Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампаніі Маска дазволілі тэставаць на людзях чыпы для мозгу


Кіраўнік Neuralink Ілан Маск
Кіраўнік Neuralink Ілан Маск

Перадача сыгналаў мозгу будзе ажыцьцяўляцца праз Bluetooth.

Праект кампаніі Neuralink дазваляе разьмяшчаць тысячы электродаў на вонкавай паверхні чалавечага мозгу. Набор ахвотнікаў удзельнічаць у клінічных выпрабаваньнях пачнецца неўзабаве, піша DW.

Кампанія амэрыканскага бізнэсоўца Ілана Маска Neuralink, якая стварае чыпы для мозгу, атрымала дазвол праводзіць клінічныя выпрабаваньні:

«Мы рады паведаміць, што атрымалі дазвол FDA (Food and Drug Administration, Упраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў. — Рэд.) на запуск нашага першага клінічнага дасьледаваньня на людзях», — паведаміла Neuralink у мікраблогу Twitter у пятніцу, 26 траўня.

У паведамленьні выказаная ўпэўненасьць у тым, што тэхналёгія Neuralink дазволіць дапамагчы шмат якім людзям. Кампанія таксама паведаміла, што набор ахвочых удзельнічаць у першых клінічных выпрабаваньнях яшчэ не пачаты, але дадатковая інфармацыя будзе абнародавана неўзабаве.

У пачатку сакавіка агенцтва Reuters, спасылаючыся на цяперашніх і былых супрацоўнікаў Neuralink, паведамляла, што FDA адмовіла Маску і яго кампаніі ў просьбе выпрабоўваць чыпы на людзях. Агенцтва тады пазначыла дзясяткі праблем, якія кампанія павінна вырашыць, перш чым праводзіць досьледы.

Перадача сыгналаў мозгу па Bluetooth

Neuralink — кампанія Маска па распрацоўцы нэўрачыпа. Ён дазволіць перадаваць сыгналы мозгу па Bluetooth. Такім чынам, зь яго дапамогай можна будзе кіраваць кампутарам або смартфонам. Мяркуецца, што капсула-прымач будзе мацавацца за вухам, як слыхавы апарат. Ад яе да мозгу будуць ісьці ніткападобныя электроды. Усяго ў мозг імплянтуюць да 1500 электродаў, кожны зь якіх у чатыры разы танчэйшы за чалавечы волас.

Па словах Маска, чып дазволіць кантраляваць гармоны, спраўляцца з трывожнасьцю і нават прымусіць мозг працаваць больш эфэктыўна. Першыя выпрабаваньні праведзены ўжо на пацуках і малпах і былі пасьпяховымі, сцьвярджаў прадпрымальнік.

У сьнежні Reuters паведамляў аб расьследаваньні ў дачыненьні да Neuralink з прычыны скаргаў на жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Супрацоўнікі кампаніі сцьвярджалі, што выпрабаваньні на жывёлах праводзяцца ў сьпешцы і прыводзяць да іх пакут і гібелі. У распараджэньні агенцтва апынуліся дзясяткі дакумэнтаў Neuralink, якія сьведчаць аб тым, што няўдалыя тэсты даводзілася паўтараць, што павялічвалася колькасьць жывёлаў, якія тэстуюцца і забіваюцца падчас экспэрымэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG