Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія спэцслужбы ўвялі кантроль на мяжы зь Беларусьсю. Спыталі ў BelPol, навошта


Мяжа Беларусі з Расеяй, ілюстрацыйнае фота
Мяжа Беларусі з Расеяй, ілюстрацыйнае фота

Інфармацыя аб тым, што расейцы масава спыняюць на мяжы для праверак транспарт, які накіроўваецца з Беларусі ў Расею, зьявілася на мінулых выходных. Час у чэргах на праверку дасягае некалькіх гадзін.

Паведамленьні пра тое, што на мяжы Беларусі і Расеі адбываецца паўнавартасны кантроль з праверкай дакумэнтаў і аглядам аўтамабіляў і аўтобусаў, зьявіліся ў тэлеграм-чатах на тэму перасячэньня беларуска-расейскай мяжы у мінулую суботу, 26 красавіка. У нядзелю карыстальнікі тэлеграм-каналаў пачалі пісаць пра гэта яшчэ больш, далучаючы відэа з чэргамі аўтамабіляў. З словаў удзельнікаў абмеркаваньня, некаторыя зь іх правялі ў чэргах на мяжы Беларусі і Расеі дзьве і нават больш гадзін. Дакумэнты і аўтамабілі, паводле тых жа допісаў, правяраюць людзі ў вайсковай форме.

Удзельнікі памежных чатаў абмяркоўваюць, калі і дзе лепш перасякаць мяжу, каб унікнуць чаканьня ў чэргах. Паводле гэтых допісаў, праверкі праходзяць падчас уезду ў Расею зь Беларусі. Чэргаў на ўезд у Беларусь няма.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

2 гадзіны на мяжы

Інфармацыю аб увядзеньні кантролю на беларуска-расейскай мяжы выданьню «Зеркало» пацьвердзілі ў Памежным камітэце Беларусі, адначасова заявіўшы, што гэта ініцыятыва расейскага боку, беларускіх памежнікаў на мяжы з Расеяй па-ранейшаму няма.

«Гэта расейцы, а ня мы. Яны там упускаюць і выпускаюць, — цытуе дзяжурнага Памежнага камітэту Беларусі выданьне. — Беларускі Дзяржаўны памежны камітэт на пунктах пропуску з Расеяй не прысутнічае і не ажыцьцяўляе кантролю. Калі гэта адбываецца, то праверкі праводзяць толькі расейцы».

Праверкі дакумэнтаў на мяжы Беларусі і Расеі ладзяць пэрыядычна. Мінулым разам гэта адбылося на пачатку траўня 2023 году. Ініцыятарам працэдуры тады быў беларускі бок, а зьяўленьне памежнікаў на мяжы з РФ у беларускім Памежным камітэце тлумачылі падрыхтоўкай да ўзаемнага прызнаньня візаў Менскам і Масквой.

Узаемнае прызнаньне візаў (калі ў Беларусь можна прыехаць, маючы расейскую візу, і наадварот. — РС) пачало дзейнічаць 11 студзеня 2025 году. Кантроль на беларуска-расейскай мяжы зноў зьявіўся праз тры з паловай месяцы. Пра магчымыя прычыны гэтага ў размове з Свабодай расказаў прадстаўнік ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар. Паводле яго інфармацыі, дзеяньні расейцаў выкліканыя жаданьнем узмацніць захады бясьпекі напярэдадні ўрачыстасьцяў з нагоды Дня перамогі 9 траўня.

«Мы ўдакладнялі гэтае пытаньне ў сваіх крыніц у Беларусі, — кажа ў размове з Свабодай Жыгар. — Большасьць іх сыходзіцца ў думцы, што гэта прэвэнтыўныя меры расейскіх спэцслужбаў, прымеркаваныя да 9 траўня. Яны цудоўна разумеюць, што на тэрыторыю Беларусі могуць быць завезеныя выбуховыя рэчывы. Тэарэтычна гэта можа быць. І з улікам адсутнасьці памежнага кантролю, каб зьменшыць магчымасьць завозу выбуховых рэчываў, і ўведзеныя такія формы кантролю».

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

Паводле Ўладзімера Жыгара, кантроль дакумэнтаў і агляд аўтатранспарту можа быць скасаваны пасьля завяршэньня сьвяткаваньняў у залежнасьці ад апэратыўнай сытуацыі. Расейцы будуць дзейнічаць адпаведна сваім нарматыўным актам і загадам кіраўніцтва. Скасаваць кантроль на мяжы зь Беларусьсю могуць як імгненна, так і празь некалькі дзён пасьля сьвяткаваньняў.

Аўтамабіль з выбухоўкай

Афіцыйна расейскія спэцслужбы навіну аб кантролі на мяжы зь Беларусьсю не камэнтавалі. 6 красавіка ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі паведамілі пра затрыманьне аўтамабіля з 580 кіляграмамі выбухоўкі, якую нібыта спрабавалі правезьці празь беларуска-польскую мяжу, каб далей транспартаваць у Расею. Паводле беларускіх памежнікаў, за стырном мікрааўтобуса быў 41-гадовы кіроўца, яго затрымалі на пункце пропуску «Берасьце». Польскі бок празь некалькі дзён пасьля заявы беларускіх сілавікоў назваў здарэньне правакацыяй.

Ці магла гэтая гісторыя паўплываць на рашэньне расейцаў увесьці кантроль на мяжы зь Беларусьсю? З словаў Уладзімера Жыгара, прычына хутчэй у іншым.

«Я ня думаю, што зьяўленьне кантрольных пунктаў на мяжы Беларусі і Расеі наўпрост зьвязанае зь нядаўнім затрыманьнем аўтамабіля з выбухоўкай на беларуска-польскай мяжы, — кажа Жыгар. — Там увогуле гісторыя дастаткова складаная. Цёмная і неадназначная, я б так сказаў. Мы зьвязваем зьяўленьне кантролю з будучымі сьвяткаваньнямі».

На 9 траўня ў Маскве прызначаны вайсковы парад і афіцыйная частка сьвяткаваньняў. Некаторыя імпрэзы пачнуцца ўжо 1 траўня і расьцягнуцца да 11 траўня. Удзельнікі памежных чатаў у Тэлеграме адзначаюць, што пакуль пік чэргаў на мяжы зь Беларусьсю прыпаў на выходныя, раяць карыстацца менш ажыўленымі дарогамі і ехаць у Расею зь Беларусі ў будзённыя дні.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ці сьведчыць увядзеньне дадатковага кантролю з боку Расеі аб тым, што расейскія сілавікі не давяраюць сваім беларускім калегам? Уладзімер Жыгар кажа, што абмен апэратыўнай інфармацыяй адбываецца пастаянна і нельга сказаць, што расейцы не давяраюць беларускім сілавікам.

«Расейскія спэцслужбы пастаянна атрымліваюць інфармацыю ад беларускіх, абмен зьвесткамі адбываецца, — гаворыць прадстаўнік BelPol. — Я б ня ставіў пытаньне так, што расейцы не давяраюць беларусам і таму самі вырашылі пракантраляваць транспарт на мяжы. Проста ў расейцаў ёсьць свая задача, якую яны павінны выконваць. Яны могуць ня ставіць пад пытаньне прафэсіяналізм беларускіх сілавікоў, але выконваць сваю задачу па ахове дзяржаўнай мяжы».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG