Дакумэнт зьявіўся ў Нацыянальным рэестры прававых актаў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
На пасадзе намесьніка кіраўніка Мінэнэрга Міхадзюк працаваў з 2005 года, сярод іншага ён курыраваў праект Беларускай атамнай электрастанцыі.
19 сьнежня Міхадзюк зьняпраўдзіў інфармацыю агенцтва Bloomberg аб няштатнай сытуацыі на БелАЭС у 2022 годзе, назваўшы «гэты фэйк» спробай «дыскрэдытаваць нашы цёплыя стасункі з нашым старэйшым братам Расейскай Фэдэрацыяй».
Паводле заявы чыноўніка, «канструктыўнае ўзаемадзеяньне» Беларусі і РФ «нарошчвае мускулы нашай эканомікі і павышае ўзровень жыцьця нашых людзей», а паведамленьне агенцтва — «гэта чарговая спроба» дыскрэдытацыі.
«Выхопліваюць асобныя моманты працоўныя, якія былі падчас будоўлі, і спрабуюць падаць гэта як нейкую катастрофу. Няма ніякай катастрофы. Мы ні сабе ня ворагі, і ня ворагі нашым суседнім краінам, і разумеем сваю адказнасьць перад нашымі дзецьмі, унукамі, перад будучымі пакаленьнямі», — сказаў чыноўнік.
18 сьнежня Bloomberg са спасылкай на наяўныя ўнутраныя дакумэнты карпарацыі «Росатом» паведаміў, што ў 2022 годзе інжынэры, якія рыхтавалі да падлучэньня новы рэактар для Астравецкай АЭС, выявілі праблему, празь якую «Росатом» 25 лютага 2022 года адклаў запуск энэргаблёка. У матэрыяле згадваліся і іншыя праблемы станцыі. Агенцтва адзначыла, што Беларусь стала «выпрабавальным палігонам» для новай канструкцыі рэактара, які «Росатом» экспартуе па ўсім сьвеце.