня агню, якое супала б з Днём Перамогі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адказаў прапановай 30-дзённага спыненьня агню ў адпаведнасьці з ініцыятывай ЗША, ухваленай Кіевам, але фактычна адхіленай Масквой у сакавіку.
Незразумела, ці сапраўды расейскае камандаваньне прыпыніць якія-небудзь баі; прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што загад Пуціна застаецца ў сіле, але таксама сказаў, што Расея адкажа, калі ўкраінскія войскі адкрыюць агонь.
Тымчасам Зяленскі і іншыя ўкраінскія службоўцы заявілі, што гарантаваць бясьпеку высокіх асобаў, якія наведваюць Маскву, не ўваходзіць у абавязкі Кіева. Начальнік вайсковай выведкі Ўкраіны заклікаў гасьцей параду «ўзяць з сабой затычкі для вушэй».
«Наша пазыцыя вельмі простая стасоўна ўсіх краін, прадстаўнікі якіх ехалі ці едуць на 9 траўня, — заявіў Зяленскі 3 траўня. — Мы ня можам несьці адказнасьць за тое, што адбываецца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Яны запэўніваюць вам бясьпеку, і таму мы ня будзем вам даваць ніякіх гарантыяў».
Расейскія чыноўнікі заклікалі жыхароў Масквы і навакольных абшараў устрымацца ад запуску фаервэркаў на гэтым тыдні. А пастаўнікі тэлекамунікацыйных паслугаў заявілі, што інтэрнэт будзе запаволены, і гэта, падобна, мае перашкодзіць магчымым палётам бесьпілётнікаў або дыстанцыйным выбухам.
«Няма сэнсу біць па Краснай плошчы», — кажа Іван Прэабражэнскі, палітычны аглядальнік з Прагі.
Украінскія бесьпілётнікі маглі б даляцець да Масквы, сказаў ён Current Time, «але праблема ў тым, што расейская прапаганда потым прадставіць гэта як замах на замежных лідэраў, якія будуць на парадзе, што наўрад ці будзе выгадна для Ўкраіны ў цяперашніх абставінах».
Усебаковае стратэгічнае партнэрства
Ня маючы магчымасьці забясьпечыць рашучую перамогу, Масква зьвярнулася па сілы і сродкі, каб працягнуць вайну, да іншых, перадусім да Паўночнай Карэі.
У чэрвені летась Пуцін адправіўся ў Пхеньян, каб падпісаць новую дамову аб узаемнай абароне. Месяцам раней, з словаў амэрыканскіх службоўцаў, Паўночная Карэя адправіла ў Расею сотні тысяч артылерыйскіх снарадаў, а таксама балістычныя ракеты.
У канцы 2024 году каля 11 000 паўночнакарэйскіх вайскоўцаў былі разгорнутыя для баявых дзеяньняў поруч з расейскімі войскамі пераважна ў Курскай вобласьці, куды Ўкраіна ўвайшла мінулым летам, што зьбянтэжыла Крэмль. Расейскае камандаваньне прыпісвае войскам посьпех у выцісканьні ўкраінскіх войскаў з Курскай вобласьці.
Ёсьць і іншыя прыкметы паглыбленьня супрацы. Паведамляюць, што параненых расейскіх салдатаў адпраўляюць у Паўночную Карэю для лячэньня і аднаўленьня. Тысячы паўночнакарэйскіх рабочых былі прывезеныя ў Расею, пераважна на Далёкі Ўсход, для працы ў будаўніцтве і іншых галінах цяжкай прамысловасьці, дзе назіраецца дэфіцыт працоўнай сілы.
На публічных цырымоніях у Расеі пачалі зьяўляцца і цывільныя паўночнакарэйскія грамадзяне. Так, на ўрачыстасьцях да Дня Перамогі ў ціхаакіянскім партовым горадзе Ўладзівастоку дэлегацыя паўночнакарэйскіх дзяцей, апранутых у вайсковую форму, далучылася да сотняў малых расейскіх дзяцей, якія ішлі маршам у вайсковым парадзе.