Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Блякаваньне YouTube прынясе больш шкоды, чым карысьці», але ў Расеі працягваюць абмяркоўваць такую магчымасьць


Лога YouTube
Лога YouTube

Паводле намесьніка кіраўніка камітэта Дзярждумы РФ у інфармацыйнай палітыцы Антона Гарэлкіна, YouTube працягвае заставацца «варожай пляцоўкай», якая сьвядома парушае расейскае заканадаўства. І хаця «блякаваньне YouTube прынясе больш шкоды, чым карысьці, гэта ня значыць, што Расеі ня трэба разьвіваць свае альтэрнатывы».

Гарэлкін ня бачыць гарантыі, што заўтра YouTube «не пачне праводзіць больш агрэсіўную палітыку ў распаўсюджваньні супрацьпраўных ролікаў», — напісаў дэпутат у сваім тэлеграм-канале. Ён таксама выказаў думку, што «ў расейскіх кантэнт-мэйкераў на YouTube няма будучыні».

Раней з падобнай заявай выступіў кіраўнік таго ж думскага камітэту Аляксандар Хінштэйн. Ён сказаў, што блякаваньня YouTube у Расеі ня будзе, пакуль ня зьявіцца паўнавартасны аналяг. Хінштэйн падкрэсьліў, што «на сёньня адэкватнай і паўнавартаснай замены YouTube» у краіне няма, удакладніўшы, што «ключавое слова тут „пакуль“».

  • Навіны аб магчымым блякаваньні YouTube ходзяць ад самага пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. У ваеннай абстаноўцы ўлады імкнуцца кантраляваць або блякаваць усе інфармацыйныя плятформы. Яшчэ ў сакавіку 2023-га сайт «Актагон» паведаміў, што ў падрыхтоўцы да блякаваньня YouTube расейскія спэцыялісты кансультуюцца з кітайскімі, у тым ліку зь людзьмі, адказнымі за знакаміты кітайскі Firewall.
  • Вялікая завязанасьць расейскай эканомікі і грамадзян на інфармацыйных тэхналёгіях прывяла да немагчымасьці бязбольнай замены YouTube на штосьці іншае. «У нас засталося цяпер дзьве плятформы, якія збольшага незалежныя. Гэта YouTube і Telegram. Блякаванне любой зь іх прывядзе да таго, што вялізную сыстэму трэба будзе перабудоўваць у рэжыме рэальнага часу. Гэта невырашальная задача. Зараз Раскамнагляд знаходзіцца ў становішчы цугцвангу, калі любы ход, які ён робіць, прыводзіць толькі да пагаршэньня яго пазыцыі», — заяўляў у жніўні дырэктар Таварыства абароны інтэрнэту Міхаіл Клімараў.
  • Вясной 2022 году Расея ўжо заблякавала Facebook і Instagram (абодва належаць Meta, дзейнасьць якой прызнаная ў Расеі экстрэмісцкай і забароненая), а таксама Twitter (уладальнік сацсеткі Ілон Маск пераназваў яе ў X).
  • 25 сакавіка Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі выказаўся аб магчымасьці блякаваньня ў краіне YouTube і замежных сацсетак. «Вядома, заблякаваць вядучыя пляцоўкі — YouTube, некаторыя сацыяльнае сеткі, як гэта зрабілі ў Расеі, або паставіць „залаты шчыт“, як у Кітаі, тэарэтычна магчыма. У любы час. Але я вас заклікаю да таго, што, перш чым зрабіць нейкі крок, давайце ўзважым за і супраць, што мы атрымаем ад гэтага. Калі там і ўсё, што там робіцца, на шкоду і ў пэрспэктыве яшчэ большая будзе шкода, тады прымайце рашэньне. Калі пакуль да гэтага не дайшло, давайце пачакаем, давайце не будзем сьпяшацца», — цытавала БелТА словы Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG