Краіны Эўразьвязу ў бліжэйшыя дні, імаверна, ухваляць першы пакет мераў у адказ на суму да 28 мільярдаў даляраў стасоўна амэрыканскага імпарту, паведамляе агенцтва Reuters.
Увечары 7 красавіка Эўракамісія прапануе краінам — сябрам ЭЗ сьпіс амэрыканскіх тавараў, на якія будуць уведзены дадатковыя мыты. Паводле зьвестак Reuters, у яго ўвойдуць мяса, крупы, віно, драўніна і адзеньне, а таксама жавальная гумка, зубная нітка, пыласмокі і туалетная папера.
Галасаваньне аб мерах у адказ чакаецца 9 красавіка. Калі іх ухваляць, зьмены набудуць моц у два этапы: меншая частка — 15 красавіка, астатняе — месяцам пазьней.
Як піша Reuters, перамовы з Вашынгтонам аб мытах пакуль што не далі вынікаў. Кіраўнік гандлёвага прадстаўніцтва ЭЗ Мараш Шэфчавіч назваў сваю дзьвюхгадзінную размову з амэрыканскімі калегамі «адкрытай». Паводле яго, падчас размовы ён назваў тарыфы ЗША «разбуральнымі і неапраўданымі».
Міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт заявіў, што ўжо больш за 50 краін зьвярнуліся да Белага дому з прапановай пачаць перамовы аб гандлёвых мытах. Ні Бэсэнт, ні іншыя афіцыйныя асобы не раскрылі, пра якія краіны ідзецца, а таксама не расказалі падрабязнасьцяў перамоваў.
- 2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў пра ўвядзеньне гандлёвых мытаў для пераважнай большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў. У прыватнасьці, імпарт з краін Эўразьвязу будзе абкладацца 20-працэнтным мытам. Для Вялікай Брытаніі ідзецца пра 10%, для шэрагу краін мыты дасягнуць 40 і больш працэнтаў. Беларусі й Расеі ў сьпісе няма. Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што Расея не фігуруе ў гэтым сьпісе, бо санкцыі ЗША ўжо «выключаюць магчымасьць значнага гандлю», а «Куба, Беларусь і Паўночная Карэя — паколькі наяўныя тарыфы і санкцыі супраць іх ужо высокія».
- Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен 3 красавіка заявіла, што «Эўропа гатовая адказаць» на ўведзеныя прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам мыты. Кітай таксама абяцаў прыняць «жорсткія контразахады».
- 4 красавіка Кітай аб’явіў пра ўвядзеньне мытаў у 34% на ўсе амэрыканскія тавары ў адказ на дзеяньні Трампа. Акрамя таго, Пэкін дадаў 16 кампаніяў ЗША ў сьпіс экспартнага кантролю і абмежаваў экспарт тавараў, зьвязаных з рэдказямельнымі элемэнтамі.
- 12 сакавіка Эўразьвяз ужо аб'явіў пра ўвядзеньне мытаў на амэрыканскія тавары на суму 26 мільярдаў эўра ў адказ на ўведзеныя ЗША 25-адсоткавыя мыты на сталь і алюміній, якія набылі сілу ў гэты дзень. Эўрапейскія мыты пачалі дзейнічаць з 1 красавіка і цалкам набудуць моц 13 красавіка. Сярод тавараў, якія будуць абкладацца мытам ЭЗ, амэрыканскія матацыклы, віскі, арахісавы алей і джынсы.
Форум