Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк увёў зьмены па пераводах грошай. Калі ў пераводзе могуць адмовіць і якія новыя паўнамоцтвы атрымалі сілавікі


Нацбанк Беларусі ўвёў зьмены па пераводах грошай, згодна зь якімі банкі могуць адмовіць у пераводзе ў шэрагу выпадкаў.

15 сьнежня Нацбанк прыняў пастанову № 453 «Аб несанкцыянаваных пераводах грашовых сродкаў (электронных грошай)», паведаміў 28 сьнежня Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. Зьмяненьні запрацуюць з 1 сакавіка 2024 году.

Гэтай пастановай для банкаў вызначылі «прыкметы зьдзяйсьненьня пераводу бяз згоды карыстальніка», у такім выпадку банкі могуць прыпыніць апэрацыю і адмовіць у пераводзе грошай. Таксама Нацбанк прапісаў парадак дзеяньняў банкаў па прыпыненьні пераводаў грошай.

Сярод іх — калі кліент банку зьдзяйсьняе нетыповы для сябе перавод. Напрыклад, калі звычайна ён адпраўляў грошы ў вызначаны дзень тыдня або карыстаўся для гэтага адной і той жа прыладай, а цяпер абраў іншы дзень або дэвайс. Час (дзень), месца ініцыяваньня плацяжу, плацежны інструмэнт/сэрвіс, яго тэхнічныя парамэтры, сума пераводу па плацяжы і іншае — усё гэта, паводле пастановы Нацбанку, можа стаць падставай для адмовы ў пераводзе.

Яшчэ адзін з крытэраў для адмовы ў пераводзе — калі інфармацыя пра атрымальніка грошай або інфармацыя пра тэхнічныя парамэтры прылады, зь якой ажыцьцяўляюць плацеж, супадзе з дадзенымі з аўтаматызаванай сыстэмы апрацоўкі інцыдэнтаў (АСАІ).

АСАІ — гэта новая база дадзеных, якую маюць намер запусьціць з сакавіка 2024 году. У яе плянуюць уключаць інфармацыю пра несанкцыянаваныя плацежныя апэрацыі і спробы іх зьдзяйсьненьня. Нацбанк яшчэ мае вызначыць, якую канкрэтна інфармацыю пастаўшчыкі плацежных паслуг (у тым ліку банкі) будуць перадаваць у АСАІ. Аднак ужо вядома, што гэта будуць дадзеныя, якія ёсьць банкаўскай таямніцай. Сярод іншага гэта можа быць, як прапісана ва ўказе, інфармацыя пра несанкцыянаваныя пераводы і падазроныя плацяжы.

Сярод сілавікоў, якія атрымаюць доступ да АСАІ, значацца органы пракуратуры, дзяржаўнай бясьпекі, унутраных спраў, Сьледчы камітэт і Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі.

Пры гэтым па рашэньні Генпракуратуры, КДК, СК і МУС расходныя апэрацыі па банкаўскім рахунку, укладзе, электронным кашальку змогуць прыпыняць на тэрмін да 10 дзён, калі ў праваахоўнікаў будуць зьвесткі ці нават толькі падазрэньні «аб зьдзяйсьненьні супрацьпраўных дзеяньняў».

У апошнія гады ў Беларусі шмат разоў арыштоўвалі і судзілі ў рамках крымінальных спраў тых, хто данаціў грошы добраахвотнікам палку Кастуся Каліноўскага, а таксама фонду BySol ды іншым дабрачынным фондам і арганізацыям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG