Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп адрэагаваў на падзеньне фондавага рынку пасьля абвяшчэньня новых мытных тарыфаў


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвяшчае новыя мыты, 2 красавіка 2025 году
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвяшчае новыя мыты, 2 красавіка 2025 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўведзеныя ім новыя мыты, якія справакавалі падзеньне фондавых рынкаў, служаць «лекамі» для амэрыканскай эканомікі.

«Я не хачу, каб нешта падала. Але часам даводзіцца прымаць лекі, каб нешта выправіць», — сказаў Трамп журналістам на борце Air Force One.

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што ўвёў мыты на імпарт тавараў праз дэфіцыт гандлёвага балянсу з Кітаем.

«У нас трыльённы гандлёвы дэфіцыт з Кітаем, сотні мільярдаў даляраў за год мы губляем у гандлі з Кітаем. І пакуль мы не разьвяжам гэтую праблему, я не зьбіраюся заключаць угоду», — сказаў Трамп.

Ён расказаў пра перамовы з прадстаўнікамі краінаў Эўропы, Азіі, іншых частак сьвету, якія «прагнуць заключыць угоду». На пытаньне пра магчымае скасаваньне мытаў з Эўразьвязам Трамп адказаў, што эўрапейскія краіны «нажылі на нас багацьце» і ўгоды зь імі ня будзе, пакуль яны ня стануць «плаціць нам шмат грошай штогод».

Пасьля таго як Трамп аб’явіў пра ўвядзеньне новых мытаў, пачалося падзеньне фондавых рынкаў. На адкрыцьці таргоў Такійскай фондавай біржы назіралася прасяданьне актуальных цэн — інвэстары асьцерагаюцца магчымай рэцэсіі з прычыны сытуацыі з мытамі ЗША, паведамляе The Guardian.

Індэкс Nikkei 225 у першыя хвіліны пасьля адкрыцьця сэсіі страціў 8,8%. Гэта першае такое падзеньне з кастрычніка 2023 году, піша газэта. Японскі індэкс TOPIX таксама зьнізіўся больш як на 8%. Тайваньскі TAIEX упаў на 9,6%. Індэкс карэйскага фондавага рынку KOSPI з адкрыцьця пайшоў уніз больш за на 5%, таргі ў выніку прыпынілі.

Кітайскія біржы далучыліся да агульнага падзеньня фондавых рынкаў у Азіі: ключавы індэкс фондавай біржы Ганконгу HSI страціў больш за 9%, піша Bloomberg; індэкс шанхайскай біржы SSE Composite Index асеў на 6%.

Індэкс аўстралійскай біржы S&P/ASX 200 у першыя хвіліны таргоў паказаў падзеньне каштоўных папераў прыкладна на 6,4%.

  • 2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў пра ўвядзеньне гандлёвых мытаў для пераважнай большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў.
  • У прыватнасьці, імпарт з краін Эўразьвязу будзе абкладацца 20-працэнтным мытам.
  • Для Вялікай Брытаніі вызначылі 10%, для шэрагу краін мыты дасягнуць 40 і больш працэнтаў.
  • Беларусі й Расеі ў сьпісе няма. Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што Расея не фігуруе ў гэтым сьпісе, бо санкцыі ЗША ўжо «выключаюць магчымасьць значнага гандлю», а «Куба, Беларусь і Паўночная Карэя — паколькі наяўныя тарыфы і санкцыі супраць іх ужо высокія».
  • Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен 3 красавіка заявіла, што «Эўропа гатовая адказаць» на ўведзеныя прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам мыты. Як стала вядома Reuters, ЭЗ ужо падрыхтаваў сьпіс тавараў з ЗША, на які плянуюць увесьці дадатковыя мыты, галасаваньне аб мерах у адказ чакаецца 9 красавіка.
  • Кітай таксама абяцаў прыняць «жорсткія контразахады» ў адказ на мыты ЗША. 4 красавіка Кітай аб’явіў пра ўвядзеньне мытаў у 34% на ўсе амэрыканскія тавары ў адказ на дзеяньні Трампа. Акрамя таго, Пэкін дадаў 16 кампаніяў ЗША ў сьпіс экспартнага кантролю і абмежаваў экспарт тавараў, зьвязаных з рэдказямельнымі элемэнтамі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG