Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супольнасьць чыгуначнікаў» паведаміла пра звальненьне тысячы чалавек зь Беларускай чыгункі


Чыгуначны вакзал у Менску
Чыгуначны вакзал у Менску

З пачатку году ў структурах «Беларускай чыгункі» штат супрацоўнікаў скараціўся на 996 чалавек, піша «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі». Таксама паведамляецца, што БЧ мусіць заплаціць па даўгах 300 млн рублёў.

Нядаўна «Супольнасьць чыгуначнікаў» публікавала інфармацыю пра некаторыя прагнозы і вынікі рэалізацыі зацьверджанага намесьнікам прэм'ер-міністра Комплексу мер па павышэньні эфэктыўнасьці працы Беларускай чыгункі. Цяпер жа ініцыятыва дапоўніла і сыстэматызавала дадзеныя пра тое, што адбываецца на БЧ.

Так, у першыя 5 месяцаў гэтага году ў структурах БЧ масава скараціліся штаты супрацоўнікаў, іх аптымізавалі на 996 «штатных адзінак», паведамляе «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» па выніках аналізу дакумэнтаў і справаздачы Беларускай чыгункі.

На пачатку красавіка «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» з спасылкай на апублікаваны дакумэнт па аптымізацыі арганізацый Мінтранса на 2023 год паведамляла, што ў арганізацыях міністэрства зьбіраюцца звольніць больш за 2600 чалавек. Зь іх каля 2000 — гэта работнікі Беларускай чыгункі. У Мінтрансе гэтую інфармацыю назвалі «ўкідам».

Пры гэтым у сакавіку на БЧ назіраўся недахоп кадраў.

Звальненьні тут адбываюцца і з палітычных прычын. Напрыклад, у траўні пасьля выбухаў на чыгунцы ў Бранскай вобласьці на БЧ пачаліся затрыманьні і звальненьні.

Па дадзеных «Супольнасьці чыгуначнікаў», на сакавік 2023 году ў арганізацыях БЧ налічвалася 64 603 работнікі.

Цяпер, паводле зьвестак супольнасьці, БЧ спрабуе зьнізіць пазыковую нагрузку. Перад Банкам разьвіцьця і «Беларусбанкам» пад гарантыі ўраду плянуецца рэструктурызаваць даўгі па аблігацыйных пазыках на суму 100 млн даляраў. Іх пагашэньне плянавалася ў чэрвені 2023 году. Агулам сёлета Беларуская чыгунка выплаціць па даўгах больш за 300 млн даляраў.

Што тычыцца фінансавых вынікаў, то чакаецца, што выручка ад рэалізацыі па асноўнай дзейнасьці БЧ за студзень-травень складзе 1 млрд 560 млн рублёў (на 5,6% ніжэй за ўстаноўлены плян і на 5% да аналягічнага пэрыяду 2022 году). Выручка па перавозках указаная ў памеры 1,358 млрд рублёў, што на 6,9% ніжэй за плян і на 4,1% вышэй, чым у тым жа пэрыядзе мінулага году.

Па выніках пяці месяцаў, як адзначаюць у супольнасьці, экспарт транспартных паслуг чыгуначнага транспарту склаў 79 працэнтаў пры пляне 103 працэнты. Рэнтабэльнасць продажаў вырасла да 7,3 працэнта. Чыстыя страты — 100 млн рублёў, пры тым, што плянаваўся чысты прыбытак 14,1 млн рублёў.

На велічыню страт асноўны ўплыў аказвае стратнасьць унутрырэспубліканскіх пасажырскіх перавозак (каля 278 млн рублёў), неабходнасьць пакрываць з прыбытку такія выдаткі, як абслугоўваньне пазыковых рэсурсаў, прыцягнутых на рэалізацыю інфраструктурных праектаў, на закуп рухомага складу і на фінансаваньне бягучай дзейнасьці БЧ (107 млн рублёў), адмоўнае сальда курсавых розьніц (81 млн рублёў).

Нягледзячы на фінансавыя цяжкасьці, плянуецца набыцьцё рознымі арганізацыямі і структурамі ў 2023 годзе каля 3 тысяч вагонаў. Адначасова з гэтым у дакумэнтах прапісана скарачэньне расходаў БЧ на ўтрыманьне і эксплюатацыю спэцыялізаваных вагонаў за кошт продажу або паэтапнай перадачы да 8250 такіх вагонаў розным структурам.

Для набыцьця ў лізінг вагонаў БЧ плянуюць выдзеліць сродкі з бюджэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG