Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне: Як Крэмль стварае на базе «Укантакце» «забойцу youtube»


Расейскія ўлады на базе сацсеткі VK («Укантакце») падтрымліваюць стварэньне відэахостынгу, які мог бы ў будучыні стаць «забойцам youtube» — гэта значыць замяніць відэахостынг YouTube, калі будзе прынята рашэньне аб яго блякіроўцы ў Расеі.

Праект узначальвае Сьцяпан Кавальчук — унук Міхаіла Кавальчука, кіраўніка Курчатаўскага інстытута, які ўваходзіць у блізкае кола прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Пра гэта гаворыцца ў вялікім матэрыяле выданьняў «Медуза» і The Bell, прысьвечаным таму, як Крэмль выкарыстоўвае «УКантакце» і зьвязаныя з ім сэрвісы ў сваіх мэтах.

Як сьцьвярджаюць аўтары расьсьледаваньня, расейскія улады вырашылі «сур’ёзна» узяцца за «УКантакце» і сетку «Аднакласнікі», якая належыць той жа карпарацыі, пасьля выхаду расьсьледаваньня Аляксея Навальнага "«Он вам не Димон» у 2017 годзе. Прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта пачалі «ставіць задачы» топ-мэнэджарам VK па прасоўваньні праўладнага кантэксту. Праз некалькі гадоў мільярдэр Алішэр Усманаў прадаў карпарацыю VK «Сагазу» Юрыя Кавальчука, яшчэ аднаго сябра Пуціна, і «Газпром-медыя».

У расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што за ўгодай стаяла адміністрацыя прэзыдэнта Расеі (прадстаўнік Усманава гэта адмаўляе). «На рынку ўпершыню зьявілася буйная сацсетка, арыентаваная на маладых расейцаў і цалкам падкантрольная дзяржаве», — адзначае «Медуза». Карпарацыю ўзначаліў сын намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Уладзімір Кірыенка, які, як сьцьвярджаюць крыніцы, «амаль усе свае дзеяньні ўзгадняе з бацькам».

«Забойцам youtube», паводле задумы расейскіх уладаў, павінна стаць плятформа «VK Відэа». Кампанія, апроч іншага, купіла кантрольны пакет Medium Quality Production — аднаго з галоўных расейскіх забаўляльных прадакшэнаў.

VK супрацоўнічае таксама з «„Да-Тим Продакшн“», кампаніяй, якая, як паведамляў раней «Праект», «асвойвае сотні мільёнаў рублёў на вытворчасьці прапагандысцкага кантэнту». Па паведамленьні адной з крыніц, гэтая кампанія стварыла «фабрыку троляў», якая будзе прасоўваць праўладны парадак дня перад прэзыдэнцкімі выбарамі. «Перад сакавіцкімі выбарамі прэзыдэнта Расеі і „Укантакце“, і „Аднакласнікі“ ператворацца ў галоўных пракрамлёўскіх агітатараў», — гаворыцца ў расьсьледаваньні са спасылкай на не названага па імені паліттэхноляга. Адказваць за кампанію, як сьцьвярджаецца, будзе «Диалог», арганізацыя, якая займаецца мэдыяабслугоўваньнем Мінабароны, а раней вяла агітацыйную кампанію за папраўкі да Канстытуцыі Расеі.

Пры гэтым адзначаецца, што афіцыйная статыстыка праглядаў «VK Відэа» выклікае сумневы.

Таксама, як сьцьвярджаецца ў матэрыяле, у VK распрацоўваюць Адзіную кантэнт-плятформу (ЕКП), якая павінна абʼяднаць «забойцу ютюба», VK, «Аднакласнікі» і мноства іншых сэрвісаў. «У ідэале ЕКП зможа замяніць — хаця б часткова — калі ня ўсе, то большасьць замежных плятформ і сэрвісаў.

Па словах адной з крыніц, у якасьці аналяга кіраўніцтва VK даўно хацела выкарыстоўваць у тым ліку вопыт Кітая», гаворыцца ў артыкуле, аўтары якога канстатуюць, што «прэс-служба VK на пытаньні для гэтага матэрыялу не адказала».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG