Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 7 красавіка: да маці Судаленкі прыходзілі сілавікі, Максіма Ўрбановіча трымаюць у СІЗА КДБ


Праваабаронца Леанід Судаленка, архіўнае фота
Праваабаронца Леанід Судаленка, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Да 87-гадовай маці праваабаронцы Судаленкі ў Беларусі прыходзілі сілавікі

Беларускі праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка, які цяпер жыве ў эміграцыі ў Літве, расказаў, што 6 красавіка ў дом ягонай пажылой маці ў Беларусі ўварваліся сілавікі.

«Прымусілі 87-гадовую жанчыну падпісаць пратакол аб маёй адсутнасьці ў доме, які я пакінуў яшчэ ў часы СССР. Яны ведаюць, дзе я — і ўсё роўна прыйшлі! Ім абыякавы яе ўзрост, здароўе, сэрца. Яны прыйшлі, каб зламаць. Каб учыніць боль. Каб сказаць: „Твой сын — злачынец. Ён у вышуку“ », — расказаў Леанід Судаленка ў Фэйсбуку.

Паводле праваабаронцы, ён, нават седзячы за кратамі, ніколі не казаў маці, дзе знаходзіцца, каб не хваляваць і зьберагчы яе здароўе. Казаў, што працуе за мяжой. «Пасьля вызваленьня пасьпеў разьвітацца зь ёю назаўсёды. Але і тады не сказаў праўду — проста паўтарыў: „Паехаў працаваць за мяжу“», — адзначыў Леанід Судаленка.

Праваабаронца дадаў, што нядаўна, калі віншаваў маці з днём нараджэньня, яна спытала, калі ён да яе прыедзе, і ён ня змог яе раніць, адказаўшы: «Восеньню, мама. Абавязкова прыеду», хоць дакладна ведае, што, хутчэй за ўсё, ня зможа прыехаць.

27 сакавіка стала вядома, што Сьледчы камітэт Беларусі завёў чарговую крымінальную справу нібыта за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» супраць праваабаронцы і былога палітвязьня, зноў асуджанага на пяць гадоў калёніі завочна Леаніда Судаленкі. Гэта ўжо другая справа супраць Судаленкі, заведзеная на яго завочна, у эміграцыі, а ўвогуле трэцяя.

У лістападзе 2021 году Леаніда асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Ён цалкам адбыў тэрмін, выйшаў з калёніі «Віцьба-3» улетку 2023 году і неўзабаве зьехаў зь Беларусі ў Літву, дзе яму зноў пагражала зьняволеньне.

У 2024 годзе праваабаронцу завочна асудзілі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» на 5 гадоў калёніі.


Былога маладафронтаўца Максіма Ўрбановіча трымаюць у СІЗА КДБ

Былога актывіста Маладога фронту Максіма Ўрбановіча трымаюць ў СІЗА КДБ. Пра гэта Свабодзе паведамілі дзьве дасьведчаныя крыніцы.

Паводле іхных зьвестак, Максіма Ўрбановіча затрымалі супрацоўнікі КДБ ў пачатку красавіка ў менскай кватэры, дзе ён жыў, правялі там ператрус.

Максім Урбановіч — малодшы брат былога старшыні Маладога фронту Дзяніса Ўрбановіча, які ў 2021 годзе зьехаў зь Беларусі пасьля арышту і далучыўся да палку імя Каліноўскага ва Ўкраіне. Дзяніс і цяпер ваюе за Ўкраіну.

Максіма Ўрбановіча, які жыве ў Беларусі, шмат разоў затрымлівалі беларускія сілавікі. Год таму Максім быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 15 содняў нібыта за хуліганства.

У чым цяпер падазраюць Максіма Ўрбановіча, невядома.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG