Індыя і Пакістан пры пасярэдніцтве ЗША дамовіліся аб поўным і неадкладным спыненьні агню, напісаў Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.
Прэзыдэнт ЗША сьцьвярджае, што гэтага ўдалося дасягнуць пасьля доўгай ночы перамоваў.
«Віншуем абедзьве краіны з тым, што яны выбралі здаровы сэнс і вялікі розум», — напісаў Трамп.
Кіраўнік МЗС Пакістану Ісхак Дар пацьвердзіў, што краіны дамовіліся аб спыненьні агню, якое ўступае ў сілу неадкладна.
«Пакістан заўсёды імкнуўся да міру і бясьпекі ў рэгіёне, не саступаючы свой сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць!» — паведаміў ён.
Кіраўнік МЗС Індыі Вікрам Місры паведаміў, што Індыя і Пакістан спыняць усе абстрэлы і ваенныя дзеяньні на сушы, у паветры і на моры з 17:00 мясцовага часу.
Раніцай 10 траўня стала вядома, што Пакістан пачаў ваенную апэрацыю супраць Індыі, абвінаваціўшы яе ў ракетных ударах па трох пакістанскіх авіябазах вечарам 9 траўня.
Крыніцы ў пакістанскіх службах бясьпекі паведамілі радыёстанцыі «Машааль», што апэрацыя мае кодавую назву «Буньянун Марсус» (арабскі выраз зь верша Карана, які азначае «моцны слуп». — РС).
Прэм’ер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф склікаў тэрміновае пасяджэньне Нацыянальнага каманднага органу на 10 траўня.
«Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё пагаварыў з начальнікам арміі Пакістану гэнэралам Асімам Мунірам і заклікаў абодва бакі знайсьці спосабы дээскаляцыі», — гаворыцца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.
Рубіё таксама прапанаваў дапамогу ЗША ў пачатку «канструктыўных перамоваў», каб унікнуць будучых канфліктаў, заявілі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.
Раней індыйскія войскі нанесьлі ўдары па цэлях у кантраляванай Пакістанам частцы Кашміру і пакістанскай правінцыі Пэнджаб.
Індыя заявіла, што нанесла «дакладныя ўдары» па «тэрарыстах» пасьля нападу ў кантраляваным Індыяй Кашміры два тыдні таму, у выніку якога загінулі 26 турыстаў, пераважна грамадзяне Індыі.
Індыя раней заяўляла, што двое з трох падазраваных у гэтым нападзе былі грамадзянамі Пакістана, але не падала доказаў гэтага. Пакістан адмаўляе сваю датычнасьць да забойстваў.
Пакістанскія вайскоўцы заявілі, што ў выніку ўдараў 7 траўня загінулі толькі мірныя жыхары, назваўшы 26 загінулых і 46 параненых.
Пакістан заявіў, што зьбіў некалькі індыйскіх самалётаў. Абодва бакі працягвалі абстрэл уздоўж лініі кантролю — фактычнай мяжы ў Кашміры, — які працягваўся з моманту нападу ў красавіку.
Кашмір — рэгіён, на які Індыя і Пакістан прэтэндуюць каля 80 гадоў. Частку рэгіёну на паўночным усходзе кантралюе Кітай. Дзяржавы змагаліся за гэтыя тэрыторыі шмат гадоў. Паводле зьвестак Amnesty International і Human Rights Watch, з канца 1980-х гадоў тут загінулі больш за 45 000 чалавек.