Ва Ўкраіне 21 лістапада адзначаюць 10 гадоў пачатку барацьбы за сяброўства ў Эўразьвязе. Яна пачалася з пратэстаў студэнтаў, якія выйшлі на вуліцу ў адказ на рашэньне тагачасных уладаў Украіны адмовіцца ад падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Пасьля жорсткага разгону моладзі гэтая акцыя перарасла ў масавыя акцыі пратэсту па ўсёй Украіне.
Сярод тых, хто змагаўся за эўрапейскую Ўкраіну, было шмат беларусаў
Эўрамайдан, або як цяпер называюць гэтыя падзеі Рэвалюцыяй Годнасьці, скончыўся масавым расстрэлам пратэстоўцаў, анэксіяй Расеяй Крыму і пачаткам вайны ў Луганскай і Данецкай абласьцях.
Сярод загінулых пратэстоўцаў — тады грамадзянін Беларусі Міхаіл Жызьнеўскі (ён атрымаў грамадзянства Ўкраіны пасьмяротна. — РС) і Якаў Зайко — беларус паводле паходжаньня, грамадзянін Украіны, колішні дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
Пазьней на распачатай Расеяй вайне на Данбасе цягам 2014–2020 гадоў загінулі яшчэ дзевяць беларусаў — Васіль Ганчарэнка, Юры Сакалочка, Ігар Туркоў, Дзьмітры Казачонак, Алесь Чаркашын, Алег Вярэніч, Алег Падароўскі і Мікола Ільлін.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіне сьпіс загінулых беларусаў павялічыўся да больш як трох дзясяткаў.
Расея прыскорыла эўраінтэграцыю Ўкраіны
У канцы лютага 2022 году, праз чатыры дні пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, найвышэйшае кіраўніцтва Ўкраіны — прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, сьпікер парлямэнту Руслан Стэфанчук і прэм’ер Дзяніс Шмыгаль — падпісалі заяўку Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз. У чэрвені лідэры краін ЭЗ яе разгледзелі і ўхвалілі рашэньне аб наданьні Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз.
У лістападзе Эўрапейская камісія рэкамэндавала Эўрапейскай радзе пачаць перамовы з Украінай аб уступленьні ў Эўразьвяз. Нягледзячы на вайну, Украіна пачала рэфармаваньне сваёй сыстэмы і сынхранізацыю заканадаўства з эўрапейскім.
Што трэба зрабіць, каб стаць часткай Эўразьвязу
Эўрапейская рада пры наданьні Ўкраіне статусу краіны-кандыдаткі вызначыў пералік крытэрыяў, неабходных для завяршэньня інтэграцыі.
Сярод іх:
- рэформа Канстытуцыйнага суда,
- сынхранізацыя з эўрапейскім аўдыёвізуальнага заканадаўства,
- судовая рэформа,
- рэформа заканадаўства аб барацьбе з адмываньнем грошай згодна з стандартамі FATF (Міжнародная група па супрацьдзеяньні адмываньню злачынных грошай),
- зьмены заканадаўства аб нацыянальных меншасьцях,
- узмацненьне барацьбы з карупцыяй і ўхваленьне закону аб лабіяваньні,
- ухваленьне антыалігархічных законаў.
У пачатку лістападу ў Эўракамісіі заявілі, што Ўкраіна выканала першыя чатыры з сямі гэтых крытэрыяў.
Ці гатовы Эўразьвяз да прыёму Ўкраіны
Паводле апошняга сацыялягічнага апытаньня арганізацыі «Эўрабаромэтар», якое цытуе тэлеканал «Настоящее время», большасьць грамадзян Эўразьвязу гатовыя падтрымліваць Украіну. Каля 67% зь іх пагаджаюцца з тым, што Ўкраіна павінна ўступіць у Эўразьвяз, калі будзе гатова, а Эўразьвяз павінен падтрымаць краіну на шляху эўраінтэграцыі. Вясной 2022 году 71% грамадзян ЭЗ сказалі, што лічаць Украіну часткай «эўрапейскай сям’і».
На пытаньне аб згодзе на ўступ Украіны ў ЭЗ, найбольшую падтрымку прадэманстравала Літва (58%), а найменшую — Вугоршчына (15%). Найбольш рэспандэнтаў, якія не падтрымліваюць інтэграцыю Ўкраіны, жывуць у Люксэмбургу (38%), Грэцыі (37%), Вугоршчыны (36%), Аўстрыі і Баўгарыі (па 35%), а таксама на Кіпры і ў Славаччыне (па 34%).
Для расшырэньня Эўразьвязу, апроч выкананьня ўсіх крытэрыяў, патрэбна падтрымка ўсіх 27 краін Эўразьвязу.
Калі Ўкраіна зможа далучыцца да ЭЗ
Прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль заяўляў, што ЭЗ павінен рыхтавацца да патэнцыйнага расшырэньня ў 2030 годзе. Цяпер палітыкі актыўна абмяркоўваюць заяўкі іншых краін, якія шмат гадоў прэтэндуюць на ўступ, а таксама патэнцыйныя рэформы, якія патрэбна правесьці ўнутры Эўразьвязу, каб зрабіць эфэктыўнымі працэдуры галасаваньня і быць падрыхтаванымі да патэнцыйнага маштабнага расшырэньня. Але ў сярэдзіне Эўразьвязу па гэтым пытаньні няма кансэнсусу.
Працэс уступленьня Ўкраіны можа расьцягнуцца на гады і нават дзесяцігодзьдзі. Для набліжэньня гэтага моманту ўкраінцам важна разьвязаць унутраныя праблемы, правесьці рэформы і знайсьці ўзаемаразуменьне з эўрапейскімі краінамі, мяркуе палітычны аналітык Максім Якаўлеў.
«Украіна мае добрыя шансы набыць паўнавартаснае сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе. Вядома, сярод [эўрапейскіх] палітычных эліт існуе пэўная боязь, што пасьля ўступу яшчэ адной краіны ў ЭЗ можа зьмяніцца прынцып ухваленьня рашэньняў унутры эўрапейскіх краін. Аднак мы павінны сканцэнтравацца на камюніке, якое мы мусім выканаць», — сказаў Максім Якаўлеў.