Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супольнасьць чыгуначнікаў»: У Беларусь прыбыў расейскі вайсковы эшалён з акупаванай Валнавахі


На гэтым тыдні аднавілася перамяшчэньне вайсковых эшалёнаў Узброеных сілаў Расеі па тэрыторыі Беларусі

Як паведамляе Zarkalo са спасылкай на «Супольнасьць чыгуначнікаў», 11 траўня са станцыі акупаванай расейскімі войскамі ўкраінскай Валнавахі на станцыю Заслонава ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласьці быў адпраўлены вайсковы эшалён № 961, у складзе якога знаходзілася 45 вагонаў і плятформаў (чатыры вагоны пасажырскія, два крытыя з рыштункам, 39 плятформаў з вайсковай тэхнікай).

На станцыю прызначэньня састаў эшэлён 18 траўня.

Паводле «Супольнасьці чыгуначнікаў» 17 траўня са станцыі Заслонава на станцыю Гукава (Паўночна-Каўкаская чыгунка Расеі) быў адпраўлены вайсковы эшалён № 962, у складзе якога знаходзіліся вагоны з рыштункам, асабовым складам Узброеных сілаў РФ і плятформы з колавай і гусенічнай вайсковай тэхнікай. Разьліковая дата прыбыцьця на станцыю прызначэньня — 22 траўня.

«Па прыбыцьці на станцыю Гукава (Паўночна-Каўкаская чыгунка) будзе праведзена зьмена лякаматыва і лякаматыўнай брыгады (далейшае сьледаваньне да станцыі прызначэньня ажыцьцяўляецца лякаматывамі і лякаматыўнымі брыгадамі самаабвешчанай ДНР). Пасьля зьмены брыгады эшалён адправіцца далей на станцыю Чырвоная Магіла (Дэбальцаўскае аддзяленьне, Данецкая чыгунка) і далей у бок Дэбальцава — Вуглягорск», — піша «Супольнасьць чыгуначнікаў».

Таксама 14 траўня быў адпраўлены расейскі эшалён з 45 вагонаў са станцыі Палонка (Баранавіцкі раён). Сюды прыбылі два эшалёны з Расеі па 40 вагонаў у кожным — 15 і 16 траўня.

  • Днямі кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў выказаў сумнеў, што з тэрыторыі Беларусі цяпер магчымы напад на Ўкраіну. Ён сказаў, што «Лукашэнка не ідыёт» і вынес урокі з ранейшага, а таксама спаслаўся на тое, што зь Беларусі ўжо вывезеныя практычна ўсе боепрыпасы, выкарыстоўваюцца толькі палігоны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG